Мы ўжо пісалі пра “Вялікі выхад”, альбо Exodus-1944 – хвалю паваеннай эміграцыі, якая здолела вынесці і захаваць ДНК беларушчыны на Захадзе. Кім жа былі гэтыя людзі? Як знайшлі сябе на берагах Тэмзы і Гудзона? Ці рэальна было “жыць для Беларусі”, знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад яе?..
Мы абралі шэсць персаналіяў – як шэсць канцоў крыжа Еўфрасінні Полацкай, выяўленага на шчыце Пагоні. Чаму? Бо гэта крыж, які неслі гэтыя людзі праз усё жыццё. Часам – сплываючы потам пад яго цяжарам. Часам – прыхіляючыся да яго, каб адпачыць і набрацца сілы, як нашы продкі туліліся да стагадовых дрэваў-волатаў у запаветных дубровах.
Нашых суайчыннікаў-эмігрантаў з той хвалі безліч. І кожны лёс варты асобнага аповеду, а можа, і прыгодніцкага фільма. Сам феномен той хвалі эміграцыі – гэта пакуль не выказаны, не асэнсаваы, не адчуты нацыянальны эпас. “Адысея” ці “Энеіда”, але па-беларуску, але без міфалагічнай афарбоўкі, але ў бязлітасным ХХ стагоддзі.
Ну што, пачнём?
Наталля Арсенева. Голас
Мала на каго з нашых паваенных эмігрантаў было выліта столькі ж бруду ў савецкай прэсе (тая ж газета для дыяспары “Голас Радзімы”, што выходзіла ў БССР), колькі на Наталлю Арсенневу. Падаецца, крохкая жанчына, паэтка, колішняя прыяцелька Максіма Танка, чаго з ёй ваяваць? Але так сталася, што акурат яна стала голасам эміграцыі дзякуючы моцным кранальным вершам, а яшчэ яна была жонкай Франца Кушаля, які спрабаваў ствараць беларускае войска і ў 1918-м, і ў 1944-м.
Адвучылася ў Віленскай беларускай гімназіі, перажыла арышт мужа за панаваннем саветаў у 1939–1941, падчас нямецкай акупацыі ўвайшла ў літаратурнае жыццё настолькі, наколькі хапала сілаў. Рабіла тое, што магла. Сёння мы памятаем яе па маршах “У гушчарах, затканых імглою…” ды “Беларусь, наша маці-краіна”, што ўпершыню прагучалі ў 1943–1944 гадах. Але найперш па нацыянальным духоўным гімне “Магутны Божа”, які дагэтуль спяваюць па абодва бакі акіяна.
Янка Філістовіч. Маланка
Вось падаецца: чаго маладому хлопцу ў канцы 1940-х не сядзелася ў Францыі? Працягваў бы сабе адукацыю ў Лювене ці Сарбоне, пісаў бы ў газеты патрыятычныя артыкулы, цягаўся б па кавярнях ды піўных з сябрамі, ажаніўся б, дажыў да сівых валасоў у атачэнні ўнукаў, назіраючы за стылым вуголлем у каміне… Але ж не. Відаць, ёсць асобы накшталт Каліноўскага (яны з Янкам загінулі ў адным веку), якіх кліча гісторыя. Іх лёс – маланка, жыццяпіс – траекторыя знічкі.
Ужо на эміграцыі ў 25 гадоў Янка робіцца сябрам Рады БНР. Займаецца грамадскай дзейнасцю, выдае часопіс “Маладосць”, а пасля… раптоўна знікае. Выявілася, што ў 1951-м ён быў дэсантаваны ў Заходняй Беларусі для стварэння партызанскай сеткі па загадзе Рады БНР. Ягоны лёс – яшчэ і гісторыя здрады: органам бяспекі яго выдаў колішні школьны сябар, падсыпаўшы снатворнага… Амаль як з Каліноўскім: калі ёсць герой – побач знойдзецца і здраднік. Расстраляны Янка быў у Мінску ў год смерці Сталіна, месца ягонага вечнага спачыну дагэтуль невядомае.
Юрка Віцьбіч. Памяць
Ёсць людзі, чыё жыццё цесна спавітае з мінулым: як металашукальнік бачыць на восеньскім прыбраным полі медзякі ды паўгрошы часоў Вялікага Княства, так і яны скрозь час бачаць цені мінуўшчыны, якіх не заўважаюць іншыя. Нібы жорсткі дыск, яны захоўваюць інфармацыю, каб пасля адкрыць і падзяліцца ёю ў любой частцы свету. Юрка Віцьбіч быў акурат з гэтай абоймы.
У часы кароткай, нібы летні дождж, беларусізацыі за бальшавікамі паспеў надрукаваць свае першыя літаратурныя працы, пасля ўдзельнічаў у навуковых экспедыцыях, фатаграфуючы помнікі старадаўняй Полаччыны, занатоўваючы сівыя паданні. За немцамі паспеў вярнуць мошчы Святой Еўфрасінні ў Полацкую Сафію, якія да таго часу выстаўляліся ў музеі на атэістычнай экспазіцыі. Як жа? Сапраўдны “калабарант-здраднік”…
Ягоныя кнігі, выдадзеныя на эміграцыі, “Плыве з-пад святое гары Нёман” ды “Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі”, можна адшукаць і сёння. Не палянуйцеся, прачытайце!
Аляксандр Надсан. Вера
Знешне айцец Аляксандр, з якім, на жаль, не давялося сустрэцца, заўжды нагадваў мне Гэндальфа з “Уладара пярсцёнкаў”. Добры чараўнік, які заўжды ведае, як трэба, і гатовы дапамагчы. Які не замыкаецца ў высокай вежы са слановай косткі, але заўжды з тымі і там, дзе ён патрэбны. Для якога нават смерць – гэта не канец усяго, а толькі пачатак новага этапу: калі шэрасць змываецца промнямі святла і афарбоўваецца ў белы.
Ад 1946 года, пасля школы кіраўнікоў СБМ у Альберціне ды баёў у складзе Арміі Андэрса з немцамі, Аляксандр Надсан – у Вялікабрытаніі. Пачуўшы пакліканне веры, ідзе ў святары, служыць у грэка-каталіцкай парафіі імя Кірылы Тураўскага ды стварае Бібліятэку імя Ф. Скарыны ў Лондане. Апошняя стала сапраўднай скарбніцай нацыянальных рэліквіяў, якія ў паваеннай Еўропе святар расшукваў па суайчынніках-эмігрантах ды звычайных букіністычных крамах. Ужо ў 1990-я нашы даследчыкі ездзілі туды як у паломніцтва, каб папрацаваць з “Бібліяй” Скарыны, расчытаць рукапісы Коласа, патрымаць у руках турэмную робу Ларысы Геніюш.
Царкоўнае жыццё для айца Аляксандра – гэта не пра залатыя крыжы ды свечкі па 2 рублі. Гэта пра дапамогу людзям. Таму менавіта святар з 1989 году быў старшынёй камітэта дапамогі ахвярам Чарнобыля, а пасля працаваў над адраджэннем грэка-каталіцкіх парафіяў у Беларусі, вяртаючы веру, забраную ў нашых продкаў за 150 гадоў да гэтага.
Барыс Рагуля. Шчыт
Існуе такі псіхатып людзей, для якіх галоўным прыярытэтам і нават пункцікам ёсць бяспека тых, хто побач. Нібы шчыт, яны становяцца паміж кожнай пагрозай і тымі, хто тае пагрозы часцяком нават не заўважае. Аптымальныя прафесіі для такіх людзей – медыкі, выратавальнікі, вайскоўцы альбо супрацоўнікі службаў бяспекі.
Увосень 1943-га на роднай Наваградчыне Барыс Рагуля ўзяўся за стварэнне коннага швадрона, каб бараніць мірнае насельніцтва і ад савецкіх партызанаў, і ад байцоў Арміі Краёвай, якія не грэбавалі забойствамі беларускіх настаўнікаў. А што калі б не ўзяўся? А ўсё проста: немцы даслалі б сюды паліцыю з Літвы, Украіны альбо якіх данскіх казакоў. Ім жа “не сваё, то і не шкада”. Тут жа прыйшлі свае, мясцовыя, за якімі старажылы ніколі не згадвалі крыві мірных сялянаў.
Па вайне Рагуля здзейсніў сваю даўнюю мару: адвучыўся на медыка ў Лювенскім універсітэце, каб пасля, у Канадзе, стаць адным з топавых анколагаў вялікай краіны. Як і Аляксандр Надсан, Барыс Рагуля займаўся дапамогай беларускім дзеткам пасля Чарнобыля. Будучы медыкам, ён цудоўна разумеў наступствы тае бяды… Што ўзброеныя “лясныя мсціўцы” ўсіх гатункаў з-пад Наваградка, што захворванні ні ў чым не вінаватых дзетак з-пад Хойнікаў – усё гэта для Рагулі было аднолькавай пухлінай, ад якой трэба было берагчы людзей. І ён гэта рабіў.
Барыс Кіт. Неба
“Усе мы разам ляцім да зор”, – марыў вершаванымі радкамі Багдановіч. Тыя палёты сніў, а пасля вымалёўваў ды выразаў па дрэве Драздовіч. А Барыс Кіт, нібы новая ступень эвалюцыі той нацыянальнай касмічнай ідэі, ужо вылічваў ды прапісваў у падручніках для НАСА. Нацыя менш чым за сто гадоў праходзіла свой шлях ад мужыцкай мары пра “Новую зямлю” да мары пра “Новае неба”. Падняць вочы ад узаранай раллі да далёкіх халодных зораў – гэта вялікая адвага.
У 1943-м Барыс Кіт арганізоўваў настаўніцкія семінарыі ў Маладзечне ды Паставах, дзе і выкладаў. У 1944-м быў арыштаваны гестапа і цудам уратаваўся дзякуючы заступніцтву сяброў (а можа, тых самых халодных зораў?). Эміграваў, вучыўся ў Мюнхене, а з 1949-га – у ЗША. Далейшае ягонае жыццё – няспынная праца над касмічнымі праектамі, у тым ліку планаваным падарожжам на Марс, бясконцыя лекцыі па ўсім свеце: ад Фінляндыі да Японіі.
Барыс Уладзіміравіч пражыў 108 гадоў. Для чалавека багата. А для далёкіх халодных зораў? Мабыць, нічога – імгненне. З часам, праз якую чвэрць такога імгнення, калі ў нас будзе свой нацыянальны касмічны цэнтр, упэўнены, ён будзе насіць імя Барыса Кіта – чалавека, які некалі асмеліўся падняць вочы да неба.
Алесь Кіркевіч, budzma.by