У Баранавічах адкрылася Елка жаданняў

За тыдзень гараджане ўжо ператварылі ў рэальнасць навагоднія мары некалькіх дзяцей з дзіцячага прытулку.

Трэці год запар у Баранавічах праходзіць дабрачынная акцыя «Елка жаданняў» для выхаванцаў ГСПУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Баранавічы».

Дзіцячымі лістамі з просьбамі да Дзеда Мароза ўпрыгожваюць елку ў Доме гандлю «Вясёлка», а пакупнікі крамы ў ролі чараўнікоў – Дзядоў Марозаў – узамен на лісты прыносяць пад елку рэальныя падарункі.

– Елка жаданняў – ўдвая добрая справа. Па-першае, у кожнага ёсць магчымасць здзейсніць добры ўчынак, а па-другое, дзеці, калі атрымліваюць менавіта тое, што прасілі ў Дзеда Мароза, пачынаюць верыць у цуды і радуюцца святу так, што ў іх вочы блішчаць, – распавяла «IP» адміністратар ДГ «Вясёлка» Людміла Якавенка.
Паводле яе слоў, гараджане актыўна прымаюць удзел у акцыі, але калі некаторыя лісты застаюцца на елцы, то работнікі гандлёвага дома самі дакупляюць патрэбныя падарункі. А падчас навагодняга прадстаўлення ў прытулку Дзед Мароз выконвае мару кожнага дзіцяці – дорыць падарунак, які той папрасіў у чараўніка.

Адміністратар ДГ Вясёлка Людміла Якавенка паказвае лялечны набор посуду, які купілі для адной з дзяўчынак.

Намаляваны робат ператварыўся ў сапраўдную цацку.

Вольга Шыракаступ, intex-press.by

Тэгі: