Пачатак новай фазы вайны РФ супраць Украіны 24 лютага не толькі канчаткова разбурыў усю былую структуру бяспекі ў Еўропе і свеце, але і прадэманстраваў магчымасці выведак і дыпламатыі ЗША і Брытаніі. Пра актыўную кантынентальную палітыку Вялікабрытанні на фоне вайны ва Украіне і магчымую перабудову эканоміка-палітычнага ладу ў Еўропе піша Аляксей Гайдукевіч.
У адрозненне ад шматлікіх экспертаў і палітыкаў на еўрапейскім кантыненце, амерыканскія і брытанскія спецы сапраўды разглядалі варыянт маштабнага вайсковага ўварвання РФ ва Украіну.
Адной з істотных недапрацовак выведчыкаў сталася хіба недаацэнка магчымасцяў украінскага войска і грамадскай кансалідацыі.
Лондан і Вашынгтон напярэдадні агрэсіі хутчэй рабілі стаўку на вайну, падобную да афганскага партызанскага супраціву савецкай акупацыі ў 1970-х — 1980-х.
mfa.gov.ua
Трэба аддаць належнае брытанскім палітыкам і дыпламатам, якія, нягледзячы на такія перспектывы, намаляваныя выведчыкамі, пайшлі на беспрэцэдэнтны крок. А менавіта — стварэнне 17 лютага трохбаковага альянсу з Украінай, якая магла апынуцца пад акупацыяй, і Польшчай, для якой цалкам верагодным быў варыянт сутыкнуцца з агрэсіяй РФ на ўсёй працягласці ўсходняй мяжы.
У заяве аб стварэнні альянсу паміж краінамі ў першую чаргу адзначаецца істотнасць гістарычнай спадчыны супольнага супрацьстаяння агрэсіі:
«Злучанае Каралеўства, Польшча і Украіна маюць глыбокія гістарычныя сувязі, заснаваныя на агульных каштоўнасцях, імкненні да міру і бяспекі, супольнай гісторыі супрацьстаяння агрэсарам, якія пагражалі свабодзе ў Еўропе».
Гэты пачатковы пункт пагаднення не выпадкова дазваляе правесці паралелі з падзеямі 1939–1940 гг., калі Брытанія прадэманстравала прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да агрэсара — гітлераўскай Германіі.
Нягледзячы на тое, што Берлін перад пачаткам уварвання ў Польшчу разлічваў на неўмяшальніцтва Лондана, брытанцы у верасні 1939-га абвясцілі вайну немцам.
Каралеўскі флот блакаваў пастаўкі сыравіны і тэхнікі для Германіі і Італіі, у Бельгіі і Францыі быў размешчаны экспедыцыйны корпус арміі Вялікабрытаніі.
Такім чынам, брытанцы адразу з пачаткам вайны пазначылі сваю ролю як ключавога гульца ў супрацьстаянні Гітлеру, а таксама на перспектыву як галоўнага архітэктара пасляваеннай пабудовы бяспекавай структуры ў Еўропе.
Вядома, на сённяшні дзень брытанцы плацяць цану за супрацоўніцтва з Украінай несувымерна меншую ў параўнанні з Другой сусветнай вайной. Але сам факт заключэння абарончага пагаднення і пастаўкі зброі ў краіну нават у сярэдзіне лютага — сведчаць аб сур’ёзнасці памкненняў Лондана.
На фоне абсалютна беспрэцэдэнтных падзеяў у Еўропе Вялікабрытанія не перастае дэманстраваць жорсткасць і прынцыповасць пазіцыі. Пакуль што эканамічна-тэхнічным супрацоўніцтвам з Украінай і на дыпламатычным фронце.
Таксама відавочна накіраваным супраць РФ стаўся крок аб наданні бяспекавых гарантыяў Фінляндыі і Швецыі, якія імкнуцца ў NATO, у адказ на ўжо непрыхаваную пагрозу з боку Масквы.
Падчас падпісання дэкларацыі салідарнасці паміж Брытанія і Швецыяй адзначалася:
«Мы дамовіліся аб новай палітычнай дэкларацыі салідарнасці паміж Швецыяй і Вялікабрытаніяй. Гэта азначае абавязковую дапамогу адзін аднаму ў выпадку ўзброенай пагрозы. У тым ліку такая дапамога можа ўключаць у сябе вайсковыя рэсурсы».
Брытанскія палітыкі, партнёры са Скандынавіі і Польшчы неаднаразова падкрэслівалі, што пагадненні і супрацоўніцтва не супярэчаць і толькі дадаюць вартасці ўсім пагадненням у межах ЕС. Але ўсё часцей у прэсе і ў экспертных асяродках гучаць думкі наконт спробаў Брытаніі пабудаваць на еўрапейскім кантыненце геапалітычна-бяспекавую апазіцыю панаванню Францыі і Германіі.
Чытайце яшчэ: Палітыка Францыі як сведчанне дэградацыі Старой Еўропы
У італьянскай Corriere della Sera аўтар па выніках заяваў палітыкаў на форуме ў Давосе прыходзіць да высновы: «Борыс Джонсан выступае з ініцыятывай, якая можа змяніць еўрапейскую архітэктуру. Прэм’ер Вялікабрытаніі прапануе новую сістэму палітычных, эканамічных і ваенных пагадненняў — альтэрнатыву Еўрасаюзу. Якая б злучыла краіны, аб’яднаныя недаверам да Бруселя, а таксама незадаволеныя невыразным адказам Германіі на ваенную агрэсію РФ».
Борыс Джонсан. Фота: corriere.it
Аўтар падкрэслівае, што Вялікабрытанія бачыць у «Новай Еўрапейскай супольнасці» Украіну, Польшчу, балтыйскія краіны і ў перспектыве Турцыю.
Брытанцы ўжо маюць досвед няўдалага супрацьстаяння франка-нямецкаму дамінаванню ў перыяд з 1995 па 2004 гг., калі Лондан намагаўся абапірацца на новых сябраў ЕС. Тыя спробы апынуліся не зусім удалымі. Таму Вялікабрытанія ў 2016 г. пасля рэферэндуму распачала працэс выхаду з ЕС, які расцягнуўся на 4 гады.
Чытайце па тэме: Нямецкая палітыка ва Украіне: паміж рацыянальнасцю і цынізмам
Апошняе дзесяцігоддзе пазіцыі Лондана і Брусэля вельмі разыходзіліся што да глыбіні супрацоўніцтва з Кітаем і РФ. І менавіта таму Brexit, а таксама супадзенне азіяцкай палітыкі Брытаніі з амерыканскай, варта разглядаць праз прызму недапушчэння заключэння глабальнага кітайска-еўрапейскага пагаднення аб гандлі.
У матэрыяле france24.com падкрэсліваецца значнасць «геастратэгічнага кансенсусу» паміж Брытаніяй і ЗША, які тычыцца ўзгодненай палітыкі ў дачыненні да павелічэння ўплываў КНР на ЕС: «Байдэн менавіта брытанскаму прэм’еру Джонсану, а не лідарам ЕС, прапанаваў распрацаваць дэмакратычную альтэрнатыву кітайскаму Шаўковаму шляху».
Разам з бяспекавым, эканамічным і палітычным аспектамі такой прапановы адначасова падкрэсліваецца ідэалагічны бок супрацоўніцтва.
Амерыканцы і брытанцы не толькі праз заявы і дэкларацыі, але і пастаўкамі зброі, санкцыямі супраць РФ пазначаюць сваё прынцыповае стаўленне да ўсходніх дэспатыяў. Да якіх відавочна менш катэгарычна ставяцца краіны «Старой Еўропы».
Такім чынам Брытанія як актыўны ўдзельнік вайсковай кампаніі ва Украіне адразу на некалькіх кірунках будуе падмурак для паўстання новага геастратэгічнага падмурку на ўсходзе Еўропы.
У публікацыі «Джонсан выкарыстоўвае вайну для вяртання Брытаніі ў Еўропу» калумніст The Guardian адзначае: «Пакуль у ЕС адсутнічае агульная стратэгія ў адказ на выклікі вайны, ЗША аднавіў і павялічыў свае ўплывы на ўсходзе Еўропы. Мэтанакіраваная пазіцыя Брытаніі, тэхнічная дапамога Украіне, дыпламатычная актыўнасць чарговы раз давялі, што нягледзячы на Brexit, брытанцы — еўрапейская нацыя. І першачарговыя нацыянальныя інтарэсы Лондана знаходзяцца менавіта на кантыненце».
Цалкам верагодна, што брытанцы не збіраюцца, у адрозненне ад немцаў і французаў, да апошняга чапляцца за спробы захаваць ужо мінулы эканоміка-палітычны лад у Еўропе.
Дэкларуючы прынцыповую падтрымку заходніх каштоўнасцяў, супрацьпастаўляючы іх усходняму дэспатызму, Лондан знаходзіць падтрымку на абшарах ад Стакгольма да Бухарэста. А таксама шукае магчымасці далучыць да працэсаў Стамбул.
Новая рэальнасць і перабудова могуць распачацца на папялішчах вайны і ахапіць не толькі ўвесь кантынент, але і ўвесь свет.
Аляксей Гайдукевіч, Budzma.org