Эпідэміялагічная сітуацыя парушыла турыстычныя планы, а таму многія беларусы сёлета шукаюць альтэрнатыву ў межах краіны. «Будзьма!» падрыхтавала адмысловы гайд па палацах Мінскай вобласці.
Палац Чапскіх
Прылукі. Палац Чапскіх знаходзіцца ў вёсцы Прылукі — вельмі блізка да Мінска, дзякуючы чаму гэтыя мясціны сталі вельмі папулярнымі для рознага кшталту фотасесій. Але ўвагу фатографаў прыцягвае не толькі і не столькі сам палац, колькі мноства захаваных гаспадарчых пабудоў непадалёк. У розныя часы гэтыя землі належалі Агінскім, Іваноўскім, Горватам і Чапскім. Палац у Прылуках быў пабудаваны ў XIX стагоддзі. Падчас Другой сусветнай вайны тут месцілася рэзідэнцыя гаўляйтара Кубэ, а сёння знаходзіцца Інстытут аховы раслін.
Палац Храптовічаў
Шчорсы. Палац быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі апошнім канцлерам ВКЛ Ёахімам Храптовічам і лічыўся самым буйным у краіне. Архітэктурны праект распрацаваў Джузэпэ дэ Сака. Пазней тут бывалі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля, Марцін Пачобут-Адляніцкі і Ёахім Лялевель. Некаторыя з іх працавалі тут у знакамітай бібліятэцы Храптовічаў. На сёння лепш за ўсё захаваўся менавіта будынак гэтай бібліятэкі. Не менш цікава будзе паглядзець і на тое, што захавалася ад велізарнага гаспадарчага комплексу. А калі ў вас ёсць зберажэнні, усё гэтае багацце можна будзе набыць сёлета 17 жніўня на аўкцыёне.
Палац Рдултоўскіх і сядзіба Гартынгаў
Сноў. Палац у Снове адносіцца да XIX стагоддзя і захаваўся няблага (дый сёння яшчэ выглядае велічна). З сярэдзіны XIX стагоддзя належаў расійскаму барону Густаву Гартынгу. І цікава адзначыць, што ягоная сям’я валодала палацам аж да 1939 года. Акрамя палаца можна паглядзець і шмат іншых захаваных гістарычных пабудоваў: сядзібу вышэйзгаданага Гартынга, Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (1760 г.), Царкву Святых Казьмы і Дзям’яна (1836 г.).
Палац Тышкевічаў
Валожын. Палац Тышкевічаў быў пабудаваны ў XIX стагоддзі па ініцыятыве графа Юзафа Тышкевіча, які быў старастам Вільні, палкоўнікам нацыянальнай кавалерыі, кавалерам Ордэна Святога Станіслава і Ордэна Белага Арла. Гэтымі землямі Тышкевічы валодалі да 1939 года. З савецкіх часоў да сённяшніх дзён палацавы комплекс займаюць дзяржаўныя ўстановы. Гэтаксама ў Валожыне вы знойдзеце і іншыя цікавыя рэлігійныя і свецкія будынкі.
Палац Друцкіх-Любецкіх
Новае Поле. Палац вядомага роду Друцкіх-Любецкіх у вёсцы Новае Поле адносіцца да XIX стагоддзя. Палац добра захаваўся, а ягоны гістарычны выгляд змяніўся не вельмі моцна. У савецкія часы тут месцілася пагранзастава, пазней будынак быў перададзены сельскагаспадарчаму тэхнікуму і каледжу. За некалькі кіламетрах ад вёскі можна таксама знайсці пахавальню Друцкіх-Любецкіх.
Палац Манюшкаў
Смілавічы. У Смілавічах Чэрвенскага раёна знаходзіцца прыгожы палац Манюшкаў, які адносіцца да XIX стагоддзя (але звесткі на памятным камені ўвогуле сведчаць пра пачатак будаўніцтва ў 1795 годзе). Адметна, што ён быў закладзены дзедам славутага кампазітара Станіслава Манюшкі на месцы старажытнага замка Агінскага. А яшчэ раней мясціны належалі Кезгайлам, Сапегам і Завішам.
Палац Свяцкіх
Крупкі. Прыгожы мадэрновы палац (часцей называюць сядзібай) у Крупках, які належаў Карлу і Марыі Свяцкім, быў пабудаваны ў самым пачатку XX стагоддзя. Згодна з легендай, пабудаваць яго атрымалася дзякуючы таму, што муж і жонка знайшлі славуты скарб Напалеона.
Чытайце таксама: Топ гістарычных сядзібаў Мінска
Палац Ахраноўскіх
Лушчыкі. У вёсцы Мядзельскага раёна знаходзіцца вельмі прыгожы палац, які быў пабудаваны ўжо ў пачатку XX стагоддзя і належаў сям’і Ахраноўскіх. Ён размяшчаецца на высокім узгорку непадалёк ад возера Свір, адкуль адкрываюцца асабліва прыгожыя краявіды. Цяпер у палацы размяшчаецца медыцынская ўстанова.
Кірыл Стаселька, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!