Інфармацыйная прастора апошнія некалькі дзясяткаў год пераўтварылася ў моцны інструмент па ўздзеянні на масавую свядомасць. Настолькі магутны і ўсеабдымны, што ягоная вартасць для палітыкаў даўно па значнасці пераўзышла сістэму адукацыі ды іншыя падобныя істытуцыі па «выхаванні грамадзянаў». Ці варта давяраць сацыялагічным апытанням? Як маніпулююць іх вынікамі, і як праверыць на наяўнасць верагодных маніпуляцыяў? Расказваем у артыкуле.
За пару мінулых год у Беларусі і нашым рэгіёне Еўропы мы маглі некалькі разоў ужывую пераканацца, наколькі масавая свядомасць можа быць гнуткай. Як з дапамогай інтэрнэт-бамбардавання скача сінусоіда зацікаўленасці чалавечых масаў. Ад апалітычнасці ў бок масавых пратэсных выступленняў і наадварот, да літаргічнай стадыі самацэнзуры.
Публікацыі вынікаў даследаванняў грамадскай думкі вельмі істотна ўплываюць на розумы значнай часткі аўдыторыі ў інфармацыйнай прасторы. Стратэгія пацверджання патрэбных інфаманіпулятарам тэзаў «меркаваннямі простых грамадзянаў» нават больш эфектыўна кранае тонкія струны душы грамадства, выклікае адпаведныя моманту эмацыйныя рэакцыі, чым «выступленні экспертаў» і вядомых асобаў (музыкаў, спартоўцаў, артыстаў і г. д.).
Нічога дзіўнага, што накідванне патрэбных наратываў грамадству праз распаўсюд дадзеных апытанняў з неабходнымі інтэрпрэтацыямі ўсё больш выкарыстоўваецца ў палітычных тэхналогіях.
Маніпуляцыі палітыкаў і даследчыкаў
Калі заходнія палітыкі і сацыёлагі па-ранейшаму «абцяжараныя» верагоднымі рэпутацыйнымі рызыкамі, на ўсходзе Еўропы і ў іншых краінах з падобнымі каманднымі сістэмамі вынікі апытанняў стала выкарыстоўваюць для маніпуляцыяў. Адміністрацыі ў такіх краінах у асноўным зацікаўленыя ў легітымацыі сваіх рашэнняў у грамадстве праз накіданне ў масавую свядомасць усведамлення «ўсеагульнай згоды».
Фота: central.asia-news.com
Нават самая неверагодная прапаганда трапляе ў масавую свядомасць і з часам можа пераўтвараецца ў трэнды. У Беларусі можна было неаднаразова пераканацца ў гэтым.
Амерыканскі даследчык Кэйл Хорн так апісвае дзеянні аўтарытарных сістэмаў у сферы выкарыстання даследаванняў грамадскай думкі:
«Працэс апытанняў і фармуліроўкі могуць ладзіцца толькі з мэтай увядзення грамадстваў у зман. Праводзіцца выключна дзеля пацверджання лаяльнасці ўладам масаў.
Даследчыкі і журналісты могуць інтэрпрэтаваць вынікі апытанняў толькі дзеля легітымацыі рашэнняў каманднага апарата ў вачах грамадства.
Палітычныя тэхналогіі дазваляюць фарміраваць кантэнт СМІ такім чынам, што нават відавочна фальсіфікаваныя высновы могуць выстаўляцца за бясспрэчныя факты».
Некаторыя навукоўцы сцвярджаюць, што ўзгаданыя практыкі камандных апаратаў у постсавецкіх краінах сфармавалі даволі ўнікальнае стаўленне насельніцтва да якіх-кольвек апытанняў (нават тых, што здзяйсняюцца незалежнымі структурамі).
Значная частка рэспандэнтаў разглядае апытанні як камунікацыю з уладамі. Зрэдку — у якасці выказвання незадаволенасці.
У выніку адказы не заўжды з’яўляюцца шчырымі. Удзельнікі даследаванняў, з аднаго боку, спрабуюць прадэманстраваць лаяльнасць адміністратыўнай сістэме, а з іншага, данесці пэўныя нязначныя пасылы, якія ў першую чаргу тычацца бытавых праблемаў.
Не дарма падчас «выбараў» ад кандыдатаў у «дэпутаты» гучыць выключна рыторыка, што тычыца камунальнай гаспадаркі, але ні ў якім разе не зменаў у палітычнай сістэме.
У такой атмасферы нават сацыёлагі больш звяртаюць увагу на дзеянні, але не на словы. Напрыклад, пра стаўленне да інстытута сям’і з боку маладых жыхароў Беларусі больш яскрава сведчыць завоблачная лічба разводаў пасля некалькіх год сумеснага жыцця, чым шматлікія апытанні аб адданасці «сямейным каштоўнасцям». Адказаць рэспандэнт можа што заўгодна, але рэальную сітуацыю лепш за ўсё адлюстроўвае статыстыка, якая абясцэньвае ў гэтым выпадку любыя даследаванні грамадскай думкі.
Сумнеўныя метады ацэнкі даследаванняў
Скажэнне дадзеных апытанняў можа быць звязана з хібнасцю метадалогіяў, якія недастаткова ўлічваюць нізкі ўзровень адказаў рэспандэнтаў. Гэта даўно адзначаюць у заходніх структурах па вывучэнні грамадскіх меркаванняў.
Так званы response rates (узровень адказаў) у залежнасці ад тэматыкі апытанняў вагаецца ў сярэднім ад 3 да 5% і на захадзе, і на ўсходзе еўрапейскага кантынента. Толькі падчас даследаванняў па найбольш значных актуальных тэмах, усяго з некалькімі пытаннямі гэтыя адсоткі ў найлепшых выпадках ледзь дацягваюць да 15%.
Крытыка метадалогіяў, якія лічаць рэпрэзентатыўнымі вынікі апытанняў з такімі нізкімі каэфіцыентамі адказаў, абапіраецца на вельмі простую логіку: якія б не былі прычыны адмоваў, лічыць, што меркаванні 5% ад трапілых у выбарку, заснаваную на статыстычных даных дэмаграфіі, не толькі неэтычна, але і можа прыводзіць да небяспечных наступстваў.
Ёсць і другі аспект, які якраз тычыцца хутчэй краінаў з сістэмамі, заснаванымі на азіяцкіх тыпах сатрапіяў.
Хаця далёка не толькі ў выпадках абсалютысцкіх метадаў кіроўнага апарата сустракаюцца выпадкі так званай спіралі маўчання:
«Спіраль маўчання — гэта сацыяпсіхалагічны тэрмін, які апісвае тэндэнцыю людзей не выказваць уласную думку, калі, як здаецца ім, яна не супадае з меркаваннем большасці. Гэта адна з праяваў больш агульнай з’явы — эфекту далучэння да большасці.
Спіраль маўчання прыводзіць да таго, што людзі пачынаюць падтрымліваць больш папулярны пункт гледжання. Ці яны проста хаваюць свае сапраўдныя погляды і перакананні, не выступаюць супраць таго, што лічаць несправядлівым».
Фота: imageio.forbes.com
Гэтая з’ява можа адбывацца і без рэпрэсіяў ці запалохванняў, рэпрадукуючы маўчанне ўнутры грамадства з-за асаблівасцяў чалавечай псіхікі і спосабу паводзінаў асобаў у соцыуме. Таму практыка фарміравання «маўчання» ўласцівая сёння не толькі для дэспатыяў азіяцкага кшталту, але і для заходняга грамадства, дзе апошнія некалькі дзясяткаў год атрымала пашырэнне так званая культура скасоўвання:
«Тэндэнцыя ў інтэрнэце і грамадскім жыцці выключэння з публічнай сферы людзей, знакамітасцяў, брэндаў і арганізацый за меркаванне, якое не адпавядае існуючым трэндам.
Калі нават адкінуць спрэчныя сітуацыі і разумець культуру скасоўвання як сродак сацыяльнай справядлівасці, нельга абмінуць падабенства такіх практык да «суду натоўпу»».
У такіх выпадках не кожны індывід наважыцца шчыра адказваць на ўсе пытанні падчас вывучэння грамадскай думкі нават у дэмакратычных краінах. Не кажучы ўжо пра краіны з аўтарытарнымі метадамі кіравання.
Ісціна можа хавацца ў дэталях
Нельга сказаць, што сацыёлагі ўвогуле не карыстаюцца інфармацыяй, якую размяшчаюць на сайтах структураў па правядзенні апытанняў грамадскай думкі. Некаторыя спецыялісты спрабуюць знайсці ў асобных дэталях некаторыя тэндэнцыі ў супольнасцях, вылічыць разрывы ў меркаваннях розных узроставых, сацыяльных групаў. Але наўрад ці ў адмыслоўцаў выклікаюць давер лічбы, якія абагульняюць меркаванне ўсяго грамадства па тым ці іншым пытанні. Якраз такія агульныя лічбы і метадалогіі іх атрымання выклікаюць найбольш пытанняў.
Асабліва скептычна сацыёлагі ставяцца да анлайн-апытанняў, пры правядзенні якіх дэмаграфічны і сацыяльны зрэзы часцей за ўсё не адпавядаюць рэальнаму становішчу ў грамадстве. Напэўна, больш рэпрэзентатыўнымі ў вачах спецыялістаў выглядаюць так званыя фокус-групы — вялікія апытанні, якія праводзяцца асабіста. Пры гэтым рэспандэнты падбіраюцца згодна з метадалогіяй вызначэння дэмаграфічнай карты.
І нават у такім выпадку шчырасць адказаў удзельнікаў фокус-групаў выклікае сумневы. Бо ўдзельнічаюць яны ў даследаваннях у большасці выпадкаў за грашовую ўзнагароду.
Калі вы не маеце часу ці жадання вывучаць метадалогіі, шукаць дадатковую інфармацыю пра каэфіцыенты адказаў апытанняў, не варта адразу лічыць праўдзівымі гучныя загалоўкі ў СМІ, матэрыялы, напісаныя на падставе розных даследаванняў.
Напэўна, варта пашукаць меркаванні адмыслоўцаў наконт рэпрэзентатыўнасці апытанняў, на якія абапіраюцца аўтары артыкулаў. Асабліва з загалоўкамі такога кшталту: «Палова беларусаў лічыць...», «Большасць амерыканскіх шкаляроў гатовыя...» і г. д.
Бо на практыцы выяўляецца, што такія артыкулы часта пішуць, каб сыграць на эмоцыях чытачоў, спасылаючыся на даныя хутчэй за ўсё сумнеўных апытанняў.
А. Г., budzma.org