З надыходам новага года вам падаецца, што ў беларускай музыцы ўсё стала цішэй і марудней? А вось і няпраўда! Нават наадварот: у гэтым годзе ўжо ёсць музыкі і гурты, якія паспелі парадаваць слухачоў эксперыментамі, якасным гучаннем і нестандартнымі падыходамі. Раю прышпіліцца, бо на ўсёй хуткасці мы, разам з рубрыкай «Гітара Мулявіна», улятаем у новы і поўны музычных прыгодаў год!
Хоць гэты сінгл і быў выпушчаны акурат напрыканцы старога года, аднак было б злачынствам не напісаць аб ім у рубрыцы пра свежую беларускую музыку. Кампазіцыя пад назвай «Не вер», з’яўляецца сумеснай працай дуэту Puaro і гурта junactva, які складаецца з трох чалавек і мае пераважна соўлавы накірунак у сваіх інструменталах.
Ад вакалу ў песні вее пяшчотай і мяккасцю з ноткамі чыстай любові, прыпраўленай, як кава цынамонам, лейтматывам «я кахаю цябе». Нягледзячы на агульна-рамантычны настрой трэка, музычны складнік адгукаецца трывожнымі акордамі, што дадае кампазіцыі пікантнасці ў далейшым меладычным развіцці. Праслухаўшы песню некалькі разоў, стае зразумелым, што аўтары транслююць думку «разам праз перашкоды і да кахання». А як жа інакш? З першых нот песня трапляе не толькі ў самае сэрца, але яшчэ і асабіста ў мой плэйліст, а яе вайбы ахутваюць з ног да галавы, нібыта вялікі і цёплы плед.
Першы ў гэтым годзе рэліз ад беларускага рэпера Wavy Mroy пад назвай «Wang». Стас (сапраўднае імя артыста) жыве ў Осла, але не забываецца на свае карані і ярка дэманструе, што сучасную музыку можна рабіць па-беларуску і з густам! Адным са значных крокаў выканаўца быў EP «Меланхолія», які ён прэзентаваў у мінулым годзе, і пра які мы пісалі раней. Музыка не збаўляе тэмп і ў новым годзе і працягвае радаваць слухачоў якаснымі сінгламі.
«Wang» — гэта чарговая рэп-гісторыя, на сумесі ньюджаз і плангб гучання. Кампазіцыя, у якой Стас чарговы раз рэфлексуе пра ўнутраных дэманаў і змаганне з імі, не абыходзіць тэмы кахання, поспеху і родных, але такіх далёкіх мясцін. Трэк не перагружаны інструменталам, гучыць лёгка і натуральна, як у прынцыпе кожны трэк ад Wavy Mroy. Калі вам даспадобы R&B і яго паджанры, то смела цісніце на плэй!
Гэта я пра жанр драм-энд-бэйс, які, падаецца, музыканты будуць юзаць яшчэ доўга. За прыкладам далёка хадзіць не трэба, бо рэпер MANDZIK выпусціў сінгл з лаканічнай назвай «Biełaruski DNB».
У самой песні Дзяніс адракаецца ад сваёй старой творчасці з сумнымі і вострасацыяльнымі матывамі і абвяшчае, што цяпер на падыходзе новы этап яго музыкі. Перагортвае старонку, так бы мовіць. У новай кампазіцыі дамінуе моцны бас і ўсялякая іншая электроншчына, але да Скрылекса яшчэ далёка.
Уважліва прыслухоўваючыся да тэксту, можна зразумець — у ім артыст прызнаецца, што нарэшце зразумеў, які гук ён заўжды хацеў і здаецца, пошукі ўсё ж такі вывялі яго на новы ўзровень. Нягледзячы на тое, што гучанне не зусім трэндавае ў сучаснай рэп-індустрыі, Дзяніс дакладна ведае, куды ён крочыць, і гэта галоўнае. Упэўнены, мы яшчэ не раз пачуем штосьці неардынарнае ад гэтага пана.