У Баранавічах адкрываецца праект «Джаз-вечары»

19.02.2015 Музыка

Плануецца, што канцэрты беларускіх джаз-выканаўцаў будуць праходзіць прыкладна раз на месяц у рэстаране-клубе Nero. Адкрывае праект баранавіцкая група Nobilis Band.

Гурт Nobilis Band выступаў у нас на дні нараджэння і вельмі нам спадабаўся. Каманда дала некалькі канцэртаў у Баранавічах, удзельнічала ў тэлевізійным праекце «Я магу!», двое з групы граюць у Nero band, – распавядае Intex-прэс супрацоўнік клуба Анастасія.

Паводле яе слоў, «Джаз-вечары» – пілотны праект. Па выніках пары канцэртаў будзе прынята рашэнне, ці варта працаваць над ім далей. Хоць з вопыту мінулых выступаў джаз-музыкаў супрацоўнікі клуба зрабілі выснову, што ў горадзе падобная музыка запатрабаваная: госці ахвотна наведваюць падобныя мерапрыемствы.

Калі праект добра пойдзе, будзем прывозіць вядомыя мінскія гурты, мы ўжо вядзем перамовы з некаторымі сталічнымі камандамі. Наогул планы ў нас маштабныя, – гаворыць Анастасія.

Першы канцэрт праекта адбудзецца ў пятніцу, 20 лютага. Паслухаць песні гурта можна на яго старонцы «Вконтакте».

intex-press.by

Тэгі: