28 ліпеня 1812 года нарадзіўся звышплённы пісьменнік, з-пад пяра якога выйшла амаль 600 тамоў літаратурных твораў. Гэта Юзаф Ігнацы Крашэўскі. За гістарызм твораў сучаснікі параўноўвалі яго з Аляксандрам Дзюма, але кпілі з яго плённасці, піша Барыс Палута ў «Новым Часе». Такая насычаная праца, што гэта: фенаменальны талент ці графаманства высокага ўзроўню?
Юзаф Ігнацы Крашэўскі лічыцца рэкардсменам літаратуры. На яго гістарычных творах раслі пакаленні людзей на захопленых землях Рэчы Паспалітай. Пісаў пан Крашэўскі па-польску, і лічыцца адным з найвялікшых польскіх пісьменнікаў, хоць ён мае паходжанне з зямель Вялікага Княства Літоўскага. І сюжэты яго шматлікіх твораў таксама закранаюць у тым ліку і гісторыю менавіта Княства. Яго гістарычныя аповесці грунтуюцца на дакументальнай аснове, у іх выкарыстаны факты з жыцця. Крашэўскі добра ведаў гісторыю Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага, быў знаёмы з летапісамі, хронікамі, паданнямі, у час сваіх падарожжаў наведваў мясціны, дзе разгортваліся падзеі яго твораў.
Юзаф Крашэўскі — пачынальнік рэалістычнай прозы. У сучаснай Польшчы яго творы ўваходзяць у канон школьнай праграмы, у Беларусі ён застаецца за дужкамі, ні яго асоба, ні яго творчасць шырокага распаўсюджання не маюць. А дарэмна! Бо і лёс аўтара-рэкардсмена (жыццё — сапраўдны раман!), і яго творчасць заслугоўваюць большай увагі.
Віленскі ўніверсітэт, турма, пагроза рэкрутчыны
Ян Крашэўскі і Соф’я з Мальскіх
Бацькі Крашэўскага — Ян Крашэўскі і Соф’я з Мальскіх — паходзілі са шляхты Вялікага Княства Літоўскага і мелі радавы маёнтак у ваколіцах Пружанаў. Сам Юзаф нарадзіўся 28 ліпеня 1812 года ў Варшаве.
Дом у Варшаве, дзе нарадзіўся Ю. Крашэўскі
Як згадваў ён сам, месца нараджэння прадвызначыла жыццё, поўнае вандровак і пераездаў, бо гэта была... карчма для падарожнікаў! Знаходзілася яна на рагу вуліц Каперніка і Кракаўскага прадмесця, побач з сённяшнім палацам Сташыцаў. Маці будучага пісьменніка засталася там, шукаючы прытулку ў Варшаве ў віры Напалеонаўскіх войнаў: якраз Вялікая армія Банапарта наступала на Маскву.
Дом Крашэўскіх у Доўгім пад Пружанамі
Пазней сям’я вярнулася на радзіму ў радавы маёнтак. Юзаф атрымаў першапачатковую адукацыю ў знакамітай Свіслацкай гімназіі, якую фундавалі Тышкевічы. Гэта тая самая гімназія, дзе вучыліся Адам Сузін, Напалеон Орда, Канстанцін Каліноўскі, Рамуальд Траўгут і яшчэ з дзясятак знакавых для нашай гісторыі асоб.
Пасля Свіслачы шлях ляжаў у Вільню. Юзаф Ігнацы пачаў вывучаць гуманітарныя навукі ў Віленскім універсітэце, але ўжо ў снежні, як толькі пачалося вызваленчае лістападаўскае паўстанне 1830 года, разам з групай моладзі быў арыштаваны за канспіратыўную дзейнасць. У зняволенні знаходзіўся да сакавіка 1832 года, пакуль трывала само паўстанне. Пасля вызвалення Крашэўскаму пагражаў рэкруцкі набор і высылка на Каўказ, але ад царскай арміі ён быў выратаваны дзякуючы заступніцтву сваёй цёткі.
Малады Крашэўскі
Пакуль яго лёс складваўся вельмі тыпова для адукаванага чалавека той эпохі...
Бадзяўся па свеце, стаў прыхільнікам дэмакратычных ідэй
Пасля вызвалення з турмы Крашэўскі жыў у маёнтку Доўгае каля Пружанаў, а пасля, як ажаніўся з Сафіяй Вароніч, пачаўся яго доўгі вандроўны шлях.
Сафія Вароніч, жонка пісьменніка
Сям’я пераязджала з месца на месца. З-пад Пружанаў — у ваколіцы Луцка. На Валыні жылі спачатку ў маёнтку Амельна, потым Гродэк, Губін, а ў 1853 годзе з ваколіц Луцка Крашэўскія пераехалі ў Жытомір, дзе пісьменнік уладкаваўся куратарам школы. Там ён таксама быў дырэктарам Жытомірскага тэатра, дырэктарам Шляхецкага клуба і прэзідэнтам дабрачыннага таварыства.
Дом Крашэўскіх у Жытоміры
На светапогляд Крашэўскага паўплывала вандроўка па Паўночнай Еўропе, якая цягнулася паўгода: ён стаў прыхільнікам заходніх дэмакратычных ідэй і капіталістычных эканамічных метадаў. Пасля вяртання папулярызаваў сярод мясцовай шляхты ідэю сялянскага права, але гэта не адгукнулася сярод валынскіх землеўласнікаў.
Незразумелы, Крашэўскі з жонкай і чатырма дзецьмі выпраўляецца ў Варшаву.
Крашэўскі, 1850-я, Варшава
Сварка з грамадзянскім урадам — эміграцыя ў Дрэздэн
У Варшаве, якая пачынала бурліць падзеямі будучага паўстання 1863-га, Крашэўскі стаў рэдактарам выдання «Gazeta Codzienna». На яе старонках ён прапагандаваў капіталістычныя формы сельскай гаспадаркі, інвестыцыі, індустрыялізацыю, развіццё чыгункі, стварэнне гандлёвых і фінансавых аб’яднанняў. Карацей, актыўна прасоўваў тое, што ўжо было ў Еўропе і ў чым яго не зразумелі ў колах валынскай шляхты.
Крашэўскі ў часы жыцця на Валыні
Крашэўскі не заставаўся ўбаку ад палітычных працэсаў: ён спрабаваў змякчыць паўстанцкія настроі. Да пачатку паўстання 1863-га пра яго казалі, што ён быў чалавекам, які не вызначыўся — занадта «чырвоным» для «белай партыі» і занадта «белым» для «чырвонай партыі». Пасварыўшыся з Аляксандрам Велапольскім, старшынём грамадзянскага ўрада Каралеўства Польскага, пісьменнік быў вымушаны пакінуць і Варшаву, і краіну, каб — як ён горка тлумачыў у лісце да брата — не быць абвінавачаным у дрэнным уплыве на журналістыку.
Таксама на ад’езд паўплывала пагроза арышту. Навучаны досведам царскай вязніцы, Крашэўскі не давяраў імперыі і, калі пачалося паўстанне, назаўжды пакінуў краіну. У эміграцыі ён жыў у розных гарадах Германіі, найбольш у Дрэздэне, дзе меў сваю друкарню. Тады ж Дрэздэн стаў адным з галоўных цэнтраў эміграцыі, дзе знайшлі прытулак паўстанцы 1863-га, пісьменнік ім аказваў дапамогу.
Дом Крашэўскага ў Дрэздэне
З 1873 года Юзаф Крашэўскі прысвячае сябе выключна літаратурнай творчасці.
Крашэўскі бярэцца за пяро і не выпускае яго
Пісаў пан Юзаф заўжды. Але найбольш актыўна — у эміграцыі. Яго дасягненні на літаратурнай глебе, мякка кажучы, уражваюць — ён напісаў больш за 220 раманаў, якія змешчаны ў 400 тамах. Акрамя таго — каля 150 апавяданняў, навел, замалёвак, а гэта ледзь не палова яго літаратурнай спадчыны.
У бібліяграфіі Крашэўскага таксама ёсць драматычныя творы, тамы дарожных апісанняў і ўспамінаў розных перыядаў жыцця, тамы грамадска-палітычнай публіцыстыкі, тамы навуковых прац па гісторыі Польшчы і Літвы, гісторыі літаратуры і культуры, мовазнаўстве і этнаграфіі; тамы паэзіі, перакладаў з 5 моў (англійскай, французскай, лацінскай, нямецкай і італьянскай), артыкулы і велізарная прыватная перапіска. Ці ж знойдзецца чалавек, які адолеў прачытаць поўны збор твораў Юзафа Крашэўскага?
З навуковай спадчыны сучаснаму беларускаму чытачу былі б цікавыя падарожныя нарысы Крашэўскага «Пінск і Піншчына», «Успаміны пра Палессе, Валынь і Літву», «Карціны з жыцця і падарожжаў», «Друскенікі», этнаграфічны нарыс «Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына, Пружанаў», дзе ён апісаў нашы мясціны і жыхароў.
Дом Крашэўскіх у Доўгім пад Пружанамі (1910)
Раман — за 10 дзён
Канечне, важкую частку творчасці Крашэўскага складаюць раманы: сацыяльна-маральныя, фальклорныя, гістарычныя. Ён маляваў у іх карціну тагачаснага грамадства і нацыянальнага мінулага Рэчы Паспалітай.
Бібліёграф Караль Эстрэйхер быў у захапленні ад Крашэўскага: «Гэта была дзіўная машына для запісу думак, пунктуальная, устойлівая, не патрабавала ні намоткі, ні рамонту». Сам Крашэўскі не пераацэньваў сваёй творчасці, гаворачы, што некаторыя яго раманы «пойдуць сябрам, каб распаліць люлькі».
Такая маштабная творчасць вымагала жалезнай дысцыпліны: Крашэўскі звычайна падымаўся, чытаў газеты, лісты, прымаў гасцей, шпацыраваў і граў на піяніна да вечара. Ён садзіўся за свой стол а 7-й гадзіне вечара і звычайна працаваў да 2-й гадзіны ночы. На напісанне рамана ў яго сыходзіла... 10 дзён!
Крашэўскі за працай
«Звычайна я пішу том з шасці-дзесяці тысяч вершаў на працягу дзесяці дзён, — успамінаў ён, — на старонках, з аднаго боку, я пішу на адным дыханні, пакуль у мяне ёсць кіруючая ідэя і тыпы. Я не раблю ніякіх планаў; не ведаю, што ў выніку будзе з героямі. Калі я скончу, я прачытаю ўсё. Што мне не падабаецца, я выкідваю, устаўляю новыя старонкі і пішу на іх. Не люблю выпраўляць рукапіс і ніколі гэтага не раблю. Я пераварваю матэрыял, які аднойчы ўвайшоў у маю галаву, і ён больш ніколі не пакідае мяне».
Ліст Крашэўскага з узорам почырку
Зласліўцы і добразычліўцы: што пра яго казалі сучаснікі?
Польскі пісьменнік Стэфан Жэромскі пісаў, што Крашэўскі меў здольнасць «з археалагічнай дакладнасцю маляваць жыццё дзядоў нашых». Але разам з тым заўсёды пільнаваўся гістарычнай праўды, часам залішне давяраўся храністам, якія давалі іншы раз суб’ектыўныя апісанні і ацэнкі падзей, трапляў пад уплыў польскай гістарыяграфіі, выказваў сімпатыі да адных гістарычных асоб і непрыхільнасць да іншых.
Падавалася б, столькі тэксту выйшла з-пад рукі Крашэўскага. Няўжо тыя тэксты мелі сэнс, вобразы, мастацкае абрамленне. Адказ дае іншы сучаснік пісьменніка, журналіст і літаратар Вінцэнт Каратынскі: «Калі вычытваеш у мастацкіх апавяданнях Крашэўскага якую-небудзь думку, кінутую мімаходзь у некалькіх радках або нават у некалькіх словах, захапляешся яе трапнасцю і звязанай з ёю гістарычнай навукай. Думка гэтая назаўсёды застаецца ў тваёй галаве і пры зручным выпадку адвядзе ад злога, замацуе ў добрым пачынанні, развесяліць у клопаце».
Былі ж у Крашэўскага і зласліўцы. Яго плённасць станавілася прадметам гумару і кпінаў. Напрыклад, літограф Уладзіслаў Валькевіч выявіў шматрукага Крашэўскага, які адначасова не толькі піша з дзясятак кніг, але і малюе, і грае на клавішах.
Знайшоў час на асабісты раман
Не толькі гістарычныя раманы пісаў Крашэўскі, знайшоў ён час і на ўласны любоўны раман. Хоць і быў жанаты, і ва ўзросце прыстойным.
Сваю жонку, якая заставалася ў Расійскай імперыі, ён не бачыў гадамі, а тут яшчэ ў 1879 годзе сустрэў журналістку Крысціну фон Талер, перакладчыцу яго раманаў на нямецкую мову. Яна была на 40 гадоў маладзейшай за 67-гадовага пісьменніка. Дзеля яе Крашэўскі хацеў скасаваць шлюб з жонкай.
Крысціна фон Талер, журналістка і перакладчыца
Крысціна ўспамінала сваю сустрэчу з Крашэўскім: «Надзіва маленькі пан, схілены ў глыбокіх паклонах. Валасы рэдкія, сівая ўскудлачаная густая барада. Рухі вуглаватыя і нязграбныя. Ён сеў побач са мной. Яго вочы — люстэрка вялікіх думак; моцныя і кусцістыя бровы, нібы з ценем, які закрывае ніжнія вочы, каб яны не зніклі пад напаўпрыплюшчанымі павекамі, прыгожы і выпуклы нос, адухоўлены і характэрна малады рот».
Апошнія прыгоды раманіста
Рэшта жыцця пісьменніка прайшла таксама як раман. Толькі на гэты раз — прыгодніцкі.
12 красавіка 1882 года дрэздэнская паліцыя прыйшла ў сядзібу Крашэўскага, каб адшукаць матэрыялы, якія б даказвалі яго супрацоўніцтва з французскай разведкай. Крашэўскі быў сапраўдным шпіёнам.
Пасля паражэння Францыі ў вайне з Прусіяй Крашэўскі фактычна наладзіў кантакты з французскай разведкай, якая супрацоўнічала з ваенным міністэрствам у Парыжы, і пачаў перасылаць французам карэспандэнцыю, што датычылася нямецкай арміі і флоту. Суд прыгаварыў Крашэўскага да 3,5 гадоў зняволення, адразу з залы суда ён быў дастаўлены ў турму ў Лейпцыгу, а адтуль праз некалькі дзён у крэпасць у Магдэбургу. Уцёкшы ад турмы расійскай, ён усё ж спаткаўся з турмой нямецкай.
Праз 16 месяцаў з-за ўзросту і слабасці здароўя Крашэўскі быў умоўна вызвалены з турмы. Неўзабаве пісьменнік з’ехаў у Італію, а потым у Швейцарыю. Нягледзячы на позву прускіх улад і дасланы ім ліст аб арышце, вяртацца ў турму ён не збіраўся.
Памёр Юзаф Ігнацы Крашэўскі ад запалення лёгкіх 19 сакавіка 1887 года. Пахаваны ў Кракаве.
Што пачытаць?
Крашэўскага перакладалі і на беларускую мову. Напэўна, лепшае з яго — захапляльная гістарычная аповесць «Кароль у Нясвіжы. 1784».
На яе старонках расказваецца пра паездку на сойм у Гародню апошняга вялікага князя літоўскага і караля польскага, Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Падчас падарожжа ён спыняўся ў Нясвіжскім палацы магутнага вяльможы, магната Рэчы Паспалітай Караля Станіслава Радзівіла, знакамітага Пане Каханку, які зладзіў Панятоўскаму неверагодна ўрачысты і фантасмагарычны прыём.
***
Сваімі раманамі і шматлікімі творамі Крашэўскі не зрабіў рэвалюцыі свядомасці. Усё ж яго творчасць — гэта не сур’ёзнае і пранікнёнае чытанне, якое мяняла б свядомасць чытача, давала глебу для доўгіх разваг. Захапляльна, гістарычна, атмасферна... Але ж гэта — масавы прадукт. Аднак як ён неабходны! Калі чытанне — гэта адпачынак, то чаму б не адпачыць у кампаніі гістарычных персанажаў, пачытаць пра сваю гісторыю, свае гарады і сваіх продкаў... А яшчэ гэта глеба для кінематографа. Так, масавага. Але хто сказаў, што масавы культурны прадукт не павінен быць з адценнем нацыянальнай гісторыі і каштоўнасцей? Ва ўсялякім разе, меладрамы пра часы нашых апошніх каралёў, інтрыгі Радзівілаў і Сапегаў былі б куды лепшыя, чым бясконцыя серыялы пра расійскіх «ментоў і бандзюганаў».