Шматлікія ўраджэнцы нашай краіны ўпісаныя ў гісторыю мастацтва. Імёны адных добра вядомыя на радзіме, іншыя яшчэ трэба па-сапраўднаму адкрыць для шырокай публікі. «Планета Беларусь» прапануе вашай увазе рэйтынг, складзены аўтарытэтным сайтам Pantheon. Ён можа падацца спрэчным, аднак трэба мець на ўвазе, што ў аснове ляжыць даволі просты прынцып: цікавасць да той ці іншай асобы з боку карыстальнікаў Вікіпедыі, да таго ж, у міжнародным маштабе, а не толькі ў яе расійска - і беларускамоўным сегментах. Адпаведна, і месца, якое яна займае ў рэйтынгу, з часам можа змяняцца.
Першае месца, якое ў ім аддадзена Марку Шагалу, наўрад ці нехта пажадае аспрэчыць. Гэты мастак лічыцца адным з самых яскравых і вядомых прадстаўнікоў авангарду, ягоныя карціны прадаюцца за рэкордныя сумы, а імя без перабольшання вядома па ўсім свеце. Габрэйскі хлопчык, які з’явіўся на свет у Віцебску і атрымаў ад нараджэння імя Моўша, наўрад ці марыў аб падобнай вядомасці. Маляваць ён вучыўся ў майстэрні мясцовага мастака Юдэля Пэна, а потым з’ехаў у Санкт-Пецярбург, дзе быў прыняты адразу на трэці курс школы пры Таварыстве заахвочвання мастацтваў.
Марк Шагал. Віцебск, Бернардынскі, 1917
Дом-музей Марка Шагала ў Віцебску
Помнік Марку Шагалу ў Віцебску.
Арт-цэнтр Марка Шагала ў Віцебску
Марк Шагал працягнуў сваю мастацкую адукацыю ў Парыжы, дзе і пачаўся па-сапраўднаму яго пакручасты шлях да славы. Перш чым стаць сусветна вядомым мастаком, Марк Шагал паспеў пабываць у ролі ўпаўнаважанага камісара па справах мастацтваў Віцебскай губерні, а таксама выкладчыкам працоўнай школы-калоніі для беспрытульных. Ён не толькі маляваў карціны, але таксама захапляўся скульптурай і керамікай, складаў вершы на ідыш, займаўся сцэнаграфіяй. Марк Шагал распісаў купал Гран-Опера і мноства сінагог, каталіцкіх і лютэранскіх храмаў.
Падобным чынам склаўся лёс іншага жывапісца з беларускімі каранямі, які апынуўся на другім месцы рэйтынгу. Гаворка ідзе, вядома ж, пра Хаіма Суціна, родным горадам якога з’яўляюцца Смілавічы. Перш чым праславіцца, будучаму мастаку прыйшлося збегчы з дому (бацькі не ўхвалялі яго жадання займацца жывапісам). Транзітам праз Мінск і Вільнюс Хаім Суцін таксама апынуўся ў сталіцы Францыі, няхай і на два гады пазней за Марка Шагала.
Хаім Суцін. Рыба і памідоры, 1924
Абодва землякі некаторы час жылі пад адным дахам у знакамітым інтэрнаце для небагатых мастакоў «Вулей». Хаіму Суціну спатрэбілася 10 гадоў, каб выбрацца з галечы. Толькі напрыканцы 1920-х гадоў адбылася ягоная першая персанальная выстава. Сёння карціны мастака прадаюцца на аўкцыёнах за мільёны даляраў. Не так даўно тры з іх апынуліся ў Беларусі.
Імя Восіпа Цадкіна, які таксама нарадзіўся ў Віцебску, вядома беларусам куды меней. Аднак гэта не перашкодзіла яму замкнуць сімвалічную тройку. Цікава, што з 1900 па 1902 гады ён вучыўся ў адным класе з Маркам Шагалам, які тады яшчэ зваўся Моўшам. Аднак шляхі двух класікаў сусветнага выяўленчага мастацтва неўзабаве разышліся, калі Восіпа Цадкіна адправілі на поўнач Англіі да сваякоў маці, менавіта там ён вучыўся ў мясцовай мастацкай школе.
Восіп Цадкін. Музыкі, 1927
У 1910-х гадах Восіп Цадкін апынуўся ў даволі вядомым «Вулеі», неўзабаве ён атрымаў прызнанне, а ў 1921 годзе выйшла першая манаграфія, прысвечаная гэтаму скульптару. Да таго часу ён паспеў паўдзельнічаць у Першай сусветнай вайне і дэмабілізавацца пасля атручання баявым газам. Лічыцца, што творчасць Восіпа Цадкіна блізкая да экспрэсіянізму. Хоць ён вядомы найперш як скульптар-авангардыст, Восіп Цадкін таксама займаўся гравюрай і складаў вершы.
Лейб-Хаім Розенберг, які з’яўляецца ўраджэнцам Гродна, увайшоў у гісторыю жывапісу пад псеўданімам Леў Бакст. Ён вырас у артадаксальнай яўрэйскай сям’і і ў 17 гадоў дасягнуў першага поспеху перамогай ў конкурсе на лепшы партрэт Жукоўскага. Леў Бакст прайшоў поўны курс Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу, але фармальна так яе і не скончыў — працу «Аплакванне Хрыста» палічылі занадта наватарскай, хоць фармальнай падставай для адлічэння стаў кепскі зрок.
Леў Бакст. Эскіз дэкарацыі да балета «Пасляпаўдзённы адпачынак фаўна», 1911
Льва Бакста зрабіла вядомым графіка, якую ён публікаваў у часопісах «Апалон», «Шалі» і інш. Аднак яго ведаюць у першую чаргу як аўтара наватарскіх дэкарацый да тэатральных пастановаў. Шмат у чым дзякуючы Льву Баксту сусветнае прызнанне набылі пастаноўкі «Рускага балета» Сяргея Дзягілева. Прычым публіка звярнула ўвагу і на касцюмы, так што ў 1910-х гадах ён усур’ёз заняўся дызайнам адзення. Акрамя таго, Леў Бакст стаў аўтарам шматлікіх эсэ, крытычных артыкулаў аб мастацтве і прозе.
Ірвінг Берлін — яшчэ адно імя, якое значна лепш вядома на Захадзе, чым у Беларусі. Яго малой радзімай з’яўляецца Талачын. Менавіта там з’явіўся на свет Ізраіль Бейлін, які стаўся пасля аўтарам шматлікіх папулярных эстрадных песень, уключаючы «Божа, дабраславі Амерыку» — неафіцыйнага гімна ЗША. Каб гэта здарылася, сямя будучага славутага кампазітара была вымушана эміграваць.
Гэта адбылося ў 1893 годзе. Адсутнасць сістэматычнай музычнай адукацыі не перашкодзіла Ірвінгу Берліну зрабіць кар’еру музыкі: ён пачаў з заробку спевамі на вуліцы, а скончыў тым, што тагачасны прэзідэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы ўзначальваў жалобную калону, якая рухалася за труной кампазітара, які стаў легендай яшчэ пры жыцці .
Станіслаў Манюшка, які нарадзіўся ў фальварку Убель (цяпер гэта Чэрвеньскі раён), лічыцца стваральнікам польскай нацыянальнай оперы. Аднак у беларусаў на гэты конт сваё меркаванне. Першым настаўнікам Станіслава Манюшкі стала ягоная маці. Музычную адукацыю ён працягнуў у Варшаве, Мінску і Берліне, затым уладкаваўся ў Вільні, дзе пражыў 22 гады, распачаўшы між справамі няўдалую спробу стаць прыдворным кампазітарам у Воперным тэатры Санкт-Пецярбурга, і скончыў сваё жыццё выкладчыкам Варшаўскай музычнай школы.
Станіслаў Манюшка пачаў са складання песняў, якія выходзілі асобнымі зборнікамі, ствараў вадэвілі, музычныя камедыі і іншыя творы лёгкага жанру, але паступова «дарос» да нацыянальных операў, якіх набралася ў выніку 15. Прычым лібрэта для шматлткіх з іх напісаў класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Станіслаў Манюшка стаў аўтарам музыкі для цэлага шэрагу тэатральных і балетных пастановаў, кантатаў, духоўнай музыкі.
Помнік Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу на плошчы Свабоды ў горадзе Мінску.
Родным горадам для Браніславы Ніжынскай з’яўляецца Мінск, няхай і пражыла знакамітая балерына ў ім не так доўга. Яе імя збольшага застаецца ў цені больш вядомага брата — Вацлава Ніжынскага. Можна сказаць, што жыццёвы шлях абодвух быў прадвызначаны, бо яны з’явіліся на свет у сям’і танцоўшчыкаў. Браніслава разам з братам паступіла ў Тэатральную вучэльню (Санкт-Пецярбург), а пасля яго сканчэння была прынята ў трупу Марыінскага тэатра.
Аднак сапраўднае прызнанне Браніславе Ніжынскай прынеслі «Рускія сезоны» Сяргея Дзягілева. Яе называлі не толькі выбітнай танцоркай, але і лепшым балетмайстрам гэтай антрэпрызы. Пачынаючы з 1921 года Браніслава Ніжынская працавала харэографам, а пасля і педагогам. Пасля пераезду ў ЗША, які адбыўся ў 1938 годзе, яна адчыніла ўласную балетную школу.
Антуан Пеўзнер з’яўляецца ўраджэнцам Клімавічаў. Ён паходзіў з яўрэйскай сям’і і пры нараджэнні атрымаў імя Натан. Пасля сканчэння Кіеўскай мастацкай вучэльні Антуан Пеўзнер паступіў у Акадэмію мастацтваў (Санкт-Пецярбург). Разам са сваім братам Навумам Габа ён выдыў у 1920 годзе «Рэалістычны маніфест» і шмат у чым дзякуючы гэтаму лічыцца адным з заснавальнікаў мастацкай плыні, вядомай як канструктывізм.
Асноўныя ідэі канструктывізму Антуан Пеўзнер, які праславіўся як жывапісец і скульптар, развіваў у сваіх творах (яны захоўваюцца ў знаных музеях свету), стварыўшы з часам так званае кінэтычнае мастацтва. Антуан Пеўзнер узначальваў салон Новых рэальнасцяў, які апаўплываў на развіццё сучаснага мастацтва, быў удзельнікам венецыянскай Біенале 1958 года і многіх іншых выставаў.
Малой радзімай знакамітага музыкі Чэслава Немэна з’яўляецца в. Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна. У мясцовым касцёле ягоны бацька служыў арганістам. Сапраўднае прозвішча аднаго з самых вядомых прадстаўнікоў руху прагрэсіў-рок — Выджыцкі. Свой сцэнічны псеўданім ён узяў у гонар ракі Нёман, якая цячэ паблізу.
Чэслаў паспеў павучыцца ў Гродзенскай музычнай вучэльні па класе домры, перш чым яго сям’я вырашыла вярнуцца на гістарычную радзіму. Сапраўдную папулярнасць Чэславу Немену прынес ўдзел у ансамблі «Niebiesko-Czarni», там жа выступалі і іншыя польскія зоркі, аднак Чэслаў Немэн параўзышоў іх вядомасць. Ягоны талент быў шматгранным: Чэслаў Немэн таксама быў выканаўцам духоўных твораў, эксперыментаваў у плыні электроннай музыкі і нават запісаў альбом рускіх песняў.
У доме-музеі Чэслава Немэна ў Старых Васілішках.
Уладзіслаў Страмінскі нарадзіўся ў Мінску. Ягоны бацька быў этнічным палякам, які зрабіў кар’еру ў расійскім войску. Уладзіслаў Страмінскі вырашыў пайсці па прыкладзе бацькі: ён скончыў 3-ці Маскоўскі кадэцкі корпус, а потым і Мікалаеўскае інжынернае вучылішча ў Санкт-Пецярбургу, атрымаўшы званне падпаручніка. Перад самым пачаткам Першай сусветнай вайны Уладзіслава Страмінскага адправілі на службу ў Асавецкую крэпасць, якая цярпела працяглую аблогу. Самым вядомым эпізодам аблогі стала так званая Атака мерцвякоў, якую на завяршальным этапе ўзначаліў менавіта Уладзіслаў Страмінскі.
Уладзіслаў Страмінскі. Прылады і прадукты вытворчасці, 1920 год
Ягоныя подзвігі на фронце скончыліся цяжкімі раненнямі, якія каштавалі маладому афіцэру правай нагі і часткі левай рукі. Аднавіўшыся, Уладзіслаў Страмінскі вырашыў стаць мастаком і далучыўся да руху, вядомага як супрэматызм (найбольш вядомым яго прадстаўніком быў Казімір Малевіч). Пасля пераезду ў Польшчу ў 1922 годзе ён стварыў авангардысцкую суполку «Блок», якая выдавала аднайменны часопіс. Уладзіслаў Страмінскі лічыцца заснавальнікам так званага унізму. Яму таксама належыць цыкл малюнкаў пад назвай «Заходняя Беларусь», створаны ў Вілейцы, куды сям’я Уладзіслава Страмінскага перабралася ў 1939 годзе, ратуючыся ад вайны.