На Кніжным кірмашы ў Беластоку будзе працаваць салон незалежных беларускіх выдавецтваў

25-27 красавіка ў Беластоку адбудзецца Кніжны кірмаш, падчас якога запланаваныя і мерапрыемствы, датычныя беларускай літаратуры. На месцах 79-80 размесціцца салон незалежных беларускіх выдавецтваў. У праграме: аўтограф-сесіі, сустрэчы з аўтарамі і шмат беларускіх кніг.
Afiša

Праграма мерапрыемстваў

25 красавіка (пятніца)

Салон незалежных беларускіх выдавецтваў

16.00 — аўтограф-сесія Міхала Андрасюка, кніга «Żubr» на польскай мове, першае выданне Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку.

Міхал Андрасюк — аўтар шматлікіх апавяданняў і раманаў, жыве ў Гайнаўцы і вёсцы Вoйнаўка на польска-беларускім памежжы, піша па-беларуску і па-польску. Калі хочаце болей даведацца пра Гайнаўку канца мінулага стагоддзя з яе «няўлоўнай для чужых магіяй», то кніга «Żubr» для вас.

26 красавіка (субота)

Salon Niezależnych Wydawnictw Białoruskich

11:30 — аўтограф-сесія Ганны Кандрацюк, кніга на беларускай мове «Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці» (Цэнтр беларускай культуры). Кніга — гэта сем партрэтаў незвычайных асобаў: Кастуся Каліноўскага, Ежы Папялушкі, святой Марыі (Петручук), Алеся Пушкіна, Юркі Гіля, Надзеі Артымовіч, Юры Гумянюка.

Ганна Кандрацюк — журналістка, пісьменніца з Падляшша. З 1993 года супрацоўнічае з тыднёвікам беларусаў у Польшчы «Ніва».

Зал № 2

12.30 — аўтарская сустрэча з сёлетнім лаўрэатам Ляйпцыгскай кніжнай прэміі еўрапейскага паразумення Альгердам Бахарэвічам.

Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч прэзентуе сваю новую кнігу «Папяровы голем», якая з’явілася ў выдавецтве «Янушкевіч» восенню 2024 года. Твор складаецца з лаканічных і правакацыйных тэкстаў пісьменніка, якія з’явіліся ў эміграцыі.

Салон незалежных беларускіх выдавецтваў, аўтограф-сесіі

13.30 — Альгерд Бахарэвіч, кніга «Папяровы голем»
14:30 — Цімур Кудзеліч, раман «Значныя дні».
15:30 — Андрэй Скурко.
16:30 — Зміцер Дзядзенка, кніга «Гульні Цырцэі»

27 красавіка (нядзеля)

Зал № 2

10:30 — Сустрэча з класікам беларускай літаратуры і сябрам Праграмнай Рады Цэнтра Уладзімірам Арловым, які напісаў уступнае слова да кнігі ўспамінаў Ларысы Геніюш «Птушкі без гнёздаў». Выданні на беларускай і польскай мовах Цэнтра беларускай культуры і Фонда Kamunikat.org.

Ларыса Геніюш прайшла праз расстрэл бацькі, эміграцыю, пазбаўленне чэшскага грамадзянства, выдачу савецкім уладам, турму, допыты КДБ, ГУЛАГ. Пра яе нялёгкі лёс і выпрабаванні яна і згадвае ў сваёй кнізе.

Салон незалежных беларускіх выдавецтваў, аўтограф-сесіі

11:30 — Уладзімір Арлоў
13:00 — Алесь Аркуш, двухмоўны паэтычны зборнік «Чаму праўда такая слабая?»
15:00 Aleś Bieły / Алесь Белы з кнігай «Самы цымус»

Таксама падчас Кніжнага кірмашу адбудзецца старт продажаў новай кнігі прозы Барыса Пятровіча «Цнота на потым» (Фонд Kamunikat.org).

У новую кнігу прозы Барыса Пятровіча ўвайшлі дзве аповесці і эсэ. Гэта захапляльнае падарожжа па пазнавальных краявідах Менска ды іншых гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама знаёмства з неардынарнымі асобамі, якія сталі героямі твораў. У першай аповесці «наіўны дэтэктыў» расследуе таямнічую смерць бабулі-суседкі ў Менску, у другой — журналіст-спецкар распавядае пра свае амаль прыгоды падчас камандзіровак па Беларусі. Эсэ прысвечана падзеям першага постчарнобыльскага месяца на гомельскім Палессі.

У гэтыя ж дні, калі праходзіць Кніжны кірмаш, адбудзецца сустрэча з Юліяй Цімафеевай пад назвай «Аўтапартрэт у выглядзе костачкі авакада». Вершы і размовы пра тое, адкуль мы, хто мы і куды мы ідзём.

Дата: 26 красавіка, 19.00
Месца: Беларускі Хаб «Новая Зямля» / Białoruski Hub «Novaja Ziamla», вул. Св. Роха 5, памяшканне 32, Беласток

Падзея ў Фэйсбуку.