Аніматар Міхаіл Тумеля звольніўся з беларускай Акадэміі мастацтваў

23.08.2023 Адукацыя

Днямі мастак забраў адтуль працоўную кніжку, паведаміў канал «Свяшчэны Белавуд». На думку аўтараў канала, тое, што з Міхаілам Тумелем не працягнулі працоўны кантракт, можа быць метадам схаваных рэпрэсій збоку рэжыму.


Малюнак М. Тумелі
Малюнак з комікса Міхаіла Тумелі

«Але сёння завершыўся 15-гадовы тэрмін майго настаўніцтва для студэнтаў-анiматараў у сценах Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў. Разышлiся "па пагадненні бакоў", як запicана ў зялёнай працоўнай кніжцы.

Худрук мультстудыi Алег Белавусаў прыцягнуў мяне да выкладання мультыплiкату для набранага iм у 2008 годзе курсе анiматараў пасля 10-гадовага перапынку ў выкладаннi анiмацыi у Беларусi», — напісаў Міхаіл у фэйсбуку.

Міхаіл Тумеля — знакаміты беларускі аніматар, лаўрэат міжнародных фестываляў. Ён працаваў у мностве краін: Беларусі, Расіі, Паўднёвай Карэі, Японіі. Тумеля праславіўся такімі працамі, як «Чароўная жалейка», «Беларускія прымаўкі», «Беларуская выцінанка», «Аповесць мінулых гадоў». Таксама Міхаіл вёў на тэлебачанні перадачу «Мульціклуб», у якой удзельнічаў знакаміты персанаж Паца-Ваца.