Топ палацаў Мінскай вобласці. Частка другая

06.10.2020 Краіна

Эпідэмічная сітуацыя парушыла турыстычныя планы, а таму многія беларусы сёлета шукаюць альтэрнатыву ў межах краіны. «Будзьма» падрыхтавала адмысловы гайд па палацах Мінскай вобласці.


Калі амаль усе палацы нашага першага матэрыялу добра захаваліся ці ўжо рэстаўраваныя, то пераважная частка згаданых у гэтым, на жаль, занядбаная, а ад некаторых і зусім засталіся рэшткі. Але гэта не робіць іх нецікавымі ці не вартымі нашай з вамі ўвагі.

Палац Патоцкіх

Палац Патоцкіх у Беразіно 1.jpgФота: planetabelarus.by

Беразіно. У горадзе Беразіно знаходзіцца палац, які быў пабудаваны ў XIX стагоддзі і належаў шляхецкаму роду Патоцкіх. Ініцыятаркай будаўніцтва стала (пасля свайго разводу) самая багатая жанчына Беларусі тых часоў — Ганна Патоцкая-Вансовіч, якая зрабіла палац сваёй летняй рэзідэнцыяй. За савецкімі часамі ў будынку размяшчалася школа, а потым склад. Пазней палац пуставаў і прыходзіў у заняпад. У 2011 годзе палац прадалі на аўкцыёне за 112 млн рублёў з абавязковымі ўмовамі наконт рэканструкцыі, але стан будынка за гэты час так і не палепшыўся. Таму было абяцана аддаць яго ў бясплатнае карыстанне таму, хто ўкладзе ў рэстаўрацыю 1 млн даляраў.

Палац Мержыеўскіх

Палац Мержыеўскіх у Грозава 1.jpg
Фота: radzima.org

Грозава. Паводле адной з версій, палац адносіцца да XVIIІ стагоддзя. У розныя часы гаспадарамі вёскі былі Алелькавічы, Радзівілы, Незабутаўскія, Мержыеўскія. Мержыеўскія страцілі палац праз удзел у паўстанні 1863 года, пасля чаго яго ўладальнікамі сталі Вітгінштэйны, а пазней Горваты. У савецкія часы ў палацы месціліся дзіцячы дом, школа, а потым інтэрнат. У 2013 годзе палац прадалі на аўкцыёне за 11 даляраў, але рэстаўрацыя, якую мусілі зрабіць новыя ўласнікі, у выніку прыпынілася.

Палац Слатвінскіх

Палац Слатвінскіх у Раванічах 1.jpg
Фота: meridian28.com

Раванічы. Палац у Раванічах быў пабудаваны ў XIX стагоддзі. З яго будаўніцтвам звязанае імя Антонія Слатвінскага, маршалка Мінскай губерні. У савецкія часы ў палацавым комплексе размяшчаліся школа, а пазней бальніца. Акрамя палаца захаваліся касцёл св. Антонія і некаторыя гаспадарчыя пабудовы, але на сёння рэшткі комплексу занядбаныя і працягваюць разбурацца.

Палац Радзівілаў і Раманавых

Палац Радзівілаў і Раманавых у Старабарысаве.jpg
Фота: wikimedia.org

Старабарысаў. Палац, які захаваўся ў Старабарысаве, належаў Радзівілам і мае цікавую гісторыю. Акрамя славутых Радзівілаў гісторыя палацавага комплексу звязаная з родам Раманавых, Напалеонам і Гітлерам. Так, у адным з будынкаў спыняўся Напалеон Банапарт. Пазней Радзівілы прадалі палац князям Раманавым. А падчас Другой сусветнай вайны Адольф Гітлер праводзіў тут сваю ваенную нараду.

Палац Гутэн-Чапскіх

Палац Гутэн-Чапскіх у Станькава 1.jpg
Фота: novatour.by

Станькава. Палац у Станькаве быў пабудаваны ў XIX стагоддзі. На сёння ад палацавага комплексу захаваліся павільён Скарбчык, брама, вялікі дом для абслугі, флігель і некаторыя іншыя пабудовы. Найбольшую ўвагу ў турыстаў выклікае менавіта Скарбчык — адмысловы будынак палацавага комплексу, у якім захоўвалася багатая калекцыя Чапскіх: бібліятэка на 20 тысяч тамоў (уключала Берасцейскую біблію 1563 г., кнігі з аўтографамі, лісты, рукапісы), нумізматычная калекцыя, старажытныя іконы, гравюры, зброя і шмат што іншае. Сёння гэтая калекцыя знаходзіцца ў аддзеле Гутэн-Чапскага Нацыянальнага музея Польшчы.

Палац Сулістроўскіх

Палац Сулістроўскіх у Яхімоўшчыне.jpg
Фота: wikimedia.org

Яхімоўшчына. Яхімоўшчына атрымала сваю назву яшчэ ў XVI стагоддзі ад прозвішча ранейшых уладальнікаў. Месца адметнае тым, што ў Яхімоўшчыне працаваў памочнікам вінакура Янка Купала і напісаў многія свае вядомыя тэксты, у тым ліку тыя, што склалі зборнік «Жалейка». Дарэчы, у Яхімоўшчыне можна наведаць і філіял музея Янкі Купалы. Гэты музей уваходзіць у сядзібны комплекс, які быў пабудаваны ў XIX стагоддзі і належаў шляхецкаму роду Сулістроўскіх. Сёння ад комплексу захаваліся вінакурня, бровар, клеці, флігель і некаторыя іншыя пабудовы.

Палац Старжынскіх

Палац Старжынскіх у Камарова 1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Камарова. Спачатку Камарова і мясцовая сядзіба належалі вядомаму роду Хамінскіх, але пазней уладальнікамі былі Старжынскія і Сулістроўскія, у прыватнасці, мінскі губернатар і стацкі саветнік Казімір Сулістроўскі. Сёння ад комплексу засталіся сядзіба-палац, флігелі, брама і гаспадарчыя пабудовы.

Палац Наркевічаў-Ёдкаў

Палац Наркевічаў-Ёдкаў у Наднёмане 1.jpg
Фота: last-m.livejournal.com

Наднёман. Будаўніцтва палаца пачаў Ануфрый Наркевіч-Ёдка, які выкупіў гэтыя землі ў Радзівілаў. Але гэтае месца адметнае тым, што пасля смерці Ануфрыя ўладальнікам палаца стаў славуты беларускі навуковец Якуб Наркевіч-Ёдка, які працягнуў тут свае навуковыя даследаванні ў такіх сферах, як фізіка, псіхалогія, сельская гаспадарка, медыцына ды іншых. І менавіта ў Наднёмане ён арганізаваў метэаралагічную станцыю, хімічную, астранамічную, электрабіялагічную лабараторыі, санаторый для лячэння паралізаваных і шмат што іншае.

Палац Хмараў

Палац Хмараў у Сёмкава.jpg

Фота: planetabelarus.by

Сёмкава. Пачатак будаўніцтва палаца ў Сёмкаве адносіцца да XVIII стагоддзя і звязаны з імем апошняга мінскага ваяводы Рэчы Паспалітай Адама Хмары. Будаўніцтвам кіраваў вядомы італьянскі архітэктар Карла Спампані. У гэтай сядзібе Адам Хмара прымаў апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Але гэтае месца адметнае і тым, што тут на бровары працаваў Янка Купала, а бацькі Максіма Багдановіча вянчаліся ў Сёмкаве. Пасля рэвалюцыі 1917 года ў палацы зрабілі дзіцячы інтэрнат, падчас Другой сусветнай вайны тут размяшчаўся канцлагер, дзе праводзілі вопыты над дзецьмі.

Палац Ельскіх

Палац Ельскіх у Калініна1.jpg
Фота: caves.by

Калініна. У вёсцы Калініна знаходзіцца сядзіба Ельскіх Ігнацічы (так называлася вёска да савецкіх перайменаванняў). Палац належаў Уладзіміру Ельскаму, які ведаў шмат замежных моваў і вучыўся ў Сарбоне. Але найбольш расквітнелі гэтыя месцы дзякуючы апошняму ўладальніку палаца Вільгельму Ельскаму, які, дарэчы, любіў разводзіць кветкі. Сярод іх было нават 480 відаў руж.

Кірыл Стаселька, budzma.org