«Фестывалілі ўжо ў чацвер». Пад Беластокам распачаўся фестываль TUTAKA 2026

17.07.2026 Забавы

У польскім мястэчку Гарадок на Падляшшы 17 ліпеня распачаўся шосты фестываль TUTAKA 2026. Сёння ўвечары на сцэне выступяць гурты RIMA, Roots vibracja X Dub Robaj, а таксама Анастасія Рыдлеўская. Агулам на тры дні фестывалю арганізатары запланавалі больш за 50 актыўнасцяў. Сярод іх канцэрты, лекцыі, квізы, прэзентацыі кніг, нефармальныя сустрэчы з музычнымі гуртамі і нават ёга і этнафотасесіі.
01-TUTAKA2026_1162.png


Падчас усяго фестывалю будзе працаваць кірмаш, дзе можна набыць вырабы беларускіх рамеснікаў і нацыянальна-арыентаваных брэндаў.

02-TUTAKA2026_1162.png

Першыя наведнікі фестывалю прыехалі ў чацвер 16 ліпеня.

«Мы прыехалі ўчора, у чацвер. І днём фестываль ужо жыў сваім жыццём. Было шмат намётаў, людзі спявалі песні, — кажа наведнік фестывалю Цімафей. — Людзі спявалі песні, гатавалі ежу. Фестывалілі ўжо ў чацвер».

Увялі квіткі, змянілі лакацыі і арганізавалі дзіцячую пляцоўку

Сёлетні фестываль адрозніваецца ад папярэдніх. Упершыню ўваход на фестываль не вольны, а па квітках. Таксама адбылася змена фестывальных лакацый і з’явілася дзіцячая пляцоўка.

«У гэтым годзе, апроч квіткоў, у нас з’явілася дзіцячая пляцоўка. Яе арганізавалі дзякуючы дапамозе каманды „Будуй сваё“, куды беларусы пералічвалі 1,5% ад сваіх падаткаў у Польшчы», — сказала кіраўніца праектаў Фундацыі «Тутака» Настасся Суханосік.

03-TUTAKA2026_1162.pngДзіцячая пляцоўка на фестывалі Тутака, арганізаваная дзякуючы дапамозе каманды „Будуй сваё“

Таксама на фестывалі рэарганізавалі размяшчэнне пляцовак. Сцэну перанеслі на паляну, дзе летась размяшчалася намётавае мястэчка. А намётавы лагер — размясцілі побач з лакацыяй, дзе раней стаяла сцэна. Апроч таго, у намётавых мястэчках зрабілі душ з гарачай вадой.

SHA20260717_TUTAKA2026_1175.png

Першыя сустрэчы, дыскусіі і лекцыі

У пятніцу — другі дзень фестывалю можна было ўзяць удзел у нефармальнай сустрэчы з выканаўцамі — Анастасіяй Рыдлеўскай, а таксама падляшскім гуртом з Гарадка RIMA. Размову з музыкамі праводзіла журналістка Марына Савіцкая.

05-TUTAKA2026_1162.pngПадчас нефармальнай сустрэчы з Анастасіяй Рыдлеўскай

07-TUTAKA2026_1162.png
Гурт RIMA і мадэратарка сустрэчы, журналістка Марына Савіцкая

Святар Аляксандр Кухта распавёў пра беларускую праваслаўную царкву. А на дыскусійных пляцоўках адбываліся размовы пра будучыню Беларусі з удзелам Паўла Латушкі, Яўгена Вапы, Алега Латышонка і іншых.

04-TUTAKA2026_1162.pngСвятар Аляксандр Кухта

06-TUTAKA2026_1162.png

Tutaka 2026

Нагадаем, у межах фестывалю Tutaka ў суботу, 18 ліпеня, адбудзецца сустрэча з аўтарскай камандай праектаў «Трызуб і Пагоня», «Сармат», «Беларусь 18|63» ад грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі»Кацярынай Ваданосавай, Васілём Калачом і Алесем Кіркевічам.

Час сустрэчы: 15.50-17.20

Мерапрыемства адбудзецца ў біваку паўстанцаў 1863 года клуба гістарычнай рэканструкцыі «Invictus 1863»

Праграму фестывалю можна паглядзець тут. 


А.Ш. Budzma.org