Да іх носяць кветкі, манеты, ручнікі, садавіну і гародніну, шануюць іх і распавядаюць паданні. Кожны з каменных крыжоў Беларусі мае сваю даўнюю гісторыю. З навуковага пункту гледжання паходжанне крыжоў, што «растуць» з зямлі ці выпраменьваюць цеплыню, патлумачыць складана. І пакуль адказы на пытанні пра незвычайныя уласцівасці рэліквіяў яшчэ наперадзе, мы прапануем павандраваць па Беларусі да найбольш шанаваных каменных крыжоў ды ўзгадаць некалькі легендаў, звязаных з імі. Такім чынам наведаем Тураўскія крыжы, якія маюць рознае паходжанне, але аднолькава шануюцца месцічамі, «каменных дзевачак» у Лельчыцкім раёне, прыдарожны каменны крыж у Палачанах ды іншыя цікавыя мясціны.
Каменная дзевачка. Фота: slushna.by
Цудадзейныя крыжы
Тураў, Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці
Пачнем наш «топ» з так званых цудадзейных крыжоў у Тураве. Адзін крж стаіць каля новай праваслаўнай царквы, што ў цэнтры Турава, другі — у старой драўлянай царкве Усіх Святых. Паводле легенды гэтыя крыжы ў Х стагоддзі прыплылі па Дняпры і Прыпяці з Кіева супраць плыні, а калі іх паспрабавалі выцягнуць, вада стала чырвоная ад крыві, што сімвалізуе гвалтоўнасць працэсу хрышчэння мясцовага насельніцтва ў новую веру. Ёсць меркаванне, што самі крыжы былі высечаныя з колішніх язычніцкіх стодаў.
Тураўскі крыж. Фота: welcome-belarus.by
Паданне сведчыць, што крыжоў было 10 ці нават 20. Па прыбыцці ў Тураў яны былі ўсталяваныя на пачэсным месцы ля ракі, дзе знаходзіліся ажно да ХХ стагоддзя. Крыжы лічыліся месцічамі і шматлікімі пілігрымамі цудадзейнымі і здольнымі лекаваць шматлікія хваробы.
Тураўскі крыж
Калі прыйшла савецкая ўлада на Тураўшчыну, крыжы патапілі, але ў 1937 годзе яны ўсплылі зноў ў розны месцах Прыпяці. Доўгі час два каменныя крыжы вышынёй каля двух метраў захоўваліся ў мясцовай драўлянай царкве Усіх Святых, узведзенай ў 1810 годзе. Ад нядаўняга часу адзін з іх перанеслі бліжэй да новый царквы ў адмыслова пабудаваную для крыжа капліцу.
Тураўскі крыж. Фот: poshyk.info
«Цёплыя» крыжы, што растуць з зямлі
Тураў, Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці
Лідар па колькасці каменных крыжоў — Тураў. На могілках, што месцяцца непадалёк ад музея, на тэрыторыі колішняга Барысаглебскага кляштара, «растуць» з зямлі яшчэ два знакамітыя каменныя крыжы. Ніхто да сёння не можа патлумачыць, чаму крыжы вырастаюць з зямлі, але месцічы сцвярджаюць, што кожны год яны павялічваюцца на некалькі міліметраў.
Крыж на тураўскіх могілках. Фота: static.tildacdn.com
Шматлікія пілігрымы наведваюць Тураў і праз гаючыя асаблівасці гэтых крыжоў. А самым адчувальным месцічы раяць пераканацца ў тым, што крыжы выпраменьваюць цяпло, асабліва гэта адчуваецца ўзімку на адлегласці двух сантыметраў ад помнікаў. Крыжы на могілках знайсці няцяжка: каля іх пабачыце шмат яскравых стужак ды кветак.
Крыж на тураўскіх могілках. Фота: monument.goub.by
Святы крыж
Пагост, Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці
Крыж знаходзіцца у праваслаўнай царкве вёскі Пагост, што на Тураўшчыне. Гэты крыж, паводле легенды, таксама усплыў з Прыпяці пасля патаплення ў Тураве. Крыж быў усталяваны ў храме Узвіжання Святога Крыжа, узведзенага на месцы капліцы, у якой рэліквія была размешчана пасля таго, як крыж зноў аб’явіўся на Прыпяці.
Каменны крыж у вёсцы Пагост
З той старадаўняй капліцай звязаная легенда, паводле якой пасля з’яўлення артэфакт доўга ляжаў на беразе ракі, пакуль мясцоваму манаху, які аслеп, у сне не прымроіўся голас, які наракаў на занядбанасць каменнай рэліквіі. Тады святар і пабудаваў капліцу, дзе крыж заняў пачэснае месца. Вядома, зрок да святара адразу ж вярнуўся. Сёння месцічы звяртаюцца да крыжа па дапамогу адносна хваробаў вачэй. Асноўнае пілігрымаванне ў Пагост адбываецца на свята Узвіжання Святога Крыжа.
Крыж у вёсцы Пагост
Нягледзячы на тое, што Святы крыж у Пагосце размешчаны ў храме, яго па традыцыі працягваюць аздабляць стужкамі, ручнікамі, фартушкамі, кветкамі. Месцічы распавядаюць пра тое, што ўсе, хто верыць у лекавыя ўласцівасці крыжа, могуць саскабліць з паверхні крыжа пясчынкі. Гэтыя пясчынкі здаўна было прынята ўжываць у якасці лекаў (але мы не раім так рабіць).
Каменныя дзевачкі
Данілевічы, Баравое, Лельчыцкі раён Гомельскай вобласці
Так званых «каменных дзевачак» можна пабачыць у вёсках Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Мясцовыя жыхары шануюць гэтыя каменныя крыжы, турбуюцца пра іх, як пра жывых дзяўчынак, ахоўваюць, прыбіраюць і шчыра вераць у іх звышнатуральную сілу. Традыцыя шанавання гэтых крыжоў мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.
Каменныя дзевачкі. Фота: ocntgomel.by
Гісторыю гэтых каменных крыжоў можна даведацца з мясцовай легенды. Яна сведчыць, што на месцах, дзе сёння знаходзяцца «каменныя дзевачкі», былі палі, на якіх разам з дарослымі працавалі і дзеці. Адна жанчына са сваёй дачкой там жала жыта. Раптам на небе з’явілася вялікая чорная хмара. На матчын загад хутчэй збіраць снапы дзяўчынка адказала, што вельмі стамілася. Тады маці абурылася ды неасцярожна выгукнула ў бок дзяўчынкі, каб лянотніца скамянела. У той жа час грымнуў гром ды бліснула маланка, а калі развіднелася, жанчына ўбачыла, што на тым месцы, дзе была яе дачка, стаіць камень.
Каменныя дзевачкі. Фота: ocntgomel.by
Месцічы шануюць сваіх дзяўчынак, ахвяруюць ім ручнікі, апранаюць хусткі, упрыгажэнні, кветкі, прыносяць пачастункі. Пакідаючы нешта для «дзевачак» людзі просяць у камянёў здароўя, шчасця, дабрабыту. Асноўны час шанавання крыжоў — на досвітку перад Вялікаднем. Тады жанчыны пераапранаюць «дзевачак», прыносяць новыя падарункі, а старое адзенне ды ахвяраванні аддаюць агню. Таксама перад камянямі людзі моляцца, спяваюць псальмы ды чытаюць духоўныя вершы.
Прыдарожны каменны крыж
Палачаны, Маладзечнаскі раён, Мінская вобласць
Гэты прыдарожны каменны крыж можна пабачыць на скрыжаванні дарог ля вёсак Палачаны і Яхімоўшчына, што каля дваццаці кіламетраў ад Маладзечна. Месцічы вераць у звышнатуральную моц крыжа, у ягоныя лекавыя ўласцівасці, праз што шануюць яго ўжо напрацягу не аднога стагоддзя.
Прыдарожны крыж ля вёскі Палачаны
З гэтым крыжом звязаныя некалькі легендаў. Адна з іх, вядома, пра скарб Напалеона, закапаны пад крыжом ды пра скарбашукальнікаў, якім крыж саступаў месца, штораз з’яўляючыся на ранейшым месцы, калі тыя сканчалі пошукі. Ёсць і больш старажытная пра аканома шляхецкай сядзібы ў Яхімоўшчыне, які прысніў крыж, каторы знаходзіўся непадалёк на яхімоўскім балоце. Крыж чалавечым голасам прасіў перавезці яго на скрыжаванне дарог. Вядома, аднога сна аканому не хапіла, каб паверыць у невыпадковасць, і прысніў ён другі. Пасля ён звярнуўся да гаспадара сядзібы па дапамогу, той выдзеліў коней, каб выканаць запавет незвычайнага каменя. Так мясцовы люд пачаў шанаваць каменны крыж, які быў усталяваны на раздарожжы, маліцца побач з ім. А ў Вялікую Пятніцу жанчыны з навакольных вёсак прыносілі да яго грошы, лён, хлеб і іншыя падарункі. Калі ж мясцовы святар загадаў перавезці крыж да царквы, то нават з валамі люд не даў рады. Так і стаіць той абярэг на сваім месцы да сёння.
Прыдарожны крыжля вёскі Палачаны. Фота: fotobel.by
Зараз крыж ушаноўваюць на дзень святых Пятра і Паўла, да яго пілігрымуюць людзі з навакольных вёсак, павязваюць фартушкі, ручнікі ды стужкі, а на Спаса нясуць да крыжа яблыкі. Месцічы пагаворваюць, што калі тройчы абысці каменны крыж і памаліцца, то магчыма вылекавацца ад хваробаў, на якія пакутаваў чалавек. Усе, хто такім чынам ушануе рэліквію, нібы пачынаюць адчуваць сябе народжанымі наноў. Так яно ці не, варта праверыць асабіста. Што можна сказаць дакладна, дык гэта тое, што навокал крыжа мясціны вельмі маляўнічыя, прыемна прыпыніцца пад высокай ліпай ля старадаўняга абярэга, і на душы надзіва становіцца лягчэй.
Язэп Вараніцкі, Budzma.org