Нядаўна незалежны фотаархіў VEHA, які займаецца архіўнай беларускай фатаграфіяй, абвясціў бестэрміновы кол па зборы фотаздымкаў для вясельнай, пахавальнай, лясной ды іншых калекцый. Пры жаданні можна ў вольны час пакапацца ў сямейных альбомах і зрабіць унёсак у захаванне візуальнай гісторыі Беларусі. 34mag распытаў мастачку і заснавальніцу VEHA Лесю Пчолку, як змяніўся архіў з эміграцыяй каманды, дзе чакаць выставы праекта і дзе шукаць новыя прыгожыя кнігі.
— Падаецца, у параўнанні з 2019 годам [апошні раз мы размаўлялі з Лесяй чатыры гады назад. — заўв. рэд.] я ўжо іншы чалавек, але мастацтва — той кірунак, у якім я працягваю працаваць як індывідуальная мастачка і як частка архіва VEHA. Гэтыя дзве часткі мастацкага напрамку я падзяляю, бо маё мастацкае жыццё — пра іншае, больш радыкальна палітычнае, чым VEHA, хоць там таксама ёсць пра гісторыю, культуру.
Падаецца, выяўленчае мастацтва — адзіная мова, якая дапамагае зрабіць даступным на візуальным вопыце тое, што адбываецца ў Беларусі, і гэта той напрамак, які існуе ва ўмовах жыцця ў выгнанні і міграцыі ўвесь час з розных краін.
VEHA не пра мяне ці маіх каляжанак асабіста, а, хутчэй, пра беларускую супольнасць, жыццё, адкрытасць інфармацыі. Я не раз чула ад замежнікаў, якія робяць даследаванні, што яны не могуць дапісацца да беларускіх архіваў, не ведаюць, дзе што шукаць, дзе браць фотаздымкі для ілюстрацыі. Тут VEHA вельмі дапамагае.
— Мы вырашылі закрыць сайт на беларускім дамене. У найбліжэйшай будучыні зробім новы, а пакуль усе фотаздымкі публікуюцца ў сацсетках VEHA: мы пачалі посціць іх у Instagram і аднавілі Facebook. Пад здымкі дадалі крыху інфармацыі, англійскую версію і беларускую лацінку ў апісанне, каб замежнікам было больш зразумела, што публікуецца.
«Я не раз чула ад замежнікаў, якія робяць даследаванні, што яны не могуць дапісацца да беларускіх архіваў»
Патрошкі пераносім усё з калекцый у Instagram, каб людзі, якія дасылалі нам фота, маглі іх яшчэ раз убачыць і зрабіць апдэйт тыпу «папраўце год», «я даведаўся, што гэта мае сваякі» і гэтак далей. Увесь час мы існуем як бы in progress, бо працуем з недакладнай інфармацыяй. У адрозненне ад этнаграфічнай ці палітычнай дакументацыі, апісанне сямейных фотаздымкаў залежыць ад таго, хто дае інфармацыю. Таму сацсеткі — вельмі зручны фармат, каб быць на сувязі з людзьмі, а мы збіраем, каталагізуем і захоўваем усю інфармацыю. Але падкрэсліваем: гэта не дакладныя дадзеныя. Напрыклад, у пачатку ХХ стагоддзя фотастудый у вёсках не было, таму вясельная фота ехалі рабіць у бліжэйшы горад не ў той жа дзень, нават неабавязкова ў тым жа строі. У нас ёсць цэлая серыя здымкаў з Брэсцкай вобласці з аднолькавым маляваным студыйным фонам, але кожнае фота падпісана назвамі розных вёсак. Галоўная ўласцівасць фатаграфіі — магчымасць тыражавання, кожны адбітак з сямейнага архіва можа быць падпісаны па-рознаму ў залежнасці ад адрасата, якому ён накіроўваецца.
«Увесь час мы існуем як бы in progress, бо працуем з недакладнай інфармацыяй»
— Даносіць інфармацыю пра зборы стала складаней, бо наш асноўны распаўсюд быў праз беларускія СМІ. Цяпер яны — палова экстрэмісцкія, палова закрытыя, а людзі дэцэнтралізаваныя і дэматываваныя, многія не чытаюць навін. Карацей, як гэты кантакт дастаць — невядома. Наконт апошняга збору па «Руінах Беларусі» [калекцыя фота людзей на тле разбураных будынкаў. — заўв. рэд.] нам людзі пісалі, што даведаліся пра кол пазней і ім у эміграцыі складана хутка звярнуцца да свайго сямейнага архіва, усё адсканаваць. Мы падладжваемся пад рэчаіснасць, у якой жывём, таму адкрылі збор фота бестэрмінова. Спадзяюся, так больш людзей даведаюцца, што можна зрабіць унёсак у захаванне візуальнай гісторыі Беларусі.
Беларускія архівы <ў замежжы> не пра тое, калі проста заходзіш на нейкі еўрапейскі партал і глядзіш усё па тэме «Беларусь». Акрамя «Беларусі», ты павінен праглядзець і трэк «Польшча», і трэк «Расійская імперыя», а гэта ўсё дадатковы працэс. Ён таксама патрабуе часу і даследавання, як прэзентуюцца беларускія архівы ў еўрапейскай прасторы. Большасць замежных архіваў, вядома, этнаграфічна-гістарычныя здымкі тыпу вайсковай дакументацыі. Гэта з VEHA ў розных плоскасцях. Аднак мы іх усё адно праглядаем, шукаем, наводзім масты. Трэба павяртаць нам нашу спадчыну, але гэта не наш асноўны напрамак. Тое, што ёсць у архівах, — ужо ёсць у архівах. Мы ж сабралі тысячы новых здымкаў, якія ніхто раней не бачыў, і яны маглі проста знікнуць на паліцах старых дамоў.
«Акрамя «Беларусі» ты павінен праглядзець і трэк «Польшча», і трэк «Расійская імперыя»»
Фатаграфія — гэта хімічны працэс, яна мае абмежаваны тэрмін захоўвання, эмульсія непазбежна руйнуецца, колеры выцьмяваюць. І паміраюць сведкі, якія маглі б расказаць, хто на фатаграфіі і калі яна была зроблена. А цяпер сямейныя фатаграфіі з архіва VEHA ў нашых і акадэмічных кнігах ездзяць па свеце як выставы — і фармуюць вобраз беларусаў XX стагоддзя самімі беларусамі, а не замежнымі этнографамі ці акупантамі, якія дакументавалі беларускую штодзённасць. Я рада, што спадчына беларускіх фатографаў захоўваецца ў замежных архівах, рада, што нехта знайшоў, зразумеў каштоўнасць і захаваў. Важна не валоданне аб’ектам гісторыі, а магчымасць працы з ім. І ў гэтым няма ніякіх праблем: яшчэ ні разу пры запыце аб выкарыстанні фатаграфій нам не адмовілі.
— Канцэпцыя палягае ў тым, каб анлайн-архіў зрабіць зноў матэрыяльным, у выглядзе кніг, і пакінуць іх у бібліятэках для іншых даследчыкаў візуальнай культуры. Кожная кніга захоўвае тэматычныя фатаграфіі і тэксты, у якіх запрошаныя даследчыкі інтэрпрэтуюць архівы зыходзячы з сучаснага беларускага кантэксту. То-бок яны даюць адзін з поглядаў на частку гісторыі. Прастора штодзённасці, як па мне, тым і добрая, што, у адрозненне ад гістарычных падзей, ты можаш інтэрпрэтаваць яе ў больш шырокіх сэнсах.
«Трэба павяртаць нам нашу спадчыну»
Напрыклад, у 2018 годзе мы друкавалі «Найлепшы бок» — і, вядома, там было шмат пра рэпрэзентацыю беларусаў і этнаграфію, пра тое, навошта ўвогуле працуе VEHA. Наступныя кнігі — «Дзявочы вечар» і «Апошні фотаздымак» — былі зробленыя на пачатку ковіду, калі адносіны да двух сямейных падзей — вяселля і пахавання — фундаментальна пачалі змяняцца. Мы ўсе гэта адчувалі, VEHA таксама.
«Людзі лесу» з’явіліся, калі вуліцы ўжо сталі небяспечныя. Тады мы вырашылі даць такую тэму, каб яна мела прастору для супакою. Лес — менавіта тое. Мы аб’явілі оўпэн кол і скончылі збор фотаздымкаў акурат за чатыры дні да пачатку вайны, а пасля вельмі доўга абмяркоўвалі, ці рабіць нам праект, ці маем мы права выказвацца з татальна непалітычнай тэмай. Але мы ўсё ж такі зрабілі кнігу. Яна была першай надрукаванай у Польшчы і таму, на жаль, яе няма ў бібліятэках Беларусі. Па выніках «Людзей лесу» мы атрымалі водгукі, што навіны пра выхад кнігі былі патрэбны людзям, але цалкам праект быў даволі складаным для нас. У гэтай кнізе многа пра супакой, прастору, пошук ідэнтычнасці і ландшафт як адзін са складнікаў фармавання нацыі.
Новая калекцыя — «Руіны Беларусі» — відавочная тэма, якая нас усіх вельмі хвалюе, бо мы сочым за перманентным культурным і сацыяльным руйнаваннем. А тэма, з аднаго боку, вяртае нас з лесу ў горад, а з другога — паказвае, чым мы жывём цяпер.
Шукаем, хто можа захацець нас надрукаваць і потым яшчэ займацца распаўсюджваннем. У планах — перавыдаць усю калекцыю VEHA адной кнігай і дадаць «Руіны Беларусі». Хочам, як заўсёды, зрабіць іх двухмоўнымі і, што самае галоўнае, дасяжнымі. Папярэднія выданні мы распаўсюджвалі самі, і набыць іх зараз вельмі складана. Так што адразу папярэджваю пытанне «як набыць?» — мы проста не ведаем, як гэта ажыццявіць у Беларусі. У нас было некалькі момантаў, калі адну кніжку перадавалі неяк праз Варшаву, далей у Менск і Берасце, але гэта вельмі складаны шлях. Перыядычна ёсць запыты даслаць асобнік куды-небудзь у Канаду або Амерыку, і гэта без вялікіх праблем, але ўсё адно складана. Афлайн кнігі можна знайсці на мерапрыемствах з нашым удзелам. У лютым, напрыклад, у нас будзе выстава наконт «Руінаў Беларусі», там будуць кніжкі, якія можна набыць.
— Першая публічная праца з новай калекцыяй VEHA — выстава, што адкрыецца ў лютым у фатаграфічнай галерэі ў Познані. Да выставы быў запрошаны мастак Уладзімір Грамовіч, які даўно працуе з тэмай руйнавання. Паралельна ідзе нашая праца над арганізацыяй новай калекцыі, яе інтэрпрэтацыяй і напісаннем даследчых тэкстаў.
Мы не тое каб выбіраем, дзе паказваць выставы. Месца больш залежыць ад нашага кола знаёмых і зацікаўленых, але выстава можа быць у любой краіне і любым горадзе, усё магчыма. Я ўпэўнена, што і ў Беларусі можна зрабіць мерапрыемства, але тут пытанне ўжо ў тым, што мы адгукаемся на запыт, а не фармуем яго. Наша праца даследніцкая, а выставы — кірунак галерыстаў. Напрыклад, да выставы «Хай Ззяе», што адбылася ўвосень у Гожуве-Велькапольскім, мы запрасілі беларускую куратарку Веру Залуцкую. Яе канцэпцыя палягала ў тым, каб запрасіць замежных мастачак працаваць з нашым архівам. Удзельнічалі творцы з Польшчы, Польскага Падлясся і Макао, былі таксама і беларускі. Гэта цікавы працэс — калі беларускі архіў адкрываюць ды інтэрпрэтуюць людзі не з беларускага кола. Думаю, гэта вельмі важна, і мне такая канцэпцыя вельмі падабаецца. Спадзяюся, мы і ў будучыні будзем працягваць так рабіць — запрашаць замежных мастакоў і мастачак да працы з архівам VEHA.