Ці пасварыць Сі Цзіньпінь Еўропу з Амерыкай?

На сёняшні дзень Кітай устрымліваецца ад адкрытай падтрымкі Расіі ў яе вайне супраць Украіны, але з іншага боку спрабуе раскалоць адзінства Еўрапейскага Саюза і ЗША. Спрабуем разабрацца, чаму так адбываецца і якія геапалітычныя наступствы гэта можа мець у бліжайшы час.


На гэтым тыдні адбыўся трохдзённы візіт буйных еўрапейскіх чыноўнікаў у Паднябесную. У Пекін прыехаў французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон разам з кіраўніцай Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен. Адна з мэтаў візіту, якую нават і не хавалі госці, — мінімізаваць супрацоўніцтва КНР і Расіі.

Бо, як цытуюць вядомыя еўрапейскія таблойды французскага прэзідэнта, Кітай ці не адзіная ў свеце краіна, здольная пераламіць хаду падзеяў ва ўкраінскай вайне, прычым у абодва бакі. Але цікавы той момант, што сам кітайскі кіраўнік яўна застаўся абыякавым да зваротаў Макрона і нават ні разу ў сваім публічным выступе не ўжыў гэтае слова — вайна.

Макрон_Сі.jpg

Фота. Эмануэль Макрон і Сі Цзіньпін падчас ваеннага парада ў цэнтры Пекіна. Фота www.bbc.com


«У Пекіне Эмануэль Макрон не здолеў пераканаць Сі Цзіньпіна зрабіць жэст на карысць Украіны» — з такім песімістычным загалоўкам дала матэрыял Le Monde пра сустрэчу лідараў краінаў ужо на наступны дзень. Паводле выдання прэзідэнт Францыі спрабаваў пераканаць свайго кітайскага калегу «прывесці Расію да цяму», але Сі не стаў мяняць прыязнага стаўлення афіцыйнага Пекіна да Масквы. Пры гэтым ён паабяцаў падтрымаць любы мірны план ад Францыі.

Такі паварот Еўрасаюза на Усход зусім не выпадковы. Як памятаем, перад вайной і ў самым яе пачатку Макрон безпаспяхова спрабаваў дамовіцца з Уладзімірам Пуціным пра спыненне агрэсіі, якая «паклала канец дзесяцігоддзям міру ў Еўропе». Размова з гаспадаром Крамля вынікаў не прынесла, таму погляд еўрапейскага істэблішменту быў звернуты ў бок Кітая. І тое не выпадкова, бо апошнім часам Кітай стаў актыўна нарошчваць гандлёвыя адносіны з Еўрапейскім Саюзам.

Акурат перад Макронам у Пекіне пабываў іспанскі прэм’ер Пэдрэ Санчас, які агучыў сваю візію падзей. Іспанія падтрымлівае Украіну і яе мірны план — вызваленне ўсіх страчаных тэрыторый. Наогул высокія еўрапейскія чыноўнікі цяпер частыя госці ў Кітаі, бо пэўна, імкнуцца зразумець, чаго чакаць у выпадку, калі кітайска-амерыканскія стасункі зноў абвострацца. 

Тым часам Сі Цзіньпінь разыгрывае сваю досыць цікавую і складаную гульню. З аднаго боку, яму вельмі не хацелася б сварыцца з Еўропай, бо там буйнейшы рынак для кітайскіх тавараў і тэхналогій, якія цяжка атрымаць у часе супроцьстаяння з Амерыкай. З іншага боку, зноў актуалізавалася пытанне Тайваня, якое за апошні час з чыста гіпатэтычнага перайшло ў практычную плоскасць. Для Кітая гэты момант з’яўляецца прынцыповым і ні на якія саступкі ён не пойдзе. У перспектыве пытанне тайваньскай паўвыспы можа наогул прывесці да адкрытага амерыкана-кітайскага супрацьстаяння.

Бо калі ў 2021 годзе амерыканскія адмыслоўцы лічылі, што КНР можа паспрабаваць захапіць Тайвань да 2027 года, а ў самім Тайбэі называлі за дату магчымага ўварвання 2025 год, то зараз падзеі істотна паскорыліся. Літаральна днямі міністэрства абароны Кітая запатрабавала ад ЗША спыніць усе афіцыйныя кантакты з Тайванем, а вайсковыя пачалі патруляванне водаў вакол выспы.

Чытайце таксама: Ці грымне Трэцяя сусветная вайна з-за Тайваня?

Прычынай стаў візіт прэзідэнткі Тайваня Цай Івэнь у Каліфорнію, дзе яна сустрэлася са спікерам Палаты ЗША Кэвінам Макарці. Раней, у жніўні 2022 года, на Тайвань прыляцела амерыканская чыноўніца Нэнсі Пэласі — ва ўсім свеце тады нервова сачылі за тым, ці не распачалася яшчэ Трэцяя сусветная вайна. Але потым усе супакоіліся, таму што яе візіт меў падкрэслена прыватны характар.

Гісторыя вакол мяцежнай паўвыспы дастаткова даўняя. Менавіта на яе вымушаны былі перабрацца кітайскія нацыяналісты з Гаміндану, якія ў канцы 1940-х гадоў прайгралі ў грамадзянскай вайне камуністам. Пэўны час легітымнасць Кітайскай Рэспублікі заставалася за Тайбэем, але ў 1970-я, калі адбылося канчатковае прызнанне Кітая нават у ААН, пытанне было закрыта.

Спадкаемцы Сунь Ятсена і генерала Чан Кайшы, якія працяглы час кіравалі на выспе, даўно ўжо не пры ўладзе. Паноўная Дэмакратычная кааліцыя хіліцца да амерыканцаў і падумвае аб абвяшчэнні Тайваньскай рэспублікі. Але нават адной афіцыйнай заявы аб незалежнасці выспы ад мацерыка будзе дастаткова, каб у КНР з’явілася нагода для ўварвання. Па злой іроніі лёсу цяпер за збліжэнне з Кітаем выступаюць акурат гамінданаўцы...

Чарговая эскалацыя канфлікту адбылася зусім нядаўна, калі ўвосень 2021 года ў Вільні адкрылася прадстаўніцтва Тайваня, што выклікала даволі нервовую рэакцыю ў афіцыйнага Пекіна. Бо тым самым наша суседка парушыла так званы «прынцып аднаго Кітая». Акрамя Літвы, апошнім часам вельмі шчыльна супрацоўнічаюць з мяцежнай выспай таксама Польшча, Чэхія і Славакія. Тыя краіны, якія некалі былі ў складзе сацыялістычнага лагеру.

Такім чынам, відавочна, что ў гэтай канфігурацыі Сі Цзіньпінь імкнецца граць адразу некалькі гульняў. Не парываючы сувязяў з Масквой, якой Кітай разам з тым і не дае ніякай рэальнай дапамогі, ён спрабуе разбіць альянс між Еўропай і Амерыкай. Пры чым «кітайскае» пытанне выклікае, як бачым, рознагалоссі і ў шэрагах еўрапейскіх палітыкаў. Можна меркаваць, што цяперашняя дыпламатычнага гульня Пекіна мае на мэце развесці пазіцыі Еўропы і ЗША па максімальнай колькасці кірункаў.

Пекін аб’ектыўна будзе імкнуцца да таго, каб адначасова не заставацца ў баку, але і не займаць нічый бок у расейска-ўкраінскім канфлікце. Кітайская задача мінімум зараз — не страціць рынкаў, самім не ўлазіць, але ўплываць на сітуацыю, не забываючы і аб сваіх інтарэсах. Задача максімум — пазіцыянаваць сябе як другі — альтэрнатыўны амерыканскаму полюс сусветнай геапалітыкі.

Тое можна зразумець па абвешчанай Сі Цзіньпінам у сакавіку ініцыятывы «Глабальнай цывілізацыі». Сутнасць яе даволі простая — пабудова шматпалярнага свету, дзе розныя «цывілізацыі» будуць мець аднолькавыя правы. 

Першыя вынікі такога падыходу можна заўважыць ужо эканоміцы, а менавіта: пераход Бразіліі і Кітая на гандаль у нацыянальных валютах; заявы прэм’ер-міністра Малайзіі аб тым, што няма прычын працягваць залежаць ад даляра ЗША; заява Саудаўскай Аравіі аб уступленні ў ШАС і БРІКС; заява 8 краін АПЕК аб добраахвотным скарачэнні здабычы нафты.

Разам з тым пакуль бачна, што кітайска-расійскае «Сяброўства без абмежаванняў» — не болей чым рыторыка. Афіцыйны Пекін, прынамсі па стане на зараз, не падтрымлівае «спецыяльную ваенную аперацыю» ва Украіне, не прызнае Крым расійскім — як і тэрыторыі, якія былі далучаны да Расіі ўвосень мінулага года, і не аказвае ваеннай падтрымкі Маскве.

Ці атрымаецца Сі Цзіньпіню выйсці пераможцам з такой шматвектарнай і вельмі складанай геапалітычнай гульні, пакажа час...

Сяржук Загорны, budzma.org