Стала вядома, як будзе выглядаць Пішчалаўскі замак пасьля рэканструкцыі

Дзяржаўнае агенцтва «Минск-Новости» апублікавала падрыхтаваныя «Менскпраектам» рэндэры магчымага выгляду пасьля рэканструкцыі турэмнага Пішчалаўскага замку ў Менску, вядомага беларусам як «Валадарка», дзе да нядаўняга часу месьціўся сьледчы ізалятар № 1, піша «Радыё Свабода».

Piščalaŭski zamak

Плянуецца, што пасьля рэканструкцыі Пішчалаўскі замак стане часткай экскурсійнага маршруту па гістарычным цэнтры Менску, піша агенцтва. На тэрыторыі пасьля рэканструкцыі зьявіцца шматфункцыянальны комплекс. Паводле канцэпцыі, захаваюць 5 пабудоваў, якія адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасьцяў: сам замак, аднапавярховы будынак за ім і аб’екты першай лініі з боку вуліцы Валадарскага, сёньня схаваныя за агароджай. Пазьнейшыя прыбудовы і плот дэмантуюць. Дзякуючы гэтаму тэрыторыя стане адкрытай.

На тэрыторыі плянуюць зрабіць пляц для масавых імпрэзаў — канцэртаў, гістарычных рэканструкцыяў. Зьявяцца зона для шпацыру і паркінг, таксама прадугледзелі месца для мабільнай сцэны.

Piščalaŭski zamak

У будынках разьмесьцяцца абʼекты харчаваньня і адміністрацыйныя памяшканьні. Апэратарамі выступяць «Белкаапсаюз», бізнэс-цэнтар «Сталіца», ГЦ «Сталіца», кандытарская фабрыка «Камунарка», сеткі гатэляў «Мінатэль» і «Аква-Мінск».

Як рэканструююць замак і што ў ім разьмесьцяць пасьля

Падчас рэканструкцыі замку плянуюць цалкам абнавіць разбураную сьцяну і адну з нарожных вежаў. Высьветлілася, што падчас Другой усясьветнай вайны многія вокны і дзьверы замку часткова або ці цалкам замуравалі, а таксама прабілі новыя, таму падчас рэканструкцыі ўсё вернуць у аўтэнтычны стан. Плянуюць максымальна захаваць скляпеньні ў калідорах і памяшканьнях, адрэстаўраваць цэнтральныя мэталічныя сходы, захаваць і цяперашнія сьпіральныя сходы на адной зь вежаў, адкуль можна ўбачыць горад.

Асноўнае ўнутранае расплянаваньне замку крыху зьменіцца. Аналіз паказаў, што шмат якія перагародкі зьявіліся ў савецкі пэрыяд, а спачатку памяшканьні замку былі значна большыя. Позьнія перагародкі плянуюць разабраць, максымальна захаваўшы сьцены XIX стагодзьдзя.

Piščalaŭski zamak

На цокальным і першым паверхах замку будуць абʼекты грамадзкага харчаваньня з асобнымі ўваходамі. На другім і трэцім плянуюць адміністрацыйныя памяшканьні. Паводле аўтараў канцэпцыі, магчыма, там зьявяцца каворкінг, выстаўная галерэя, турыстычнае бюро ці іншыя офісы, арыентаваныя на абслугоўваньне кліентаў. Для працаўнікоў адміністрацыйнай зоны адкрыюць кавярню.

Уваходная зона і аднапавярховы корпус

Цяпер у комплексе ўздоўж вуліцы Валадарскага разьмяшчаюцца некалькі 2-павярховых будынкаў. Некаторыя зь іх раней былі аднапавярховымі, ім вернуць гістарычны маштаб.

Паводле галоўнага архітэктара праектаў УП «Менскпраект» Алега Сяргеева, забудова звонку нагадвае сьцяну замку, але з унутранага боку будуць памяшканьні. Дзьве аркі-ўваходы — не зусім гістарычна дакладнае рашэньне, але іх пакінуць для зручнасьці наведнікаў. Ва ўваходнай зоне плянуюць разьмясьціць абʼекты харчаваньня на 54 і 46 месцаў, адміністрацыю комплексу і некалькі офісаў, а таксама грамадзкую прыбіральню.

Аднапавярховы будынак у далейшай частцы тэрыторыі захаваецца, але яго зьменшаць да гістарычных габарытаў. Там разьмесьцяць рэстарацыю на 80 месцаў з магчымасьцю замаўляць банкеты.

Piščalaŭski zamak

Паводле канцэпцыі зроблены праект. Ня выключана, што падрыхтоўчыя будаўнічыя работы ў комплексе пачнуцца ўжо сёлета.

Пішчалаўскі замак (больш вядомы як «Валадарка») сёлета адзначае 200-годзьдзе. Летась усіх вязьняў адтуль перавялі ў новы сьледчы ізалятар у Калядзічах пад Менскам. Пішчалаўскі замак ад самага пачатку будаваўся як турма і заўсёды эксплюатаваўся як турма. За апошняе стагодзьдзе ў замку не было ніводнага рамонту. У 2008 годзе абвалілася адна з чатырох вежаў замку.

Гісторыя замку

У 1825 годзе ў цэнтры Менску зьявілася адметная пабудова. Архітэктар Казімер Хрышчановіч спраектаваў на замову абшарніка Рудольфа Пішчалы каменную фартэцыю-замак. Драўляны астрог, які стаяў на месцы цяперашняга трэцяга гарадзкога шпіталя, быў у аварыйным стане. Для будоўлі новай турмы абралі тагачасную ўскраіну Менску — Раманаўскі пагорак.

Будынак быў выкананы ў выглядзе турэмнага астрогу з элемэнтамі архітэктуры клясыцызму — такі стыль тады быў распаўсюджаны ў Расейскай імпэрыі.

Як адзначаў аўтар кнігі «Менскі турэмны замак» Зьміцер Дрозд, у сьнежні 1821 году Рудольф Пішчала перамог у публічным тэндэры на гэты будынак, а сама турма была прынятая камісіяй 30 студзеня (11 лютага) 1825 году.

Знакамітыя вязьні: ад Дунін-Марцінкевіча і Коласа да Пілсудзкага і Дзяржынскага

У вязьніцы трымалі ўдзельнікаў паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў.

У чэрвені 1863 году каля брамы Пішчалаўскага замку царскія карнікі расстралялі маладога афіцэра, ураджэнца Барысаўскага павету шляхціча Міхала Цюндзявіцкага за тое, што ён у карчме вёскі Камень на Барысаўшчыне прачытаў сялянам адзін з нумароў «Мужыцкай праўды», якую выдаваў Кастусь Каліноўскі. Цюндзявіцкі быў пахаваны на месцы пакараньня, яго магіла хутка стала месцам паломніцтва і малітваў менчукоў, якія спачувалі паўстаньню. Таму яго неўзабаве перапахавалі.

На турэмнай браме за замах на генэрал-губэрнатара Паўла Курлова ў 1906 годзе быў павешаны Іван Пуліхаў. За свае перакананьні ў розныя гады тут сядзелі клясыкі беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Алесь Дудар. Якуб Колас адседзеў за ўдзел у несанкцыянаваным зьезьдзе радыкальна настроеных настаўнікаў, Максім Танк — за нелегальны пераход савецка-польскай мяжы. Памятаюць сьцены Пішчалаўскага замку і Фэлікса Дзяржынскага, Юзэфа Пілсудзкага, Барыса Савінкава.

Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі турэмны астрог атрымаў нефармальную назву «Валадарка» (вуліцу Серпухаўскую тады перайменавалі ў вуліцу Валадарскага). Замак перажыў і Другую ўсясьветную: немцы яго таксама выкарыстоўвалі як турму.

Да пачатку 2024 году тут быў СІЗА № 1.

З 1994 і да 2024 году празь СІЗА на Валадарскага прайшлі сотні палітвязьняў.