«Хацелася б, каб на нас не ставілі крыж»
Аляксандра (імя змененае) з Брэста — гісторык па адукацыі, 12 гадоў яна выкладала філасофію, логіку, этыку, рэлігіязнаўства. Пасля атрымала другую вышэйшую адукацыю, але знайсці працу па новай спецыяльнасці не атрымалася: паўсюль патрэбны досвед. Да таго ж высветлілася, што Аляксандра пакутуе ад ментальнага разладу.
— У маі 2015 года мяне забралі ў псіханеўралагічны лячэбны цэнтр, паставілі дыягназ «паранойя» і далі інваліднасць 2 групы. Увесь гэты час я не працую, бо мне забаранілі ўладкоўвацца на працу. Цяпер я мару выздаравець, каб вярнуцца да ранейшага стану і працаўладкавацца, быць карыснай грамадству, — распавядае жанчына.
Аляксандра прызнаецца: першы год было цяжка прымірыцца з тым, што яна аказалася нікому не патрэбнай. Псіхалагічны стан дайшоў да таго, што жанчына не магла прымусіць сябе выйсці з дому. З часам ёй удалося перамагчы гэта, і цяпер яна спакойна ходзіць у краму, бібліятэку, перамяшчаецца па горадзе. Аднак фізічна Аляксандра хутка стамляецца і мае праблемы з канцэнтрацыяй увагі. Нягледзячы на гэта жанчына перакананая, яна магла б вярнуцца да ранейшай працы.
— Мой участковы ўрач павінен звярнуцца ў МРЭК і пацвердзіць, што мой стан адэкватны і я магу працаваць. І тады праз службу занятасці мне могуць прапанаваць вакансію. Але патрэбна шмат узгадненняў, каб мяне дапусцілі да працы. Калі б мне далі свабоду выбару, я б шукала магчымасць працаўладкавання, хаця ў нас у Брэсце цяжка знайсці працу і здароваму чалавеку, — гаворыць жанчына.
Калі Аляксандра прайшла бухгалтарскія курсы ад цэнтра занятасці і тэлефанавала па абвестках, дзе патрабаваліся спецыялісты, ёй давялося нават пачуць: «Вы што, хочаце, каб мы разам з вамі ў турму селі?»
— Хацелася б, каб у людзей, якія перанеслі пэўныя захворванні, была большая свабода працаўладкавання і выбару, каб на іх не ставілі крыж, — марыць жанчына.
«Адчуваю сябе запатрабаванай, калі дапамагаю іншым»
— Пасля сыходу з працы ў мяне ўсё пайшло пад адхон, — распавядае іншая гераіня, Маргарыта (імя змененае).
У Маргарыты эпілепсія, у 30 гадоў жанчыне далі 3 групу інваліднасці, з якой яна не магла ўладкавацца на працу. Праз гэта ў яе пачалася дэпрэсія і іншыя праблемы са здароўем. Выратавала Маргарыту тое, што яе прывялі ў калектыў, дзе яна атрымала падтрымку.
— Да многага падштурхоўвае давер людзей, якія бачаць, што нават са сваім дыягназам ты — нармальны чалавек, і шмат на што здольныя. Я адчуваю сябе запатрабаванай, калі дапамагаю іншым людзям.
Пазней Маргарыта перанесла аперацыю на галаўным мозгу і атрымала 2 групу інваліднасці. І ўсё роўна вельмі хацела працаваць, абівала парогі цэнтра занятасці, але паўсюль казалі, што яна не падыходзіць: жанчыне нельга насіць цяжкасці, уздымацца на вышыню, у яе трэмар рук. «Хаця як я з ім сем гадоў змагла адпрацаваць за камп’ютарам і тры гады — сакратаром-рэферэнтам?» — здзіўляецца яна.
— Чаму мне не даюць магчымасці рэалізавацца? Я ж дзеяздольная, магу нешта рабіць і сама за сябе адказваць! — кажа Маргарыта.
Праўда, пасля столькіх адштурхоўванняў жаданне шукаць працу пакрысе згасла, прызнаецца яна.
Інваліднасць — не нагода для забароны на працу
Для герояў гэтага матэрыялу самым важным у працаўладкаванні з’яўляюцца не грошы. Для Аляксандры — гэта магчымасць быць патрэбнай людзям, для Маргарыты — давер. Праца для іх — у першую чаргу магчымасць самарэалізацыі і сацыялізацыі, якой яны пазбаўленыя праз свае дыягназы. Аднак дзяржаве нашмат прасцей змяшчаць людзей з ментальнымі разладамі ў спецустановы і напампоўваць іх лекамі, якія падаўляюць волю і наўрад ці садзейнічаюць выздараўленню, чым надаваць увагу праблемам іх самаадчування ў грамадстве.
Намеснік старшыні Беларускага таварыства інвалідаў, кіраўнік Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі кажа:
— Інваліднасць увогуле не можа накладаць на чалавека забарону працаваць, і ў беларускім заканадаўстве няма наўпроставай забароны на працу людзей з інваліднасцю. Ёсць распаўсюджанае меркаванне, што 1 і 2 групы інваліднасці — непрацоўныя, але гэта не так. Існуе вялікая колькасць абмежаванняў, з якімі трэба разбірацца. Напрыклад, медкамісія ўстанаўлівае, што з шэрагу прычын чалавек не можа працаваць на ранейшай пасадзе. У гэтым выпадку наша заканадаўства прадугледжвае, што ён павінен мець доступ да паслуг рэабілітацыі, якія дазволяць яму перакваліфікавацца з улікам яго інваліднасці, асвоіцца з новай рэчаіснасцю, у якой ён апынуўся па стане здароўя. Нашы наймальнікі не жадаюць бачыць людзей з псіхічнымі парушэннямі ў якасці супрацоўнікаў. Статыстыка сведчыць, што тыя, хто пагаджаюцца, — рэдкія выключэнні. Часцей за ўсё чалавек з псіхічным дыягназам на біржы працы раз за разам будзе атрымліваць адмовы.
Беларуская сістэма «заточаная» на больш простыя рашэнні, чым на сітуацыі, якія патрабуюць і спецыфічных рэабілітацыйных, і іншых падыходаў. Напрыклад, калі чалавек не можа аднавіць свае страчаныя функцыі, мы не маем права казаць яму: «З гэтага моманту ты можаш быць толькі дворнікам, і ўсё». Гэта гвалт у дачыненні да асобы. Дзяржава і грамадства павінны валодаць тым патэнцыялам рэабілітацыйных і сацыяльных службаў, які дазволіць чалавеку гарманічна ўліцца ў яго з улікам свайго новага стану. Але мы сутыкаемся з адсутнасцю дастатковай колькасці такіх сэрвісаў.
Часцей за ўсё людзі з псіхічнымі парушэннямі трапляюць на шэраг адмоў і бар’ераў, і ўрэшце губляюць матывацыю да пошуку працы. Паколькі пражыць на пенсію па інваліднасці немагчыма, яны пачынаюць выкарыстоўваць рэсурс сям’і. Калі і ён вычэрпваецца, чалавек губляе здольнасць самастойна пераадольваць жыццёвыя сітуацыі, у яго няма патэнцыялу для развіцця, і адзіны выбар, які яму прапануюць, — інтэрнат. Але гэта пастка. Стол у сталовай, ложак, дах над галавой — гэта, у любым выпадку, абмежаванні і чыннік дажывання, а не паўнавартаснага жыцця.
Можна і трэба змагацца з неправавымі адмовамі ў працаўладкаванні. Але кожную сітуацыю трэба разглядаць асобна, бо часта яны спалучаюцца з шэрагам медычных абмежаванняў. Знайсці адпаведную працу, адшукаць вакантнае месца, узгадніць найманне чалавека з ментальнымі парушэннямі з кіраўніцтвам і калектывам — гэта больш сацыяльная праблема, чым прававая.
З пункту гледжання беларускага права, людзі з псіхічнымі дыягназамі знаходзяцца ў пастаяннай дыскрымінацыі — і, фактычна, ніякай абароны ў іх няма. Праблему іх працаўладкавання спрабуюць вырашаць грамадскія арганізацыі. Напрыклад, існуе платформа CINGO, якая аб’ядноўвае ініцыятывы грамадзянскай супольнасці, што займаюцца сацыяльнай эканомікай. Але прававая сістэма ў адносінах да грамадскіх арганізацый, якія маглі б дапамагаць гэтым людзям, таксама вельмі слабая. Нашае права вырашае глабальныя праблемы элементарнага выжывання чалавека, а далей шанцаў і альтэрнатыў у выглядзе незалежнага пражывання вельмі мала. У якасці прыкладу можна прывесці хіба што сэрвіс Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам па суправаджэнні ў працаўладкаванні. Офіс па правах людзей з інваліднасцю праводзіць прававую асвету па гэтай тэме, а таксама спрабуе ўзмацніць у людзях з парушэннямі навыкі самаадвакатавання, і ў некаторых сітуацыях гэта дапамагае, калі сітуацыя датычыцца нескладаных форм інваліднасці.