У сувязі з трываннем буйнамаштабнай вайны ва Украіне разам з новай бяспекавай і вайскова-палітычнай структурай у свеце абмяркоўваюцца і наступствы для агрэсараў і хаўруснікаў.
Новая жалезная заслона разглядаецца як мера не толькі для РФ і Беларусі, але і для Кітая, у выпадку трывання працяглага канфлікту ці пры іншых варыянтах разгортвання падзеяў на ўсходзе Еўропы.
На сайце фабрыкі думкі Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі аўтары сабралі меркаванні экспертаў наконт варыянтаў пабудовы новай архітэктуры бяспекі па выніках вайны (альбо сённяшняй гарачай фазы). У матэрыяле разгледжана некалькі магчымых вынікаў падзеяў на франтах.
Усе сцэнары можна разбіць на некалькі магістральных напрамкаў:
— сыход з перавагай РФ,
— спыненне актыўнай фазы без значных стратаў для Украіны,
— перамога Украіны з выхадам на межы лютага 2022, альбо ўсталяванне Кіевам кантролю над усёй тэрыторыяй краіны. Вынікамі першых двух варыянтаў, на думку аўтараў, будуць спробы перадзелу Еўропы на новыя сферы ўплываў, разгортванне эканамічнай вайны, зніжэнне ўзроўню супрацоўніцтва захаду з Масквой і неабходнасць пабудовы новай жалезнай заслоны.
Аўтары таксама робяць акцэнт на ролі Кітая ў сённяшняй вайне і магчымых выкліках у будучыні: «Нарэшце з’явілася разуменне двайных выклікаў з боку і Расіі, і Кітая. Вызначэнне іх як найбольш небяспечных будзе жыццёва важнымі для трансатлантычнага альянсу».
Калі заслона для РФ і Беларусі не з’яўляецца нечым новым у еўрапейскай і амерыканскай палітычнай рыторыцы, то «пытанне КНР» у сувязі з вайной ва Украіне пачало гучаць не так даўно.
І ў першую чаргу на найвышэйшым узроўні. У сярэдзіне чэрвеня прадстаўнік Дзярждэпа ЗША выступіў амаль з пагрозай у бок Пекіна: «Кітай па-ранейшаму падтрымлівае РФ. Кітайскія СМІ распаўсюджваюць расійскую прапаганду па ўсім свеце... улады адмаўляюць зверствы вайскоўцаў РФ ва Украіне... Нацыі, якія стаяць на баку крамлёўскага агрэсара, непазбежна апынуцца на цёмным баку гісторыі».
Цалкам верагодна, што амерыканцы такім чынам намагаюцца ўпісаць у сваю даўнюю стратэгію ціску на КНР яшчэ і адказнасць Пекіна за падтрымку ўварвання РФ ва Украіну. Легітымізаваць пабудову новай жалезнай заслоны не толькі для РФ і Беларусі, але і для кітайцаў.
Ва Украіне вырашаецца лёс дамінавання ў Азіі
Шматлікія палітыкі і эксперты бачаць пагрозы ў амерыканскім супрацьстаянні з КНР, адзначаючы ўзаемную эканамічную залежнасць краінаў. Нягледзячы на гэты факт, Вашынгтон за апошні год стаў ініцыятарам стварэння новага бяспекавага альянсу з Вялікабрытаніяй і Аўстраліяй (азіяцка-ціхаакіянскае NATO), заключыў новае эканамічнае пагадненне з краінамі рэгіёна, умацоўвае свае ўплывы на Японію і Карэю — даўніх сваіх хаўруснікаў у Азіі.
Фактычна рэалізуецца стратэгія, апісаная ў некалькіх заходніх бэстсэлерах, аўтары якіх падкрэсліваюць, што канфлікт паміж ЗША і Кітаем не толькі непазбежны, але неабходны для амерыканцаў.
Зрабіўшы папулярным у заходнім палітыкуме тэрмін «пастка Фукідыда», палітолаг Грэм Элісан, прыгадваючы антычную гісторыю, у сваім творы параўнаў ЗША з Афінамі, а Кітай са Спартай.
Іншы аўтар, эканаміст і лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі Дэніэл Эргін, развіваючы думку Элісана, падкрэслівае, што супрацьстаянне Вашынгтона і Пекіна проста непазбежнае. Гарачае ці халоднае.
Цалкам верагодна, што сённяшняя вайна ва Украіне ёсць часткай гэтага канфлікту, у якім бакі выкарыстоўваюць сілы сваіх проксі. Альбо гэта пачатковая фаза больш глабальнага ці, наадварот, адна з вялікай колькасці рэгіянальных войнаў.
Магчыма, шырокамаштабнае ўварванне ва Украіну, гераічнае супраціўленне ўкраінскага войска і народа далі сусветным стратэгам новыя варыянты геапалітычнай гульні, якія прадугледжваюць не толькі раздзяленне Еўропы на новыя бяспекавыя кластары. Яны даюць падставы будаваць новую жалезную заслону, каб адмежаваць усходнія дэспатыі, у тым ліку і Кітай, ад рэшты свету, такім чынам зніжаючы эканамічны і вайсковы патэнцыял пекінскіх камуністаў.
Чытайце яшчэ: Як Брытанія гуляе на пад’ём Усходняй Еўропы
Ізаляцыя дэспатыяў усходняга кшталту
Новы ўмоўны (а на мяжы паміж Літвой, Польшчай і Беларуссю будуецца ўжо і цалкам рэальны) бар’ер, магчыма, будзе ўзмоцнены поясам мілітыразаваных краінаў на ўсходзе Еўропы, аб’яднаных Брытаніяй.
Ён можа стаць не толькі фізічнай перашкодай на шляху мігрантаў, але і зацвердзіць фільтр для кітайскіх тавараў, 10% якіх траплялі ў ЕС праз Беларусь і Украіну.
Умоўная ангажаванасць КНР у агрэсію РФ фактычна развязала рукі амерыканцам, якія актыўна рэалізуюць стратэгію па паступовай ізаляцыі Кітая. ЗША ўжо не палохае канчатковы пераход РФ і Беларусі пад уплывы КНР.
У Азіі амерыканцы мэтанакіравана яднаюць суседзяў КНР дзеля атакі супраць эканамічнай і вайсковай экспансіі кітайцаў у рэгіёне. Цытуючы Байдэна, на сайце Politico падкрэсліваюць мэты апошніх дамоваў амерыканцаў з самымі магутнымі азіяцкімі гульцамі:
«Падпісанае Інда-Ціхаакіянскае эканамічнае пагадненне аб’ядноўвае краіны, якія "пішуць новыя правілы для эканомікі XXI стагоддзя", — сказаў Байдэн — без Кітая ў гэтым шэрагу».
Як адзначае аўтар публікацыі, не зважаючы на элементы гандлю з боку ЗША, тактычныя прапановы аб кампрамісных варыянтах далейшага суіснавання, Кітай можа зрабіць свядомы выбар на карысць эканамічнай ізаляцыі. І рабіць Пекіну гэта трэба менавіта зараз. У момант, пакуль РФ канчаткова не страціла сваю вайсковую магутнасць, усё яшчэ захоўвае рэшткі іміджу дзяржавы, здатнай стрымліваць Захад. Істотным з’яўляецца і тое, што да гэтага часу не выбудаваныя параметры магчымага ўсходнееўрапейскага мілітарнага аб’яднання пад брытанскім парасонам.
У гэтай сітуацыі КНР можа паспрабаваць перацягнуць на свой бок хаця б частку сваіх азіяцкіх суседзяў, спакусіўшы пабудовай новага сусветнага полюса разам з РФ.
Такім чынам, пакуль заслона канчаткова не апусцілася, за яе можа трапіць яшчэ не адна краіна. Альбо па ўласнай ініцыятыве, альбо асэнсоўваючы, што іншага выйсця няма.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org