Тыдзень у беларускай гісторыі за 3 хвіліны. Спецыяльны выпуск пасля святаў

09.01.2018 Гісторыя

Вітаем у новым 2018 годзе! Спадзяемся, што вы змаглі добра адпачыць і годна правесці ўвесь гэты шэраг святаў! Ну а мы вяртаемся да нашых гістарычных летапісаў, каб зноў даведацца, што адбывалася ў пэўны дзень у беларускай гісторыі. Гэты спецыяльны выпуск прысвечаны першаму і святочнаму тыдню 2018 года! Будзе шмат цікавага!

 Вядома, што любы год пачынаецца з 1 студзеня. І тут мы маем некалькі цікавых падзей, некаторыя з якіх варта было б нават адзначыць асобным тостам!

Пачынаем мы з 1908 года. Менавіта ў гэты дзень пачала працаваць першая міжгародняя тэлефонная лінія, якая звязала Мінск і Барысаў! Таму барысаўчанам можна ганарыцца, што першыя тэлефонныя драты між гарадамі правялі да іх!

Наступным ідзе 1919 год. І тут у нас ажно дзве падзеі! Першая – адкрыццё Віленскай беларускай гімназіі. Стваральнікам гэтай установы выступіў Іван Луцкевіч. Спачатку па-беларуску выкладалася не ўсё, але з 1924 года гімназія стала поўнасцю беларускамоўнай. Установа праіснавала да 1944 года. Дарэчы, адзін з яе былых выкладчыкаў дагэтуль жывы і сусветна вядомы – гэта наш навуковец, грамадзянін ЗША Барыс Кіт!

Адначасова з адкрыццём гімназіі была створаная даволі фармальная дзяржава пад назвай ССРБ. Фактычна, гэта было падкантрольнае бальшавікам утварэнне, якое стала антаганістам БНР. Праіснавала яно літаральна пару месяцаў, саступіўшы месца ЛітБел.

Ну і апошняя падзея ў гэты дзень – 1929 год. Менавіта тады адбылося ўрачыстае адкрыццё галоўнай навуковай установы БССР і сучаснай Беларусі – Нацыянальнай акадэміі навук!

Наступны дзень, 2 студзеня. На жаль, тут ужо не да тостаў і святаў. Менавіта ў гэты дзень у 1793 годзе адбыўся 2 падзел Рэчы Паспалітай – падзея, якую нават не мае сэнсу тлумачыць. Тэрытарыяльныя страты вы можаце паглядзець на мапе.

Гісторыя не спыняе руху свайго маятніка – 3 студзеня. І тут прадказальны выходны. Трэба ж пасля святаў і сумных падзей адыходзіць!

І вось мы на 4 студзеня. Тут будзем лаканічнымі.

У 1591 годзе Слонім атрымаў свой прыгожы і велічны герб.

А ў 1996 годзе адкрыўся сёння вядомы музей імя Азгура – вядомага скульптара. На сённяшні дзень установа вядомая сваімі цікавымі і крэатыўнымі мерапрыемствамі і экспазіцыямі, таму раім наведаць!

На календары 5 студзеня. Тут гісторыя ўзяла яшчэ адзін выходны!

Мы амаль дайшлі да праваслаўнага Раства – 6 студзеня. А тут, відаць, падрыхтоўка да чарговага свята, таму таксама няма аб чым казаць.

І вось апагей – заканчэнне шэрагу навагодніх святаў! 7 студзеня! Ну, тут можна сказаць толькі адно: у 1991 годзе урад Беларусі аб’явіў усе Каляды (25 снежня і 7 студзеня) выходнымі. На жаль, цяпер захавалася толькі 7 студзеня, што мы лічым несправядлівым! Але ў любым разе дзякуй, што вы з намі, а мы віншуем вас з усімі прамінулымі святамі! Надышоў час вяртацца ў працоўны строй, каб адчыніць дзверы стварэнню новай гісторыі нашага краю!

 

Багдан Сакалоў