Ініцыятыва, што ладзіць публічныя лекцыі па ваеннай гісторыі Беларусі, зладзіла першае паседжанне на адкрытым паветры, падчас святкавання 950-годдзя Мінска.
Сярод святочнага калейдаскопу, што расцягнуўся ўздоўж праспекта Пераможцаў у суботу, паміж хараводамі дзяўчат у какошніках, рыцарамі-рэканструктарамі і латкамі гандляроў абярэгамі, можна было ўбачыць драўляны навес са сталамі, дзе праходзіў марафон лекцыяў ад “Цэху жывой гісторыі”.
У летапісе ініцыятывы гэта першае выязное паседжанне, нетыповы і фармат: калі раней публіка ішла ў Beer&Wine на аднаго выступоўцу, які прамаўляў паўтары-дзве гадзіны, то ў нашым выпадку меў месца ланцужок паўгадзінных выступаў цалкам розных гісторыкаў.
“Менавіта ў гэтым фармаце мы і збіраемся надалей праводзіць “Цэх жывой гісторыі”, – тлумачыць арганізатар і натхняльнік ініцыятывы археолаг Мікола Плавінскі. – Не варта засяроджвацца адно на камерных лекцыйных выступах. Кожны з нашых звычайных выступоўцаў мае, як правіла, сваю аўдыторыю, таму мы вырашылі змяніць гэтае правіла і сабраць усіх разам, “пайсці ў народ”, так бы мовіць”.
Паводле Плавінскага, гэта свайго роду эксперымент і спроба пашырыць аўдыторыю, зрэшты, эксперымент удалы. Калі на пачатку мінчукі, што вандравалі паміж пляцоўкамі фэсту “Менск старажытны” глядзелі на паседжанне “Цэху” хутчэй падазрона, то ўжо праз паўгадзінкі за сталамі амаль не засталося вольных месцаў.
Выступы ўсіх дзевяці лектараў былі прысвечаныя гісторыі Мінска за апошнія 1000 гадоў: ад першай летапіснай згадкі пра горад да пачатку ХХ ст. Што тычыцца лектараў, то Плавінскі запрасіў досыць вядомых адмыслоўцаў у сваёй галіне – супрацоўнікаў БДУ, Інстытута гісторыі АН, Нацыянальнага гістарычнага архіву і інш.
Напрыклад, ад вядомага археолага Сяргея Тарасава слухачы маглі пачуць пра тое, што Мінску не 950, а як мінімум 1050 гадоў ці нават болей: першапачаткова горад называўся Няміза, па назве ракі, і толькі пазней ператварыўся ў Мінск, першымі горад спалілі зусім не прыхадні з Поўдня, а… Усяслаў Чарадзей, калі ўмацоўваў сваю ўладу, ды яшчэ шмат цікавостак.
Арганізатары “Цэху” і надалей плануюць лекцыйныя “вылазкі” ў розныя куткі Мінска і рэгіёны краіны, але не адмаўляюцца і ад традыцыйнага вечаровага фармату гутарак за куфлем піва.
Наступнае паседжанне “Цэху жывой гісторыі” плануецца на канец верасня і будзе прысвечанае сярэднявечнаму ўзбраенню. У якасці лектара выступіць сам Мікола Плавінскі. Сачыце за абвесткамі на нашым сайце!
Алесь Кіркевіч