Прыгожы пярэсты певень гучна агалошваў фае кінаканцэртнай залы “Астравец”, ніякавата адчуваючы сябе ў замкнёнай прасторы. Планавалася, што галасістая птушка будзе спяваць на прасторы: размясціць падворкі фестывалю меліся ў лесапаркавай зоне Астраўца, але надвор’е ўнесла свае карэктывы. Да гонару гаспадароў, яны змаглі аператыўна знайсці выйсце – творчыя калектывы і падворкі з усіх раёнаў вобласці гасцінна прынялі ў кінаканцэртнай зале “Астравец”, у сярэдняй школе №2, у цэнтры адпачынку “Галактыка”. Нават інфармацыйны цэнтр Беларускай АЭС на адзін дзень ператварыўся ў мастацкую галерэю – тут прайшла выстава жывапісу ”Туга па Радзіме” літоўскай мастачкі Бірутэ Куцкайтэ, якая нарадзілася на Астравеччыне.
Пакуль артысты рыхтаваліся да выступлення, а раённыя аддзелы культуры і цэнтры рамёстваў ладзілі падворкі, у інфармацыйным цэнтры навукоўцы сабраліся за “круглым сталом”, каб абмеркаваць надзённую тэму – “Захаванне і папулярызацыя рэгіянальных асаблівасцей традыцыйнай культуры Гродзеншчыны”.
На цэрымоніі адкрыцця фестывалю прысутнічалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, яго намеснік Васіль Чэрнік, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, старшыня Астравецкага раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук, першы намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Руслан Сачко. Барыс Святлоў зазначыў, што рэгіянальны фестываль “Скарбы Гродзеншчыны” можа з часам стаць рэспубліканскім, бо справа адраджэння народных рамёстваў, народнага касцюма, песні, фальклору – справа важная і дастойная пераймання.
Фестываль “Скарбы Гродзеншчыны” праходзіў сёлета ў другі раз – першы прайшоў два гады таму ў Гудзевічах Мастоўскага раёна. Але, нягледзячы на малады ўзрост, у гэтага свята з’явіліся ўжо свае традыцыі і сімвал. Так, на свяце ў Астраўцы гаспадары мінулагодняга фэсту перадалі тканы беларускі пояс астраўчанам. Зараз астравецкія ткачыхі будуць два гады шчыраваць, каб выткаць свой пояс і перадаць яго Гродзенскаму раёну.
Астраўчане як гасціныя гаспадары паказалі ўсё лепшае на выставе традыцыйных рамёстваў Астравеччыны “Адкуль нашы карані”. Майстар па саломапляценні педагог Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валянціна Віннічак разам з выхаванцамі літаральна зачаравала наведвальнікаў сваёй саламянай калекцыяй. 92-гадовая народная майстрыха па ткацтву Марыя Юльянаўна Мажэйка з вёскі Гіры прызналася, што зараз стаяць за ткацкім станком цяжкавата, а вось вяжа многа і нават без акуляраў.
У кінаканцэртнай зале “Астравец” праходзіў заключны канцэрт абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”. У адборачных турах бралі ўдзел больш за 500 удзельнікаў, 250 з іх – школьнікі і моладзь. Значыць, і народная песня, і фальклорны танец, і музыка, і трапны жарт жывуць у народзе, дапамагаючы яму ўсведамляць сваю адметнасць і непаўторнасць. Артыстаў на сцэне змянілі маладзёжныя калектывы Гродзеншчыны, а госці і члены журы адправіліся аглядаць падворкі, каб выбраць лепшых у некалькіх намінацыях, вызначыць лепшага майстра, лепшы падворак, касцюм, страву традыцыйнай беларускай кухні.
Гаспадар з гаспадыняй падворку Гродзенскага раёна, напрыклад, часу дарэмна не трацілі, запрашаючы членаў журы і гасцей пазнаёміцца з народнымі майстрамі ды адведаць страў з Адэльску. Міністру культуры Барысу Святлову яны падаравалі незвычайны каравай з мукі новага ўраджаю – рог дастатку з каравайчыкамі ўнутры. Ну як было не завітаць у сінькоўскую карчму Смаргонскага раёна, не адведаць прысмакаў на Лідскім падворку, не пакаштаваць дароў агароду ў дзятлаўчан! Пералічваць стравы ды рамёствы, прадстаўленыя на падворках раёнаў Гродзеншчыны, – газетнай старонкі не хопіць.
Наталія Валынец, Гродзенская праўда
Тэгі: Астравец