«Тузін. Unplugged» у чэрвені: Dali і Vinsent

14.06.2011 Афіша

Жывы Тузін

У трэцім канцэрце з сэрыі «Тузін. Unplugged» 16 чэрвеня выступіць гурт Dali на чале зь Віктарам Рудэнкам і рэпэр Vinsent з жывым складам музыкаў. Кожны з выступоўцаў рыхтуе экслюзіўны сэт. Dali пакажуць праграму, якую рыхтуюцца прэзэнтаваць у Маскве, а каманда Вінсэнта рыхтуе акустычныя варыянты ўжо вядомых песень, аранжыроўкі некаторых зь іх зьменяцца карэнным чынам.
Песьні Вінсэнта добравядомыя наведнікам «Тузіна Гітоў». Рэпэр дэбютаваў у чарце на пачатку 2008 году з трэкам «Менск-Парыж», заявіўшы, што зьбіраецца зьмяніць стан справаў у беларускім рэпе. Яго наступны гіт «Адыходзяць караблі» займеў сур’ёзны посьпех, трэк двойчы ўзьнімаўся на першую прыступку гіт-параду. За гэты час Вінсэнт запісаў і прэзэнтаваў дэбютны альбом «Пачатак», зладзіў першы фэстываль беларускамоўнага рэпe, а потым зьдзівіў усіх, заявіўшы пра свой жывы праект. Vinsent з гуртом загучаў ды яшчэ як — яго сольны канцэрт у «Рэактары» выклікаў немалы розгалас. На канцэрце «Тузін. Unplugged» 16 чэрвеня Vinsent разам з сваімі музыкамі прадставіць адмысловую праграму: «Мы падрыхтуем акустычныя варыянты ўжо вядомых песень. У некаторых аранжыроўкі значна зьменяцца. Для мяне і музыкаў гэта будзе цікавым досьведам. Будзем рабіць экспэрымэнты з гукам», — заяўляе выканаўца.

Другія выступоўцы — гурт Dali таксама могуць пахваліцца сваёй арыгінальнасьцю. Яны дэбютавалі на «Тузіне Гітоў» на інтэрнэт-адборы да фэсту «Басовішча» ў 2005 годзе і вылучыліся сярод астатніх сваёй пазытыўнасьцю і нестандартнасьцю. Усе наўкол мэтал граюць ды пра гаротную старонку пяюць, а тут раптам — «Грай гармон». На «Басовішча» Dali так і ня трапілі, ад таго, відаць, вырашылі паспрабаваць свае сілы ў адборышчы на «Эўравізію». Некалькі гадоў запар яны падавалі заяву, але ў фінальную стадыю адбору трапілі толькі ў Польшчы. У 2009 годзе Dali рэальна прэтэндаваў на тое, каб прадставіць гэту краіну на эўрапейскім фэсьце. Не хапіла зусім трошкі, затое музыкі паказаліся ў этэры польскага тэлебачаньня і даказалі сабе і людзям, што няма нічога немагчымага. На «Тузін. Unplugged» 16 чэрвеня гурт рыхтуе акустычную праграму, якую неўзабаве прэзэнтуе ў Маскве. Уяўленьне пра жывое гучаньне Dali можна скласьці паводле песьні «Пахне чабор», якая брала ўдзел у чарце на «Тузіне Гітоў».

Па традыцыі весьці імпрэзу будзе лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка, нязьменны вядучы радыёвэрсіі гіт-параду «Тузін Гітоў», якая ідзе на хвалях «Радыё Рацыя».

Канцэрт «Тузін. Unplugged» падтрымлівае грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі».

Канцэрт пачнецца ў 19:00 16 чэрвеня ў менскім клюбе «Графіці» (зав. Калініна, 16). Кошт квітка — 25 000 руб. Набыць яго можна ў клюбе загадзя з 18:00 да 22:00 штодня, акром суботы і нядзелі. Колькасць месцаў абмежаваная!

Інфалінія — (029) 638-44-44, (033) 638-44-44, skype, google: Diskoteq, ICQ: 531-07-353