Увечары 9 верасня прайшло адкрыццё сезона курсаў беларускай мовы «Мова нанова», на якіх прысутнічаў тэлевядучы праграмы «Падарожжы дылетанта» Юрый Жыгамонт.
Занятак прайшоў у цёмным памяшканні дыска-бара People Bar, але яно было асветлена жыццёвымі аповедамі вядомага гледачам беларускага тэлебачання Юрыя Жыгамонта. Ён адказаў на пытанні слухачоў, распавёў смешныя гісторыі, звязаныя са сваім стылёвым абліччам і прозвішчам, прачытаў «Белеет парус одинокий» у перакладзе на беларускую мову і верш пра старадаўні беларускі герб «Пагоня». Таксама вядучы “Падарожжа дылетанта” ўзгадаў унікальную трохкутную царкву ў Сваротве Баранавіцкага раёна, распавёў пра сваё жыццё ў палескай вёсцы, паступленне ў будаўнічае ПТВ і Тэатральна-мастацкі інстытут у Мінску ды працу ў якасці тэлевядучага.
У сваіх аповедах Юрый Жыгамонт узгадаў кнігу Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі” і дадаў, што Беларусь – гэта «зямля пад белымі крыламі не буслоў, а анёлаў», бо «мы адгукаемся на чужы боль».
Акрамя выступу Юрыя Жыгамонта, маладыя выкладчыкі Юля Траццяк і Алесь Гізун распавялі гісторыю з’яўлення «Мовы нанова», пра свае планы на гэты год і правялі кароценькае навучанне беларускай мове, паабяцаўшы, што наступны занятак будзе больш поўным, з усімі традыцыйнымі складнікамі – пісьмом, працай у групах і большым удзелам навучэнцаў.
Юрый Жыгамонт: «Зямля пад белымі крыламі не буслоў, а анёлаў»
Макар Маліноўскі, Фота: Юрый Піваварчык, intex-press.by
Тэгі: Баранавічы