Прэзентацыя кнігі «Культура Гродзеншчыны. Факты. Падзеі. Асобы» прайшла ў кінаканцэртнай зале «Астравец».
Кніга была выдадзена ў выдавецкім доме «Звязда» па ініцыятыве ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама і стала падарункам да 70-годдзя Гродзенскай вобласці. Аб гэтым 3 верасня паведамляе «Астравецкая праўда».
Новае выданне складаецца з 8 раздзелаў, прысвечаных гісторыі бібліятэчнай творчасці, музейнай справе, аматарскай мастацкай творчасці, музычным калектывам і шэрагу іншых накірункаў культуры.
У выданне трапілі і расповеды пра дзвюх жанчын, якія мелі дачыненне да бібліятэчнай справы Астравецкага раёна. Гэта былы дырэктар Астравецкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, якой ўжо няма разам з намі, Тумаш Вера, а таксама сённяшні загадчык Спондаўскай сельскай бібліятэкі, якая ўнесла значны ўклад у даследаванне гісторыі і культуры сваёй малой радзімы, Валуевіч Іаланта.
Менавіта дзейнасці гэтых жанчын былі прысвечаны і кніжныя выставы, якія размясціліся ў кінаканцэртнай зале «Астравец».
Слова для выступлення падчас прэзентацыі было дадзена многім работнікам культуры. Адна з іх – Чарнушэвіч Данута, жанчына-кіраўнік, якая шмат гадоў узначальвала раённы аддзел культуры і стаяла ў вытокаў зараджэння самадзейнасці Астравецкага раёна.
Данута Францаўна нарадзілася ў сям’і музыкантаў і на сцэне з пяці гадоў, з 1964 года яна працавала ў культуры раёна, таму сёння ёй ёсць што ўспомніць і расказаць.
Падчас прэзентацыі кнігі гучалі расповеды пра яе раздзелы, а таксама песні, якія выконвалі работнікі культуры.
Кніга «Культура Гродзеншчыны. Факты. Падзеі. Асобы» ёсць ва ўсіх бібліятэках раёна.
Тэгі: Астравец