18 красавіка 1814 года ў сям’і графа Піюса Тышкевіча і Аўгусты Плятэр нарадзіўся сын Яўстах Тышкевіч, які стаў адным з піянераў беларускай антрапалогіі і этнаграфіі. У дзень нараджэння даследчыка ўзгадваем, што паўплавыла на яго фармаванне як асобы, які шлях ён прайшоў да стварэння справы свайго жыцця — Віленскага музея старажынасцей, і якую спадчыну пакінуў па сабе.
Яўстах Тышкевіч. Крыніца: commons.wikimedia.org
Звычайна біяграфіі будучых культурных дзеячаў уключаюць эпізод, калі бацькі паўстаюць супраць заняткаў сваіх дзяцей і лічаць, што іх хобі па збіранні нейкіх старых штучак і бясконцае чытанне кніг па гісторыі — гэта ўсё глупства, а займацца трэба больш сур’ёзнымі і прыкладнымі рэчамі. Сапраўды, у сем’ях з невялікім дастаткам тое было абсалютна зразумела. Бацькі перажывалі, ці зможа іх сынок у выніку пракарміць сябе, таму настойвалі, каб ён адмовіўся ад свайго дзіўнага хобі і атрымаў якую-небудзь прыбытковую прафесію. Тышкевічу пашчасціла нарадзіцца ў багатай шляхецкай сямʼі, дзе, да таго ж, было прынята з трапятаннем ставіцца да гісторыі роду, таму ніякай асаблівай драмы з канфліктам бацькоў і дзяцей юны Яўстах не перажыў. Якраз наадварот: бацькі самі былі вялікімі прыхільнікамі культурнай спадчыны, якую хацелі ў што б там ні стала захоўваць і папулярызаваць.
Палац Тышкевічаў у Лагойску, літаграфія Напалеона Орды. Крыніца: wikimedia.org
Бацька Яўстаха Піюс, напрыклад, быў чалавекам інтэлігентным і вельмі творчым. У родавым маёнтку ў Лагойску ён пісаў гісторыю графства, збіраў бібліятэку, рэгулярна набываў новыя экзэмпляры для карціннай галерэі і нават ладзіў сапраўдныя камерныя канцэрты. Акрамя таго, Піюс Тышкевіч захапляўся традыцыйнымі рамёствамі і сам нядрэнна выразаў па дрэве.
У захапленні культурай роднага краю не адставала ад мужа і Аўгуста Плятэр. У Лагойскую сядзібу яна прывезла багаты кнігазбор агульным лікам у тры тысячы тамоў на польскай, старабеларускай, французскай, лацінскай і іншых мовах. Будучы таксама вельмі адукаванай і інтэлігентнай жанчынай яна, акрамя вядзення хатняй гаспадаркі і выхавання дзяцей, таксама ўсяляк падтрымлівала захапленні мужа ў збіранні кніг і карцін.
У такой атмасферы, сярод старажытных манускрыптаў і шэдэўраў італьянскага жывапісу, і рос маленькі Яўстах. Яшчэ адным элементам, які ўнёс уклад у яго развіццё, было і аблічча месцаў, дзе жылі Тышкевічы. На роднай Лагойшчыне былі жывыя таямнічыя народныя абрады на Купалле і Дзяды. Была і яшчэ адна гістарычная загадка, якая абуджала цікавасць юнага Яўстаха да роднай культуры: шматлікія курганы, пра паходжанне якіх не мог толкам нічога расказаць нават надзвычай адукаваны бацька.
Канстанцін Тышкевіч — брат і паплечнік Яўстаха Тышкевіча. Крыніца:
Пасля заканчэння гімназіі, як і належыць хлопцу са шляхетнага роду, Яўстах адпраўляецца на дзяржаўную службу. Карʼера яго пачынаецца ў Віленскай канцылярыі генерал-губернатара. Праўда, карʼера чыноўніка не прыцягвае рамантычнага Тышкевіча. Служачы ў Вільні, летам ён адпраўляецца на радзіму на Лагойшчыну, каб весці раскопкі курганоў. Тут трэба адзначыць, што ў той перыяд, у першай палове XIX стагоддзя, археалогія як навука толькі зараджалася. У Расійскай імперыі яна і зусім яшчэ была невядомая. Казаць аб тым, што раскопкі праводзіліся па нейкіх правілах, а знойдзеныя артэфакты маглі належным чынам фіксавацца і апісвацца, не даводзіцца. Раскопкі вяліся простымі сялянамі Тышкевічаў, бо ніякіх спецыяльна навучаных археолагаў тады не было. Дарэчы, нават з прыцягненнем да гэтай справы сялян паўстала праблема: мясцовыя жыхары ведалі, што курганы — гэта месцы пахаванняў. Хоць яны і не маглі адказаць, хто там пахаваны і па якой прычыне пахаваны не на могілках, а ў кургане, але ўсё адно адмаўляліся парушаць гэтыя месцы. Тышкевічу даводзілася шчодра плаціць сялянам, каб яны набраліся смеласці пераступіць праз сябе. Акрамя таго, і сам пан браўся за рыдлёўку, каб падаць прыклад і паказаць, што і ён бярэ на сябе адказнасць за гэты грэх.
Па-першае, астанкі спаленага чалавека. Тышкевіч зразумеў, што сутыкнуўся з некаторай традыцыяй перад пахаваннем спальваць цела нябожчыка. Акрамя таго, навуковец выяўляў кубкі-слязніцы, у якіх быццам бы павінны былі збірацца слёзы блізкіх памерлага. Само сабой, у такіх магілах знаходзіліся яшчэ і асабістыя рэчы, прылады працы, упрыгожанні і іншыя прадметы старажытнага побыту. Усе з такой цяжкасцю здабытыя матэрыялы раскопак Яўстах змяшчаў у хатні музей, дзе ўжо была сабрана даволі шырокая калекцыя разнастайных экспанатаў.
Ва ўзросце дваццаці трох гадоў Яўстах Тышкевіч апублікаваў першую навуковую працу, да якой можна даволі крытычна ставіцца з даследніцкага пункту гледжання. Аднак і сам Тышкевіч разумеў сваю некампетэнтнасць і вырашыў удасканальвацца ў археалагічных занятках.
Малады даследчык вырашыў вучыцца ў больш дасведчаных калег з Еўропы. Гэта быў унікальны выпадак у развіцці беларускай навукі: да Тышкевіча яшчэ ніводзін беларускі гісторык не ездзіў на стажыроўку да заходніх навукоўцаў.
Пабываўшы ў Даніі, Фінляндыі, Швецыі, Тышкевіч шмат які досвед узяў на ўзбраенне. Напрыклад, пераняў дзяленне гістарычнага перыяду старажытнасці на тры эпохі: каменны, бронзавы і жалезны вякі. Тады ж ён зразумеў для сябе, як павінна быць уладкавана экспазіцыя нацыянальнага музея старажытнасцей, натхніўшыся прыкладам заходніх устаноў. Заставалася толькі прымяніць гэтыя веды на практыцы: Яўстах Тышкевіч пачаў спробы адкрыцця музея старажытнасцей у Вільні.
Калі зараз праблемы з адкрыццём якіх-небудзь культурных арганізацый кшталту музеяў упіраюцца перш за ўсё ў недахоп фінансавання, то асноўнай праблемай Яўстаха Тышкевіча былі зусім не грошы, а атрыманне дазволу ад царскіх уладаў.
Імператар тады вырашыў, што адкрыццё музея — справа ўвогуле добрая, але тут трэба разабрацца ў дэталях. Так узгадненне адкрыцця музея зацягнулася на некалькі гадоў. Аднак Тышкевіч часу не губляў: ён перавозіў усе назапашаныя артэфакты з Лагойска ў свой віленскі палац і шукаў паплечнікаў, якім таксама было б цікава займацца адраджэннем народнай спадчыны.
Палац Тышкевічаў у Вільні. Крыніца: wikipedia.org
У выніку дазвол усё ж такі быў атрыманы, і ў 1855 годзе афіцыйна былі заснаваныя дзве ўстановы пад кіраўніцтвам Яўстаха Тышкевіча: Віленская археалагічнвя камісія і Віленскі музей старажытнасцей.
Размяшчаўся музей не дзе-небудзь, а ў будынку Віленскага ўніверсітэта. Да таго часу ўніверсітэт ужо быў расфармаваны па загадзе царскіх уладаў, і Яўстаху Тышкевічу пашчасціла заняць галоўны корпус пад патрэбы музея.
Адкрыццё Віленскага музея старажытнасцей (мастак Марцэлій Янушэвіч. 1857. Папера, сепія). Крыніца: wikimedia.org
Першапачаткова экспазіцыю музея прадстаўлялі манеты, медалі, упрыгожанні, зброя і іншыя прадметы даўніны. Але паступова фонды пашыраліся за кошт ахвяраванняў ад самых розных людзей. Напрыклад, сын Канстанціна Тызенгаўза — вучонага-заолага, заснавальніка беларускай арніталогіі — перадаў арніталагічную калекцыю бацькі. Тым часам кіраўнік віленскай навучальнай акругі таксама загадаў перадаць музею мінералагічны і заалагічны кабінеты былога віленскага ўніверсітэта. Так у музеі зʼявіўся цэлы раздзел беларускай натуральнай гісторыі.
Папулярнасць музея хутка расла: яго наведвалі прадстаўнікі ўсіх саслоўяў, як з навуковага, так і з абывацельскага інтарэсу. Прыходзілі туды і дарослыя, і дзеці — відаць, у тыя часы ў грамадстве быў вялізны незадаволены попыт на нацыянальную спадчыну. У музея былі ўсе шанцы стаць сапраўдным цэнтрам навукі і культуры рэгіёна, але тут адбылося паўстанне 1863–1864 гадоў.
Віленскі музей старажытнасцей. Крыніца: https://3.bp.blogspot.com/
Расейскім уладам наогул было ўласціва зачыняць навуковыя ўстановы, калі здараліся паўстанні. Такі лёс, напрыклад, напаткаў віленскі ўніверсітэт пасля паўстання 1830–1831 гадоў. Тое ж здарылася і з археалагічнай камісіяй разам з музеем старажытнасцей пасля таго, як паўстанне 1863–1864 гадоў было задушана.
Музей абʼявілі ідэалагічна шкоднай арганізацыяй, якая нібыта прапагандуе польскі сепаратызм. Хоць няшчасны Яўстах Тышкевіч спрабаваў растлумачыць царскаму ўраду, што ніякай ідэалагічнай падаплёкі ў яго дзейнасці няма, ды і наогул ён збіраў толькі літоўска-рускія (то-бок беларускія) артэфакты, а ніяк не польскія, гэта не перашкодзіла паплечнікам Мураўёва зачыніць музей і распусціць археалагічную камісію. Уласна кажучы, тэхнічна музей не быў зачынены: наўпрост большасць яго супрацоўнікаў была звольненая, музей падпарадкавалі публічнай бібліятэцы, а значную частку экспанатаў перадалі ў Румянцаўскі музей.
Апрача таго, што ўся гэта сітуацыя павінна была сама па сабе быць ударам для Яўстаха Тышкевіча, бо на яго вачах была разбурана справа ўсяго жыцця, так яшчэ і выглядала гэта як натуральнае рабаванне. Як мы памятаем, вялізная частка экспанатаў паходзіла з уласнай калекцыі Тышкевіча: нейкія рэчы ён купляў, нейкія ўласнымі рукамі выкопваў у археалагічных экспедыцыях.
Абражаны і расчараваны Тышкевіч выехаў з Вільні. Рэшту жыцця ён прысвяціў напісанню навуковых прац па археалогіі і этнаграфіі, а яшчэ пісаў вершы, стылізаваныя пад фальклорныя творы. У самым канцы жыцця ўсё ж вярнуўся ў Вільню, дзе і памёр. Як і многія знакамітыя дзеячы беларускай культуры, ён быў пахаваны на віленскіх могілках Росы.
Яшчэ ў маладосці Яўстах Тышкевіч сказаў тое, што сапраўды можна лічыць запаветам для будучых вучоных і актывістаў: «Абавязак кожнага адукаванага і ўлюбёнага ў свой край чалавека старацца растлумачыць усё, што падпала пад сумненне і складае матэрыял для айчыннай гісторыі. Здагадвацца, шукаць, адкрываць, а адкрытае перадаваць людзям — значыць, падаваць руку дапамогі тым, хто прысвяціў жыццё сваё і здароўе навукам для дабра грамадскага».
Магіла Яўстаха Тышкевіча на могілках Росы ў Вільні. Крыніца: wikimedia.org
Гэты запавет прагучаў як прадказанне: на пачатку дваццатага стагоддзя, дзякуючы намаганням гісторыка і археолага Івана Луцкевіча, частка калекцыі Яўстаха Тышкевіча вярнулася ў Вільню і ўвайшла ў экспазіцыю Віленскага беларускага музея. Аднак гэта ўжо іншая гісторыя.
Чытайце яшчэ: Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча: беларускае адраджэнне, вайна ва Украіне і пошукі ідэнтычнасці
Д. Г., budzma.org