У адзенні беларускіх сялянак ёсць элементы высокай еўрапейскай моды

24.02.2016 Культура

Супольная работа Вольгі Лабачэўскай і Зінаіды Зіміной «Беларускі народны касцюм» ужо стала сапраўдным падручнікам-практыкумам для тых, хто імкнецца пазнаёміцца з нашым нацыянальным строем, але не ведае, з чаго пачаць. Схемы з гэтай кнігі «вандруюць» па старонках у сацыяльных сетках, за кнігай літаральна «палююць» майстрыхі, а госці з суседніх краін, разглядаючы яскравыя выявы на яе старонках, не стамляюцца здзіўляцца прыгажосці нашых народных строяў. Як кажуць, попыт нараджае прапанову, таму не так даўно Выдавецкі дом «Беларуская навука» выпусціў новы наклад кнігі.

Сёння разам з доктарам мастацтвазнаўства, даследчыцай традыцыйнай культуры беларусаў Вольгай Лабачэўскай мы спрабуем разгадаць сакрэт папулярнасці гэтай кнігі, разважаем пра культурнае значэнне «вышымаек» і спрабуем прадбачыць, ці хутка нашы нацыянальныя строі надзенуць… дзяржаўныя дзеячы.


— Выхад чарговага накладу кнігі на айчынны рынак — падзея досыць рэдкая. Зазвычай нашы выдаўцы баяцца рызыкаваць. А тут — ужо трэці тыраж аддрукаваны! Вольга Аляксандраўна, а вы самі адчуваеце інтарэс чытачоў?

— За час, што прайшоў паміж з’яўленнем першага выдання кнігі (у 2009 годзе) і выхадам новага накладу, попыт на кнігу не зніжаўся. Да мяне ўвесь час звяртаюцца чытачы, даследчыкі, пытаюцца, дзе можна яе набыць. Магчыма, справа ў тым, што першыя тыражы былі досыць невялікія і хутка разышліся. Кніга атрымалася наглядная, багата ілюстраваная, яркая. Больш за тое, работа мае практычную скіраванасць, яна арыентаваная на публіку. Вялікімі навуковымі даследаваннямі сёння не зацікавіш шырокую аўдыторыю. Тут жа гаворка ідзе пра касцюм, значыць, ён павінен прывабліваць, уражваць, быць эстэтычна, па-мастацку пададзены. З суаўтаркай Зінаідай Зіміной мы імкнуліся зрабіць менавіта прыгожую кнігу. Фотаздымкі разам са мной рабіў вядомы фотамастак Георгій Ліхтаровіч, выдатна папрацаваў і дызайнер.

— А можа, справа яшчэ і ў тым, што ўвага да традыцыйнай культуры з боку грамадства стала больш пільнай?

— Так, мы пачалі жыць у крыху іншым вымярэнні, з’явілася цікавасць да нацыянальнага, да этнічнай культуры, да нашых каранёў, нацыянальнай сімволікі, якая дазваляе ідэнтыфікаваць беларусаў. З’явіліся вышыванкі, «вышымайкі», нават «вышышыны» і «вышымайткі».

Маладыя людзі, якія існуюць у гарадской прасторы, робяць спробы ідэнтыфікаваць сваю нацыянальную прыналежнасць. Гэта і татуяванкі з арнаментам, і адзенне, якое стала спосабам вызначыцца як адметнай асобе і носьбіту нацыянальнай традыцыі. Таму заканамерная ўвага да навуковых даследаванняў, прысвечаных традыцыйнай культуры.

Так супала, што гэтыя працэсы ўзбудзілі новую хвалю цікавасці да нашай кнігі. Яна ўтрымлівае так званы «ўзорнік» — арнаменты з кашуль, фартухоў, намітак з розных рэгіёнаў Беларусі. Мы іх расклалі па рэгіёнах, лакальных строях. У кнізе нават ёсць табліца, якая дапаможа выбраць арнамент, узор для асобных элементаў касцюма, характэрны для пэўнага строю. Адметна, што для кнігі перамаляваныя найлепшыя ўзоры арнаменту — Зінаіда Зіміна шмат працавала з музейнымі калекцыямі. Спецыяльна для гэтага выдання адбіралі арнаменты, што прадстаўляюць каранёвы, этнічны пласт, а не «мыльныя ўзоры» — так называецца позні арнамент, дзе нацыянальныя рысы сцёртыя. Этнічная традыцыя выспявала стагоддзямі, і беларусы, як ніводзін іншы народ з нашых суседзяў, захавалі сваю багатую арнаментальную каранёвую традыцыю.

— Вы ўжо згадалі «вышымайкі», іншыя прадметы адзення, што змяшчаюць элементы арнаменту. Як вы ставіцеся да гэтай з’явы?

— Я пыталася ў вытворцаў «вышымаек», ці карыстаюцца яны нашай з Зінаідай кнігай. І атрымала адказ, што карысталіся. Гэта мяне парадавала (смяецца). Сапраўды, арнаменты можна не толькі ткаць, вышываць, але і пераносіць на тканіны сучаснымі таннымі сродкамі. А наконт майго стаўлення да «вышымаек», скажу так: ацэньваю гэты працэс як непазбежны. Таксама лічу, што лепш хай такім чынам распаўсюджваюцца этнічныя прыкметы, чым ніяк. Іншая справа — пытанні мастацкага густу, прафесійнасці дызайнераў. Не з усім я магу пагадзіцца, а часам як мастацтвазнаўца хачу нават паставіць «двойку» за дызайнерскія распрацоўкі. Гэта, напрыклад, махровыя ручнікі з вялізным арнаментам. Але і такія хібы, напэўна, непазбежныя. Мяне цешыць, што да гэтай справы далучылася моладзь з прадпрымальніцкімі здольнасцямі. Можна некалькі месяцаў вышываць сабе сарочку на вяселле, потым пайсці ў ёй да шлюбу. Але наш час не ўсім дазваляе такі лад жыцця і такія захапленні.

Добра, калі чалавек можа скарыстацца прапановай набыць «вышымайку» і такім чынам адчуць сябе далучаным да традыцыі. Хоць гэтае слова «вышымайка» — досыць смешнае, але яно ўжо ўвайшло ў наш лексікон. Дарэчы, разам з украінскім словам «вышыванка». Ніколі беларускія бабулі не называлі вышываныя кашулі ці сарочкі менавіта вышыванкамі. Але ж і словы «андарак», «гарсэт», «кабат», «фальбоны», «карункі» мы таксама некалі запазычылі.

Той этап, які сёння перажывае справа вытворчасці адзення з нацыянальнымі элементамі, можна назваць дзяцінствам кірунку. І гэта лагічна: нельга пасля нараджэння адразу стаць дарослымі. Мяне цешыць і радуе, што кніга «Беларускі народны касцюм» прыйшлася дарэчы, магчыма, яна нават крыху загадзя адказала на запыт грамадства. З’явіліся людзі, якія імкнуцца зрабіць сабе аўтэнтычныя строі, нават копіі знакамітых узораў адзення, гэта і сябры Студэнцкага Этнаграфічнага Таварыства, і тыя, хто працуе ў дамах рамёстваў. Прыемна, што яны знаходзяць дапамогу ў кнізе. Яна прыйшлася да густу і чытачам з Расіі, Літвы.

— Калі я надзявала нацыянальны строй, то заўважыла, што ў ім адчуваю сябе зусім па-іншаму, больш па-жаноцку. Дарэчы, падобнымі ўражаннямі дзяліліся і некаторыя мае сяброўкі. Так дзейнічае магія народнага касцюма?

— Традыцыйны касцюм мае формы, якія для жанчыны былі не толькі ўтульнымі, зручнымі, ён быў універсальным на ўсе перыяды жыцця. Магчыма, на яго ўспрыманне ўплывае і тое, што касцюм, з якім мы маем справу сёння, — святочны. І нават больш: мы выбіраем па-мастацку дасканалыя ўзоры строяў, пераважна вясельныя. Натуральна, яны самі па сабе маюць моцную энергетыку. Я ўпэўненая, што ў самім арнаменце на такіх строях канцэнтруецца моцная энергія маладосці. Багата аздобленыя рэчы ствараліся ў перыяд да замужжа, у іх укладалася энергія прадчування, жадання шчасця, кахання, любові. Ну і натуральна, што ў такім касцюме жанчына адчувае сябе па-новаму. Касцюм пэўнай эпохі — спосаб без машыны часу перанесціся ў іншую рэчаіснасць.

Я часам успамінаю і расказваю на лекцыях выпадак з экспедыцыі ў Бярозаўскі раён. Адну бабулю мы сустрэлі ў двары, калі яна займалася гаспадарчымі справамі. У паўсядзённым адзенні, крыху брудная. Папрасілі надзець строй, які ў яе захаваўся. Як нас уразіў кантраст вобраза аднаго чалавека! І справа не толькі ў адзенні, але і ў паводзінах. Надзяваючы строй святочны, а значыць рытуальны, чалавек пераходзіў мяжу паўсядзённасці, звычайнасці ў іншае вымярэнне часу — святочнае. Гэта іншы этыкет, паводзіны, нават постаць! Я звярнула ўвагу, як тая бабуля трымала галаву, рукі.

І менавіта строі часта ўплываюць нават на позу, у якой чалавек стаіць ці ідзе. Напрыклад, калі рукавы на кашулях маюць шырокія брыжы, што пачынаюцца ад запясцяў. У такой сарочцы працаваць немагчыма, непрыгожа і трымаць рукі ўнізе. Трэба скласці іх адмысловым чынам наперадзе. Касцюм мае і цялесны аспект: важнае дакрананне да натуральнага матэрыялу, а цяжкі андарак трэба літаральна несці на сцёгнах.

— У прадстаўнікоў многіх народаў мець у шафе нацыянальны строй для асаблівых выпадкаў — справа гонару. Часам апранутымі ў традыцыйны касцюм бачым нават кіраўнікоў дзяржаў падчас важных свят. На вашу думку, ці хутка Беларусь далучыцца да гэтай традыцыі?

— Праз касцюм перадаецца і адчуванне сувязі з каранямі, традыцыяй. Напэўна, таму нацыянальныя строі запатрабаваныя ў многіх еўрапейскіх краінах, нават прэзідэнты, каралі надзяваюць іх на дзяржаўныя святы. У нас гэты працэс крыху запаволены, і пакуль не з’явілася агульнага ўніфікаванага ўзору нацыянальнага строю, які можна было б прапанаваць высокім дзяржаўным асобам. Хоць спробы яго распрацаваць ужо рабіліся ў 1950-я гады, тады на ўзор Слуцкага строю апраналіся фальклорныя калектывы. Але далей гэты працэс не пайшоў. Магчыма, справа ў тым, што ў нас багатая традыцыя жывога бытавання народнага касцюма амаль да сярэдзіны ХХ стагоддзя. І беларускія строі вельмі разнастайныя. Класічныя — Калінкавіцкі, Кобрынскі, Капыльска-Клецкі — і больш сучасныя, бо нават да сярэдзіны 70-х гадоў у некаторых мясцовасцях Жыткавіцкага, Лельчыцкага раёнаў строй быў натуральнай з’явай у жыцці. Памятаю экспедыцыю канца 1980-х гадоў у вёску Іванава Слабада Лельчыцкага раёна. Я была здзіўленая, што жанчыны шпацыравалі па галоўнай вуліцы ў строях. Нават было так, што да абеду хадзілі ў адным касцюме, а пасля абеду пераапраналіся ў іншы.

— А што адкажаце многім каментатарам, якія сцярджаюць, што народны строй — прыкмета сялянскай культуры, нам жа важна скіроўваць увагу на больш высокія слаі грамадства, напрыклад шляхту?

— Супрацьпастаўляць шляхту і сялян — гістарычная традыцыя беларусаў. Памятаю яшчэ адну экспедыцыйную гісторыю з Заходняга Палесся, калі на наша пытанне бабуля, якая ішла з працы ў полі, адказала: «Не, у нашай вёсцы такога не насілі, мы шляхта. Вам трэба да мужыкоў!» Падзел паміж гэтымі сацыяльнымі групамі быў часта ўмоўны, здаралася, дробная шляхта насіла такое ж адзенне, што і сяляне. А што тычыцца касцюма беларускага, то ён сялянскі толькі па сацыяльнай прыналежнасці таго, хто яго насіў. Калі мы пачнём яго разглядаць, аналізаваць, то выявіцца, што наш касцюм увабраў шмат элементаў высокай культуры. Напрыклад, каўняры-брыжы і брыжы на рукавах жаночых сарочак. Беларускі касцюм гэтыя элементы прыняў вельмі рана. Такія каўняры ўзнікаюць у Заходняй Еўропе ў XV стагоддзі, у той жа самы час мода на іх прыходзіць і на беларускія землі і… захоўваецца ў касцюме да нашага часу. Паглядзіце, як выглядаюць жанчыны ў Калінкавіцкім строі, для якога характэрныя такія каўняры, — як княгіні Радзівіл на старажытных партрэтах. А якія былі карункі, гарсэты! Ці наміткі, іх у XІV—XV стагоддзях у Еўропе насілі прадстаўнікі ўсіх саслоўяў. Беларускі іх таксама захавалі. Ці, скажам, плеценыя чапцы, выкананыя ў тэхніцы, што паходзіць аж з копцкага Егіпта. У такіх галаўных уборах хавалі рускіх царыц. А беларускія сялянкі ў іх выходзілі замуж яшчэ ў 1950-я гады.

Наш касцюм не такі просты. Калі разглядаць этнаграфічныя здымкі, заўважаеш, як сябе трымаюць сялянкі ў намітках, сарочках. Беларускія жанчыны ўтрымалі высокую традыцыю, данеслі яе да нашага часу, і мы не да канца разумеем, з чым маем справу.

— Значыць, яшчэ не ўсе загадкі нацыянальных строяў беларусаў разгаданыя і нас чакаюць вялікія адкрыцці?

— Так, наш строй яшчэ не асэнсаваны. Напачатку была задача сабраць, сістэматызаваць матэрыял, разабрацца ў ім. Нават гэтая праца яшчэ не завершаная, яна патрабуе новых даследаванняў, абагульнення і асэнсавання таго, чым мы багатыя, чым мы вылучаемся. Народны касцюм не быў ізаляваны ад агульнаеўрапейскай культурнай традыцыі, ён дазваляе звязаць беларусаў і з еўрапейскай традыцыяй, модай. Думаю, што для далейшага даследавання нацыянальнага касцюма патрабуюцца агульныя намаганні. Не так многа даследчыкаў займаюцца гэтай тэмай. Прыйшоў час сабраць нашы веды, аб’яднаць памкненні і рэалізаваць вялікі праект. Прадставіць усё, што мы ведаем пра беларускі касцюм, распавесці пра яго не толькі на ўзроўні апісання, але і асэнсаваць адметнасць, выразнасць, яго сувязь са строямі іншых народаў, не абавязкова блізкіх суседзяў.

 

 

Марына Весялуха, zviazda.by