• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
14.11.2016 | Літаратура

Тыдзень Вярцінскага

Можна, канечне, называць яго “адным з найстарэйшых літаратараў Беларусі”, “лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы”, шматгадовым рэдактарам “ЛіМа”, экс-дэпутатам беларускага парламенту, але пры ўсім тым наўсуцэль забыцца напісаць, што Анатоль Вярцінскі, якому 18 лістапада споўніцца 85 гадоў, вельмі моцна змяніў у 1960-я гучанне, форму і самы падыход да паэзіі. Саюз беларускіх пісьменнікаў вырашыў успомніць у гэты тыдзень, які варта было б назваць “тыднем Вярцінскага”, пяць паэтычных зборнікаў Анатоля Ілліча: кожны дзень крытык Ціхан Чарнякевіч будзе каментаваць адну з кніг юбіляра.

Песня пра Хлеб

Першая кніга ва ўсіх паэтаў, нават і самых пладавітых, зазвычай крыху вылучаецца. Калі ж аўтар стаецца аўтарам адной кнігі вершаў, як гэта адбылося з Максімам Багдановічам, зборнік пачынаюць аналізаваць з розных бакоў, спрабуючы намацаць тыя лініі развіцця паэта, якія засталіся нерэалізаванымі. Як правіла, гэта слушны падыход, бо ў першую кнігу паэт збірае ўсё, што ў яго накапілася, скажам так, з нараджэння, і толькі фільтруе матэрыял (самастойна ці з дапамогай рэдактара – альбо і пад прэсінгам ягоным, як тое часта здаралася ў часы БССР).

“Песня пра хлеб” (1962) Анатоля Вярцінскага ў дадзеным ключы не з’яўляецца выключэннем – ключы да іншых, далейшых кніг тут можна знайсці, як і тое, што развіцця ў будучыні не атрымала.

Характэрная адзнака шасцідзясятніцтва – у тым імкненні да абнаўлення паэтычнай мовы і самой вобразнай сістэмы, якое вельмі моцна адчуваецца. Найперш – герой і аўтар тут прамаўляюць ад першай асобы. Можна сказаць, што Вярцінскі пачынае з аўтабіяграфіі – паэмы “Песня пра хлеб” (пачынаць першы зборнік з паэмы – таксама нестандартны ход), якая нібы акумулюе ўвесь замкнёны сялянскі мікракосм і народную рытуальную абраднасць. Паслядоўна, строга, крок за крокам, аўтар праводзіць рэканструкцыю рытуалу выпякання хлеба – як высяваецца зерне ў зямлю, як збіраецца ўраджай, малоціцца, як расчыняецца хлеб, гатуецца рошчына – з павагай да кожнага элемента, які ў сялянскай свядомасці набываў ледзь не магічны статус – дзяжы, хлебнай лапаты, добрага кляновага ліста, на якім пячэцца хлеб, вялікай печы на палову хаты.

Разам з тым, аўтар прыносіў у апісанне рытуалу моцную і вельмі вострую эмоцыю – якраз такую, што можна перажыць толькі ў дзяцінстве і запомніць, і захаваць недзе далёка ўнутры сябе. Такім чынам рытуал тут сплятаецца з вельмі асабістымі ўспамінамі. Тая ж печка персаніфікуецца як асоба, як сяброўка мінулых дзён:

Толькі не будуць ніколі забытымі

Дні, калі ў коміне выў дзіка вецер,

А ты так умела гасцінна прывеціць,

Ты нас акружала цяплом і ласкаю,

Ціха расказвала казку за казкаю,

Змаўкала, зноў чулася ветра гудзенне,

На столі хісталіся прыцемак цені.

Гасла святло замерзлых вокан.

І ўсё перайначвалася навокал –

Цені рабіліся парусамі,

Героямі казачнымі – мы самі,

І плыў аж за трыдзевяць зямель

Дзівосны наш печка-карабель.

Гэтак і самая каравайная абраднасць з’яўляецца як прывід міуналага, як нешта архаічнае, якое тым не менш моцна жыве ў мове і свядомасці паэта, зноў і зноў нараджаецца праз успамін:

Кружыцца першае лісце кляновае.

Стаіць у скверы ціш вераснёвая.

А ўверсе – воблачка, над скверам сінь…

Вітаю цябе, мой слаўны верасень!

Ты той жа ясны, ледзь-ледзь засмужаны,

ты той жа вясёлы, ледзь-ледзь засмучаны.

Цябе з тваёй кожнаю прыкметаю

я добра помню, добра ведаю.

Дзяцінства ніхто не забудзе ніколі.

А ты быў мне лепшым сябрам па школе.

Хіба не ты, прыветны і сонечны,

ранкам якраз такім, як сённяшні,

для нас адчыняў усе дзверы школьныя,

будзіў званкамі ціш навакольную.

І нечым яшчэ ты запомніўся, верасень.

Ці то цішынёй на азёрным беразе,

ці спелай антонаўкай ды аскомінай,

ці, можа, водарам хлебным з коміна?

Адкаснуўшыся ад паэмы, якая, зрэшты, абыймае палову кнігі, варта перайсці да вершаў. Найбольш паказальным момантам для мяне з’яўляецца бачанне таго, як паступова перацякае са старонку тэматыка твораў – не аб’ядноўваючы іх у цыклы і не адзначаючы ў змесце, Вярцінскі з самага пачатку стварае пэўныя блокі, якія ўцялесняцца толькі ў трэцяй кнізе – “Чалавечы знак”. Калі коратка перадаць гэтыя рух і перацяканне, то можна было б сказаць так: ад паэмы, якая рэканструіруе хлебны рытуал, аўтар пераходзіць да тэматыкі касмічнай (што ёсць агульным месцам ледзь не ўсіх паэтычных кніг таго году – першага “паслягагарынскага”), а пасля да тэмы вайны – мінулай і магчымай. Гэтым нібыта і працягваецца ўніверсальны характар паэмнай “хлебнай містэрыі”, але і аддаецца даніна патрабаванням часу. Зноў жа, трэба сказаць, мусовую для ўсіх шасцідзясятнікаў “планетарную” тэматыку Вярцінскі (прынамсі, у гэтым зборніку і ў параўнанні з аднакашнікамі па “філалагічнай” генерацыі) падае як мага больш завуалявана і нават, як у вершы “Зімняе сонцастаянне”, акуратна падкрэслівае ненармальнасць халоднай вайны:

Ахутаны быў увесь прыцемкам бясконцым

Самы кароткі дзень. Запальвалі ліхтары.

Сонца як не ўзыходзіла. Што сталася з сонцам?

Не бачыў ніхто ні ранішняй, ні вечаровай зары.

 

Нам неставала дня. І, будучы не ў гуморы,

Мы гаварылі зноў нервова аб вайне,

Казалі, што часам даводзіць да зморы

Трывога пякучая: будзе вайна ці не?

 

Як вечнасць, цягнулася ноч, глухая і сцюдзёная,

Далёкая самая з усіх начэй ад вясны.

У сонным мазгу ўспыхвалі думкі дзённыя

Ды цяжка варочаліся такія ж трывожныя сны.

 

Затое з палёгкай якой мы сустракалі світанне!

Убачылі мы і зару, і першы прамень…

На гэтым канчалася зімняе сонцастаянне, –

Угору пайшоў павольна, ды верна дзень.

Верш напісаны ў 1961 годзе – за год да разгортвання Карыбскага крызісу, у час якога кіраўнікі ЗША і СССР засталіся ў кроку ад ядзернай вайны. Якраз у той момант, калі ніхто не мог прадказаць, як яно ўсё будзе.

Пасля гэтага верша нібыта назіраецца пералом, калі трывога за планетарную будучыню (і няўпэўненасць у самой будучыні) пакрысе спускаецца на зямлю. У літаральным сэнсе – мы найбольш ведаем Вярцінскага як паэта грамадзянскага гучання, аднак ягонае вясковае ўслухоўванне і ўгляданне ў змену прыроднага календара, апісанне праяваў гэтай змены, як на мой погляд, ёсць адным з самых цікавых вектараў яго паэзіі. Тут жа, у інтэр’еры вясны, з’яўляецца і чалавек, які адчувае. Гэта ўсё той жа апавядальнік, памятны з “Песні пра хлеб” – толькі дарослы, з досведам перажытага і, так бы мовіць, “сфармуляванага”. Тут узнікаюць першыя вольныя вершы, якімі і далей будзе карыстацца Вярцінскі, спрабуючы адысці ад апрыклай гладка-ўдарнай сілаба-тонікі пасляваеннай пары.

– Як хораша! А колькі, скажы, часу?

Яшчэ, напэўна, рана? Пяць гадзін!

Не можа быць! Жартуеш ты, канешне.

Зусім нядаўна ты ка мне прыйшоў.

Пагаварыць як трэба не паспелі,

І пяць гадзін ужо. Не, не,

Гадзіны дзве, не болей. Праўда?

– Не, дарагая, не жартую я.

Ды што нам да гадзінніка, скажы?

– Як разам мы – бягуць-бягуць гадзіны.

Нічым іх не спыніць і не суняць.

Калі цябе я днём чакаю,

Калі чакаю вечарам цябе,

На стрэлкі часта-часта паглядаю.

Здаецца мне: яны стаяць на месцы.

Тады мінуты за гадзін даўжэй,

І вечнасцю здаюцца мне гадзіны.

Першы зборнік Вярцінскага можна, магчыма, назваць класічным для беларускага шасцідзясятніцтва. У ім няма адкрытай крытыкі грамадства, але ёсць жаданне гаварыць ад першай асобы, пра сваё патаемнае і глыбока адчутае – часам даволі тонка і акуратна, без лішняй рыторыкі. Час быццам і падзывае да сябе паэта, і даволі настойліва, але той пакуль вагаецца, ці варта адгукацца на гэтыя чары.

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Праект Women in Tech, які навучае жанчын і дзяўчат ІТ-прафесіям, адзначае паўгода працы. Распавядаем пра першыя вынікі

Крыху больш за паўгода працуе праект Women in Tech, разлічаны на навучанне IT-прафесіям жанчын, асабліва тых, якія праз...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Не менш за 132 дзеячы культуры ў няволі — Беларускі ПЭН

Беларускі ПЭН апублікаваў хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры за другую палову траўня 2023 года,...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Выдавецтва Gutenberg шукае падтрымку для выпуску настольнай гульні «Шляхта»

Хто не марыў ненадоўга апынуцца ў Вялікім Княстве часоў Рэнесансу? Балі, паэзія, палацавыя інтрыгі... Еўрапейскае...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Як размаўляць з тымі, хто думае інакш

Не толькі ў раманах сем’і распадаюцца «праз палітыку», а сяброў робяць ворагамі адрозныя жыццёвыя прынцыпы. Можа...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Праект Women in Tech, які навучае жанчын і дзяўчат ІТ-прафесіям, адзначае паўгода працы. Распавядаем пра першыя вынікі
    Грамадства
    Не менш за 132 дзеячы культуры ў няволі — Беларускі ПЭН
    Грамадства
    Выдавецтва Gutenberg шукае падтрымку для выпуску настольнай гульні «Шляхта»
    Грамадства
    Як размаўляць з тымі, хто думае інакш
    Літаратура
    Якой бачылі Беларусь у замежнай літаратуры
    Грамадства
    Пара перастаць называць польскім, літоўскім, рускім тое, што належыць беларусам
    Гісторыя Асоба
    Няўдалы кароль: кароткае і спрэчнае жыццё Міхала Вішнявецкага
    Літаратура
    Ад Маўра да вяліка: падборка летняй літаратуры для дзяцей і падлеткаў
    Грамадства
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў на 3-4 чэрвеня
    Вандруем разам
    Ад старажытнай царквы да «міні-зыбіцкай». Што варта паглядзець у Гродне на выходныя
    Літаратура
    «Не загаснуць зоркі ў небе»: творцы з усяго свету зладзілі флэш-моб у падтрымку беларускіх пісьменнікаў
    Музыка Музыка
    Гурт «Петля Пристрастия» выступіў з канцэртам у Берліне. Паглядзіце, як драйвова там было
    Грамадства Музыка
    Ёсць, што паслухаць. Падборка травеньскіх беларускіх трэкаў на любы густ і гаманец
    Грамадства Кіно
    Кінафестываль «Паўночнае ззянне» адкрывае Open Call для беларускіх фільммэйкераў
    Грамадства Кіно
    У анлайн-кінатэатры VODBLISK папаўненне — фільм «II» Улады Сяньковай ужо даступны для прагляду

Афіша

  • 04.06

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Фестываль «Культура ў выгнанні» ў Кракаве

  • 04.06 — 18.06Выстава «Калі яго парушыць, яно становіцца адчувальным» у Вільні
  • 04.06 — 18.06Выстава выцінанкі Наталлі Каньковай у Віцебску
  • 04.06 — 18.06Выстава «Abstract» у Віцебску
  • 04.06 — 18.06Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»
  • 04.06 — 07.06Pop-up store беларускіх мастакоў у Мінску
  • 04.06 — 08.06 Выстава Анастасіі Рыдлеўскай «Nothing Left» у Познані
  • 04.06 — 10.06«Past Garden». Выстава Рамана Камінскага ў Варшаве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Таму што мы — беларусы». Як выхоўваць дзіця па-беларуску за мяжой і не толькі?
    • Сяляне ў Вялікім Княстве Літоўскім: як жылі, чым займаліся, што мелі
    • Тэст: Пазнай выканаўцу па радках з трэка
    • Мелказёраў: я не баюся быць тупаком
    • Паглядзіце, якія выцінанкавыя стыкеры зрабіла мастачка Вольга Бабурына
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип