На Youtube-канале Tradycyja выйшаў новы праект — «Традыцыйныя музычныя інструменты», гэта так званая віртуальная энцыклапедыя беларускіх музычных інструментаў.
Першы выпуск прысвечаны скрыпцы.
Cкрыпка — струнны смычковы музычны інструмент высокага рэгістра. Скрыпка мае старажытныя карані, але звыклы для нас выгляд атрымала ў XVI ст. у Італіі.
Для вырабу скрыпкі выкарыстоўваюць елку, явар, бук, ясень, граб, альшыну. Струны вырабляюць з авечых кішак, срэбнага або меднага дроту, сталі, нейлону або іншых сінтэтычных матэрыялаў.
Гук здабываецца трэннем смычка па струнах, а прыцісканне пальцамі левай рукі струны да падструнніцы скрыпак змяняе вышыню гуку.
Скрыпка выконвае меладычную функцыю; калі ў капэлі двое скрыпачоў, то другая скрыпка выконвае структурна-гарманічную ролю.
У беларускай традыцыйнай музыцы скрыпка займае важнае месца і звычайна выкарыстоўваецца ў спалучэнні з рознымі інструментамі: басэтляй, бубнам ці барабанам, цымбаламі, гармонікам.
Таксама на Youtube-канале Tradycyja ўжо можна даведацца пра дуду (музычны інструмент у беларускай культуры, які выступае, як сімвал паэтычнай душы народа і вядомы на нашых землях яшчэ з першай паловы II тысячагоддзя да н.э.) і бубен (ударны музычны інструмент, вядомы ў каменным веку ўсім плямёнам, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, без яго не абыходзілася ні адна важная падзея).