Тыбет пад вокладкай з дошчачак

26.02.2010 Кнігагляд

foto-32
“Бліжэй толькі неба”

Экзатычныя абрысы таямнічага Тыбета ў фотаздымках і тэксце склалі новую кнігу Аляксея Андрэева пад назвай “Бліжэй толькі неба”, якую прэзентавалі ў кнігарні “Ў” 25 лютага.

Кніга ўяўляе сабою цэласны арт-аб’ект, што вядзе бясконцае высвятленне словаў і ілюстрацыі. Мастацкі твор выкананы ў кніжных традыцыях Тыбета і нагадвае сапраўдны артэфакт. Асобныя фотаздымкі перакладзеныя старонкамі з тэкстам і загорнутыя ў вокладку з фанерных дошчачак. Аляксей Андрэеў – аўтар чатырох кніг, сярод якіх “Дневник отражений”, “Ночь. Дидактика” і “Другой ветер”. Кожная з іх спалучае некалькі відаў мастацкага мыслення. “Бліжэй толькі неба” – паліграфічны, літаратурны і фатаграфічны праект.

fota-14
Аляксей Андрэеў

Аляксей Андрэеў:

Незвычайная форма гэтай кнігі прыдуманая не мной. Большасць культавых тыбецкіх кніг існуе ў выглядзе набору лістоў, якія перакладваюцца дрэвам ці скурай. Колькасць словаў у гэтай кнізе досыць невялікая ў параўнанні з фотаздымкамі. Ёсць у свеце месцы, трапляючы ў якія, разумееш, што самае галоўнае складана выказаць словамі. У Тыбеце я адчуў гэта вельмі востра.

fota-24
Дырэктарка кнігарні Аляксандра Дынько з кнігай “Бліжэй толькі неба”

У тэксце кнігі адсутнічаюць дзеясловы, каб надаць галоўную ўвагу таму, што адбываецца ўнутры чалавека. Кожная думка пачынаецца і заканчваецца ў межах адной старонкі. Тыраж выдання – 150 экзэмпляраў, што робіць твор бібліяграфічнай рэдкасцю.

Аляксей Андрэеў, выдавец і галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса “Монолог”, марыў аб падарожжы па Тыбеце з дзяцінства. Экспедыцыя па краіне старажытнай цывілізацыі адбылася ўлетку 2008 году.

Аляксей Андрэеў:

Для мяне Тыбет пачаўся яшчэ тады, калі гэта не было модна. Гэтае падарожжа – рэалізацыя дзіцячых мараў. Мне ўжо не дваццаць, і трэба, каб мары спраўджваліся.

Вечарына патанула ў аповедах аўтара пра незвычайную краіну, якія перараслі ў дыскусію паміж прысутнымі. Сярод наведвальнікаў былі заўважаныя філосафы, мастакі і літаратары.

fota-43
Валянцін Акудовіч і Міхал Анемпадыстаў

fota-53
Зала кнігарні падчас прэзентацыі