У тайм-клубе «1387» працуе фотавыстава «Нашы людзi», якую прэзентуе студыя фотааматараў «Пілігрым».
Тут прадстаўлена серыя партрэтаў сяброў студэнцкага этнаграфічнага таварыства ў нацыянальным адзенні на фоне аўтэнтычнага бэкграўнда. Iніцыятарвыставы – сяброўка СЭТ Юлiя Літвінава.
«Мне хацелася, каб з гэтай выставай пазнаёміліся ў Бабруйску. Ідэя такая – паказаць людзей у традыцыйнай культуры, як яны бачаць сябе ў гэтай культуры», – гаворыць Юлiя.
Студэнцкае этнаграфічнае таварыства – рэспубліканская моладзевая грамадская арганізацыя, заснаваная ў 1995 г., калі прайшла першая этнаграфічная экспедыцыя сяброў арганізацыі. Тады былі даследаваны Жыткавіцкі і Лельчыцкі раёны Гомельскай вобласці. Потым у дзейнасці арганізацыі быў невялікі перапынак, актыўнасць аднавілася ў жніўні 1998 г. падчас экспедыцыі ў Лепельскі раён Віцебскай вобласці.
Таварыства афіцыйна зарэгістравана ў 2002 г. Сёння СЭТ – аб’яднанне этнографаў, майстроў і зацікаўленай моладзі, якіх турбуе знікненне беларускай традыцыйнай культуры. Сябры вывучаюць яе, пераймаюць разнастайныя кампаненты, актуалізуюць традыцыйныя прынцыпы ды светапогляд у сучасным асяроддзі.
Паглядзець выставу можна кожны дзень з 12.00 да 22.00 у «1387» да 22 студзеня.
Адрас: вул. Савецкая, 97-2 (гатэль «Бабруйск»).
Уваход вольны.
Вікторыя Вінаградава, babruysk.by