Наймагутнейшыя беларускія паэткі ХХ стагоддзя Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Яўгенія Пфляўмбаўм пражылі доўгае жыццё з першым і адзіным мужам. Іх мужы прайшлі праз канцлагеры і турмы, былі далёкія ад ідэалу ў паводзінах, прынеслі сваім жанкам шмат складанасцяў і цяжкасцяў… Але Наталля, Ларыса, Яўгенія засталіся з імі. У буйных паэтак рускай літаратуры было інакш.
Муж Наталлі Арсенневай Франц Кушаль дайшоў да вайсковага звання генерала, займаючыся выхаваннем вайсковых афіцэраў і паліцэйскіх падафіцэраў (сяржантаў). Большую частку сямейнага жыцця (а разам яны з Наталляй былі да смерці Франца ў 1968-м 46 гадоў – з перапынкамі на адседкі ў савецкім зняволенні) Кушалі правялі ў Польшчы, Германіі і ЗША. У паэзію Франц не лез, у іх з жонкай хапала чым займацца разам і без таго. А ў Наталлі было як мінімум пяць беларускіх мужчын, якіх яна любіла без сэксу, якія дапамагалі ёй жыць, тварыць і расці ў паэзіі. Тры з іх насілі імя Максім, два – Антон.
У 1915-м, калі фронт Сусветнай вайны падступіў пад Вільню, Арсенневы “пакінулі ўсю маёмасць” і эвакуяваліся ўглыб імперыі: спачатку ў знаёмы ім Баку, але там надоўга не аселі і перабраліся ў Яраслаўль на Волзе – туды ж, дзе з бацькам, мачахай, братамі і сёстрамі жыў малады беларускі паэт Максім Багдановіч.
“Когда до Ярославля докатилась волна беженцев и среди них оказалось немало белорусов, неутомимо, с утра до поздней ночи из всех своих слабых сил работал для этих несчастных Максим Богданович и заразился тифом, был на волосок от смерти”.
А Наталля паступіла ў Яраслаўскую гімназію.
У Яраслаўлі Арсенневы і Багдановічы наўрад ці не бачыліся, хоць, можа, і не віталіся, не размаўлялі і не знаёміліся. Літаратуразнаўца Антон Адамовіч канстатаваў: як паэтка Наталля “прыйшла на свет гэты з глыбокай Максімавай магілы”.
Любімым беларускім паэтам яна нязменна называла Максіма Багдановіча, падобная да яго і яе паэзія.
Арсеннева пра 1919–1921 гады: “Першаю кніжкаю, з якою я сутыкнулася ў гэтыя часы, яшчэ перад паступленнем у гімназію, была кніжка апавяданняў Максіма Гарэцкага, а асабліва апавяданне “Лірныя спевы”… мне яна была… найлепшым лемантаром”.
У віленскай беларускай гімназіі, куды Арсеннева паступіла ў пачатку 1920-га, Максім Гарэцкі (той самы!) аказаўся выкладчыкам літаратуры ў яе 7 класе.
“Постаць ягоная з самага пачатку была для мяне ахіненая нейкім рамантызмам… Гарэцкі, першы жывы чалавек, які мне падабаўся… гэта сталася яшчэ адным стымулам як найлепшага пазнання і апанавання беларускай мовы”.
Наталля закахалася ў выкладчыка Максіма. Максім быў жанаты, яго маладая жонка Леаніла таксама працавала выкладчыцай у той жа гімназіі.
“Настаўнік літаратуры, якую я так любіла… Я доўга не адважылася гаварыць аб тым, што і я пішу, Гарэцкаму. Зрэшты, якая б з гэтага была б карысць? Гарэцкі… і расійскія вершы! І я маўчала і вучылася, і чытала”.
Непадзеленае каханне, бывае, сублімуецца ў класныя рэчы. У Наталлі сублімавалася ў беларускую паэзію.
Напісаўшы па-беларуску два вершы, “я сабралася з адвагаю і падала іх Гарэцкаму пасля лекцыі. Ён узяў, паглядзеў на мяне, сказаў “цікава” і пайшоў. Увечары таго ж дня… у нас мелася быць, як заўсёды, вечарынка… Людзей было шмат, бо на нашыя вечарынкі прыходзілі не толькі вучні гімназіі, але і ўсе наагул беларусы-віленчукі.
Раптам на эстраду выйшаў Гарэцкі… “у нас сёння нарадзілася паэтка большая і за Цётку і за Буйлянку”… выняў паперкі з маімі вершамі і прачытаў іх слова ў слова, без ані адной папраўкі. Людзі пачалі пляскаць, усе сталі глядзець на мяне…”
Першая і адзіная пахвала Гарэцкага Арсенневай за вершы. Але яе аказалася дастаткова, каб “я зрабілася слаўнаю ў гімназіі. Малыя з малодшых класаў глядзелі на мяне з пашанаю, настаўнікі таксама… сяброўкі пышніліся мною. Жыццё сталася радасным, цікавым, поўным сэнсу, дарма што не было часта чаго есці… Навука, творчасць, сяброўкі, жыццё гімназіі аж па берагі поўнілі мае дні.”
У далейшым ён “толькі рабіў заўвагі, казаў, што трэба было б выправіць, змяніць. Сам ён правак і зменаў ніколі не рабіў. І я яму за гэта вельмі ўдзячная. Ён навучыў мяне паважна і крытычна ставіцца да кожнага слова і цаніць мову, ейную чысціню і прыгажосць… я адразу навучылася адчуваць, што яму падабалася… мне хацелася пісаць усё лепш і лепш.”
Гарэцкі у тыя гады меў дачыненне да кіравання адроджанай у 1920-м на 9 нумароў “Нашай Нівы”, рэдагаваў газеты “Наша думка” і “Беларускія ведамасці”. І паўсюль там вершы Наталлі змяшчаў.
15 студзеня 1922-га яго зняволілі ў Лукішкі – тую ж турму, дзе сядзеў перад шыбеніцай Кастусь Каліноўскі. Пазней, у выніку пратэстаў за мяжой, Максіма прымусова выслалі ў Літву, затым ён з’ехаў у Латвію. З Наталляй яны больш не сустрэліся.
У канцы кастрычніка 1923-га Гарэцкія пераехалі ў Мінск. І яго клопатам паэтку сталі друкаваць, чытаць, ведаць і цаніць у школах ды ВНУ Беларусі Савецкай.
Беларускі дзеяч шырокага профілю, ён меў звычку пісаць пра сталых. Ды ў выпадку з Арсенневай адзначыў і яе малады перспектыўны талент. Ён жа пачаў весці ў паэткі літаратуру ў 8 класе гімназіі: “Любіў і… да апошняга радка ведаў і высока цаніў… Максіма Багдановіча… у выкладах сваіх заўсёды быў вельмі дакладны, стрыманы і справядлівы. Заўсёды быццам некуды спяшаўся…”
За Багдановіча і не толькі Арсеннева захавала да Антона Луцкевіча ўдзячнасць на ўсё жыццё. Калі польскія ўлады зняволілі яго “за палітыку”, Наталля пісала яму лісты ў турму, радавалася яго вызваленню. А вось калі ў 1939-м прыйшлі “саветы”, пісаць Антону ў савецкае зняволенне ўжо не давялося – там ён загінуў вельмі хутка.
Усе тры важныя для Арсенневай Максімы былі левых поглядаў.
Максім Скурко (Танк) быў самым левым з іх – заходнебеларускім бальшавіком. Некалькі гадоў ён граў у жыцці паэткі істотную ролю:
“У 1935 годзе я ўпершыню ўзімку наведала Вільню. Чытала тут свае вершы… Максім Танк і ягоная творчасць зрабілі на мяне вялікае ўражанне. Я пачала пісаць верш па вершы”.
Чытаючы верш Арсенневай 1935 года “Места”, лёгка пабачыць там і танкі на вулках, і іронію з дзіўна-недарэчнага псеўданіма Максіма-творцы.
Балада Наталлі 1937-га “Вядзьмак” – пра тое, як злога ведзьмака не запрасілі на вяселле і ён “абярнуў усю свадзьбу ў ваўкоў”; а праз шмат часу ў Налібоцкай пушчы паны “зрабілі вялікую аблаву – шмат ваўкоў забілі” і ў аднаго знайшлі пад скурай вясельную вопратку, а іншы “быў пад скурай, як сват, ручніком падперазаны”.
Ператварэнне беларусаў у “маладых ваўкоў”, у адрозненне ад англамоўных “маладых ільвоў”, у паэткі – вынік праклёну. “Лоўкі, здаровы асілак” каваль, “да работы заўзяты”, які “не баяўся нічога… не гадзіў… віламі чорту, а свечкаю Богу” – ці не малады Танк? Канец балады падобны на сумнае прароцтва:
…воўчая свадзьба над гацяй
Плача па-людску… Таму мо і раніць
Нашае сэрца, хвалюе й туманіць
Воўчага вою пракляцце.
У 1937-м жа, піша Арсеннева “з-пад майго пяра выйшла злашчасная “Князёўна”, якая столькі крыві напсавала Танку”.
Лічыцца, што заступніцтва Танка дапамагло вяртанню паэткі і яе сыноў у маі 1941-га ў Беларусь з казахстанскай высылкі. Танк – адзіны, хто пісаў ёй у Казахстан. Пасля дапамог уладкавацца на працу ў савецкую беластоцкую газету, з якой супрацоўнічаў сам. І там яе вершы танкамі патыхалі болей за вершы яго самога.
Пасля нападу Германіі на СССР больш яны не бачыліся.
Літаратуразнаўца Антон Адамовіч фактычна кіраваў “Мінскай (затым яна стала “Беларускай”) газетай” – легальнага мінскага выдання часоў нямецкай (з 1941 года) акупацыі. Спачатку ён пазнаёміўся з Францам Кушалем, а той пазнаёміў яго з жонкай-паэткай.
І Адамовіч на доўгія дзесяцігоддзі, да канца ўласнага жыцця, стаў гарачым прыхільнікам, знаўцам і прапагандыстам творчасці Арсенневай. А таксама сур’ёзным настаўнікам і крытыкам паэткі. Пазнаёміў яе з творчасцю сябраў панішчанага савецкімі рэпрэсіямі 30-х гадоў літаб’яднання “Узвышша”. Адамовіч называў “узвышэнства” зусім арыгінальнай беларускай нацыянальнай ідэалогіяй. І паэтка лічыла сваё знаёмства з той ідэалогіяй вельмі важным.
У матэрыяле выкарыстаны тэкст кнігі Андрэя Мельнікава пра Наталлю Арсенневу “Зорка”. Чакаецца, што поўнасцю кніга выйдзе ў серыі “100 выдатных дзеячаў” мінскага выдавецтва “Харвест” у сярэдзіне – канцы восені 2017 года.
Андрэй Мельнікаў