У Баранавічах адкрылася выстава Вольгі Вайцяхоўскай “Танец жыцця, танец фарбаў”

Мастацкая выстава “Танец жыцця, танец фарбаў” адкрылася 16 студзеня ў чытальнай зале літаратуры па мастацтве Баранавіцкай цэнтральнай бібліятэкі імя В. Таўлая.

У 2008 годзе выставу Вольгі, на той час яшчэ жыхаркі Баранавіч, бачылі ў нашым горадзе. Праўда, тады гэта была выстава фатаграфій. Цяпер мастачка жыве ў Мінску, займаецца жывапісам, працуе ў змешанай тэхніцы, выкарыстоўваючы акрылавыя фарбы і аловак.

– Работы Вольгі Вайцяхоўскай вельмі яскравыя, падобныя на харэаграфічную пастаноўку. Гэта эксперымент і смелы мастацкі ход, – сказала ў сваім выступленні, адкрываючы выставу, загадчыца сектара чытальнай залы літаратуры па мастацтве Марына Сцяпура.

– Работы мае спантанныя, у іх ёсць патаемны змест. Напрыклад, матылькі – гэта сімвал трансфармацыі ад вусеня да крылатае прыгажосці. Мэта творчасці – паказаць, што чалавек павінен любіць сябе такім, які ён ёсць, – адзначыла Вольга Вайцяхоўская.

У адкрыцці выставы ўзялі ўдзел вучні СШ №7 і 12. Выстава працягнецца да сярэдзіны лютага.

Аляксей Белы, intex-press.by

Тэгі: