Дзякуй вам, шаноўныя ўдзельнікі Цмок-віктарыны!
Цмок і “Будзьма!” шчыра ўсцешаныя вашай актыўнасцю і дасканалымі ведамі! Мы падвялі вынікі і гатовыя ўзнагародзіць пераможцаў эксклюзіўнымі падарункамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Мастак – Ніна Сокалава-Кубай. Дызайн – Анатоль Лазар
Першымі пяццю чалавекамі, якія хутчэй за ўсіх даслалі правільныя адказы і атрымліваюць галоўныя прызы, сталі:
- Яна Самайловіч
- Andrei Shavlugo
- Anna Parul
- Viktoryia Kavelich
- Kiryl Kuzmich
Віншуем!
Заахвочвальныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” чакаюць таксама наступных цмоказнаўцаў:
- Raman Patapczuk
- Вольга Кавалеўская
- Таццяна Каладзей
- Maryia Kopciel-Sciapura
- Vitaly Shashko
- Vladislav Gumennik
- Наталля (апошнія лічбы нумару тэлефон ***-52-40)
- Паліна Маргун
Шаноўныя пераможцы, неўзабаве мы звяжамся з вамі і паведамім, як можна атрымаць прызы!
А цяпер увага! Правільныя адказы Цмок-віктарыны ад “Будзьма!”:
Пытанне 1
Жыхары Валэйкішак, што на Астравеччыне, расказваюць: калісьці каля іх вёскі жыў цмок, што бавіўся з вялікім каменем і не даваў людзям прайсці па дарозе. І тады адзін разумны чалавек узяў барана, злупіў з яго скуру, заліў яе смалою і серкай і паставіў каля каменя. Цмок пабачыў барана, зубамі яго — цуп! Гарачая смала заліла яму глотку, цмок зароў і падох. Звалі цмока Вяль.
Дык вось, калі верыць жыхарам Валэйкішак, рык беларускага Вяля пачуў яго польскі калега – цмок Крок. І таксама падох – са страху.
А як называецца гара, пад якой жыў гэты цмок і каля якой яго, дарэчы, яго можна пабачыць дагэтуль?
Адказ: Вавель
Вавель – каралеўская гара ў Кракаве, колішняй сталіцы Рэчы Паспалітай. Людзі верылі, што пад гарой сапраўды жыў цмок. Дарэчы, польская і беларуская гісторыі перагукаюцца: Вавельскага цмока, паводле адной з легендаў, забіў шавец Скуба, падклаўшы яму залітага серкай барана, пасля чаго “цмок выпіў палову Віслы і даў дуба”.
Помнік цмоку паставілі пад гарой Вавель у 1972 годзе. Раз на некалькі хвілінаў ён пыхае самым сапраўдным агнём!
Крыніцы:
- Ірына Дубянецкая: “Я налічыла прынамсі 9 відаў беларускіх цмокаў”
- Smok wawelski
Пытанне 2
У беларускіх легендах сустракаліся і цмокі-рамеснікі, а менавіта – краўцы ды шаўцы. Існавала правіла,як замаўляць цмоку-краўцу адзежу. Трэба было сказаць: “Цмок, пашый абы-як, абы насіць” – і тады цмок шыў цудоўную, шыкоўную вопратку. Толькі вось нельга было прасіць вельмі прыгожую, шыкоўную вопратку з мэтай хадзіць у ёй туды – іначай цмок абавязкова пашые вопратку крывую, касабокую – з рукавамі на спіне.
Дык куды гэта – туды?
Адказ: у царкву (касцёл)
Беларускі цмок – істота амбівалентная. Паводле ўдалага параўнання Ірыны Дубянецкай, цмок – як батарэйка, з полюсамі “плюс” і “мінус”. Так што не дзіўна, што і цмок-кравец – гэта суцэльная супярэчнасць. Цэркваў цмокі яўна не любілі. Ну а найлепшую вопратку нашы продкі, вядома ж, надзявалі па святах, каб ісці ў царкву або касцёл.
Крыніца: Ірына Дубянецкая: “Я налічыла прынамсі 9 відаў беларускіх цмокаў”
Пытанне 3
З назвы гэтай цэнтральнай Мінскай вуліцы, якая захавалася, нягледзячы на перайменаванні, можна лёгка здагадацца, што там калісьці была гара пасярод балота. Гара называлася Змеевай, бо тут жыў цмок, якому жыхары Менска прыносілі ў ахвяру прыгожых дзяўчат. Вады там, праўда, дзякуючы калектарам, даўно ўжо няма…
Але, можа, вы здагадаецеся, як называецца вуліца?
Адказ: Сухая
Калектар быў падказкай – бо вуліца Калектарная суседзіць з вуліцай Сухой!
Крыніца: Сяргей Харэўскі: “У Беларусі 26 Чорных азёраў, і ў кожным жыве цмок!”
Пытанне 4
Дык вось, у Менску на Змеевай гары жыў цмок і еў прыгожых дзяўчат. Адзін герой вырашыў спыніць гэта і выйшаў на бой з пачварай. Рыцару ўдалося заблытаць цмока, паказаўшы таму ягонае адлюстраванне…
Здагадайцеся, дзе цмок пабачыў сваё адлюстраванне, і назавіце героя грэцкай міфалогііі, які расправіўся з адной пачварай, ужыўшы падобны прыём.
Адказ: Персей
Антычны герой Персей, як вядома, забіў Медузу – адну з трох сёстраў Гаргонаў, гледзячы на яе адлюстраванне ў сваім шчыце – бо позірк Медузы Гаргоны нёс людзям смерць. Дарэчы, замест валасоў Гаргоны мелі змеяў, а значыць, былі своеасаблівай мадыфікацыяй цмока!
А беларускі цмок, забіты адважным героем, дарэчы, дапоўз на Свіслачы (цяпер скрыжаванне праспекта Пераможцаў і Мельнікайтэ), дзе і падох. І, маўляў, яго косткі можна там пабачыць і сёння… Вы не бачылі?
Крыніца: Сяргей Харэўскі: “У Беларусі 26 Чорных азёраў, і ў кожным жыве цмок!”
Пытанне 5
Беларускі цмок быў істотай шляхетнай і нават фанабэрыстай. І меў свой строгі маральны кодэкс. Напрыклад, яго ахвярамі рабіліся найперш распуснікі. Так, ён ніколі не чапаў людзей бедных і непітушчых. Але быў і іншы надзейны спосаб назаўсёды пазбегнуць пільнай увагі цмока.
Што трэба было зрабіць хлопцу або дзяўчыне, каб іх не чапаў цмок?
Адказ: жаніцца (выйсці замуж)
Паводле мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага, цмок у Беларусі быў Бабаем для тых, хто не спяшаўся стварыць сям’ю…
Крыніца: Сяргей Харэўскі: “У Беларусі 26 Чорных азёраў, і ў кожным жыве цмок!”
Пытанне 6
Калі верыць паданням, амбівалентны і супярэчлівы беларускі цмок найверагодней жыве ў азёрах, якія называюцца ТАК. Азёраў, якія называюцца ТАК, у Беларусі ажно 26! Але каб быць упэўненым, што цмок жыве ў возеры, якое ТАК называецца, трэба пашукаць побач возера, якое называецца ГЭТАК. Напрыклад, вы гарантавана сустрэнеце цмока ў адным з азёраў Берасцейшчыны, каля Спорава.
Якія прыметнікі мы замянілі словамі “так” і “гэтак”?
Адказ: Чорнае, Белае
Крыніца: Сяргей Харэўскі: “У Беларусі 26 Чорных азёраў, і ў кожным жыве цмок!”
Пытанне 7
Адным з улюбёных заняткаў беларускага цмока было пілаваць камяні. Пабачыўшы дзе расколаты або надколаты валун, будзьце пэўныя – гэта цмачыная праца.
Згадайце звычайныя выявы цмока і здагадайцеся, чым цмок пілаваў каменне.
Адказ: грабеньчыкам на хвасце (хвастом)
Крыніца: Андрэй Скідан: “У Статуце ВКЛ быў артыкул аб абароне цмокаў!”
Пытанне 8
Як сведчаць даследчыкі міфалогіі, палескія цмокі – траваедныя. Яны ядуць траву, каб перапрацоўваць яе… у агонь! А вось паводле паўсур’ёзнага дапушчэння Антона Астаповіча, агняпальнасць беларускага цмока – гэта сігнал для беларускіх геадэзістаў, бо сведчыць пра наяўнасць у нашых нетрах…
Чаго?
Адказ: Нафты
Крыніцы:
- Андрэй Скідан: “У Статуце ВКЛ быў артыкул аб абароне цмокаў!”
- Антон Астаповіч: “Беларускі цмок еў браканьераў і рэкеціраў!
Пытанне 9
Беларусі цмок мог жыць на зямлі, у вадзе і ў паветры. Але дзве з гэтых стыхій пераважалі. Так, калі верыць паданням, цмок кажнюсенькі дзень наведваў адну гаспадарчую пабудову, якую і дагэтуль можна багата пабачыць у вёсках.
Дык куды любіў хадзіць цмок?
Адказ: у лазню
Беларускія цмокі былі вялікімі акуратыстамі! А лазня, як вядома, – гэта саюз агню і вады.
Крыніца: Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік. Мінск, Беларусь, 2006. С. 543–544 (артыкул Сяргея Санько “Цмок”).
Пытанне 10
Беларусы верылі, што цмок – валадар водаў. Адной з яго задачаў было ўсталёўваць баланс паміж водамі зямнымі і нябеснымі.
А якую прыродную з’яву нашы продкі называлі “цмокам”?
Адказ: вясёлка
Вясёлка-цмок “смактала” ваду з ракі пасля дажджу, вяртаючы яе на неба. Дарэчы, адно са значэнняў слова “цмок” у ранейшай беларускай мове – насос, помпа…
Крыніца: Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік. Мінск, Беларусь, 2006. С. 544 (артыкул Сяргея Санько “Цмок”).
Віншуем пераможцаў!
Будзьма з Цмокам!