У адрозненне ад мінулых разоў, спачатку касцёл стаяў закрытым два з паловай гады, а затым парафія добраахвотна пакінула храм, піша katolik.life.
Вываз маёмасці парафіі з закрытага Чырвонага касцёла ў Мінску цалкам завяршылі, пасля гэтага пытанне верагоднага адкрыцця храма зноў заціхла. Падчас святых Імшаў 6 красавіка пробашч у парафіяльных аб’явах ніяк не ўзгадваў пра сітуацыю, хаця раней аб’яўляў пра хуткі пачатак рамонтных прац. Няма пра гэта ніякай інфармацыі і на парафіяльным сайце.
У папярэднюю нядзелю пробашч распавядаў пра чарговы парыў труб, з-за чаго ўзнікла пагроза падтаплення бібліятэкі, якую якраз вывозілі з храма.
У колах мінскіх вернікаў гавораць пра тое, што «няма адчування, каб штосьці змянілася». Не з’явілася і тэндараў на выбар падрадчыка для рамонтных работ. Гэта азначае, што бліжэйшым часам маштабныя працы ў храме праводзіцца не будуць.
Публікуем сімвалічны фотафакт: фундатар касцёла Эдвард Вайніловіч з партрэта на фасадзе храма «назірае» за вывазам маёмасці парафіі і ўзгадваем, калі вернікаў высялялі з касцёла ў мінулыя разы.
Упершыню вываз маёмасці адбыўся ў 1923 годзе — тады бальшавіцкія ўлады разрабавалі амаль усе каштоўнасці ў Чырвоным касцёле: вывезлі мэблю, гадзіннікі, абразы, посуд, бялізну і нават чарнільніцы. Тым не менш, службы ў храме працягваліся. Канчаткова касцёл Святога Сымона і Святой Алены савецкія ўлады зачынілі ў 1932 годзе.
Пры нацысцкай акупацыі Мінска парафіі ўдалося вярнуць храм — тут зноў распачаліся богаслужэнні. Над узнаўленнем касцёла працавалі славутыя беларускія мастакі. У 1942 годзе, пасля рэстаўрацыі, касцёл зноў адкрыўся для набажэнстваў.
У другі раз высяленне парафіі Святога Сымона і Святой Алены здарылася адразу пасля аднаўлення савецкай улады ў Мінску — у 1944 годзе касцёл зноў быў закрыты. Парафія вярнулася ў храм толькі ў 1990 годзе, але будынак касцёла ёй не перадалі ва ўласнасць.
Цяпер адбылося трэцяе высяленне парафіі пад падставай рамонту храма — прычым, спачатку касцёл стаяў закрытым два з паловай гады, а затым парафія добраахвотна пакінула храм.