Зьмены ў законе датычаць афармленьня дакумэнтаў беларусаў, судаводзтва і мовы адукацыі.
Фота: adukar.by
Закон апублікаваны на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале.
Згодна з унесенымі зьменамі, звычайны і біямэтрычны пашпарты, ID, біямэтрычны дыпляматычны і службовы пашпарты выдаюцца на беларускай, расейскай і ангельскай мовах (арт. 10). У ранейшай вэрсіі закону замест апошняй былі пазначаныя «іншыя мовы», піша «Радыё Свабода».
Судаводзтва і адміністрацыйныя працэсы (арт. 14, 15) можна весьці на беларускай і (або) расейскай мовах. Раней было разьмежаваньне: на беларускай або расейскай.
Права на атрыманьне адукацыі (арт. 21) на беларускай і (або) расейскай мовах зафіксавалі для сыстэмаў навукова-арыентаванай адукацыі і дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі.
Зьмянілася назва артыкула: «Права на выхаваньне і атрыманьне адукацыі на нацыянальнай мове» на «Права на атрыманьне адукацыі на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь».
Адгэтуль вучыцца на мовах нацыянальных мяншыняў нельга, дазваляецца толькі вывучэньне іх роднай мовы і літаратуры ў асобных групах і клясах паводле рашэньня мясцовых органаў улады, узгодненым зь Міністэрствам адукацыі.
Зьнята патрабаваньне для кіраўнікоў сыстэмы адукацыі валодаць беларускай мовай. Цяпер гэты наказ дзейнічае толькі для пэдагагічных работнікаў (арт. 22).
У гэтым жа артыкуле зьняты абзац, які рэглямэнтуе мэханізм выбару мовы навучаньня ў пэўнай установе адукацыі:
«Асноўная мова навучаньня і выхаваньня (беларуская або расейская) вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі (арганізацыі, якой у адпаведнасьці з заканадаўствам дадзена права ажыцьцяўляць адукацыйную дзейнасьць), індывідуальным прадпрымальнікам, якому ў адпаведнасьці з заканадаўствам дадзена права ажыцьцяўляць адукацыйную дзейнасьць, з улікам пажаданьняў навучэнцаў (законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў)».
Зьмены набываюць моц пасьля афіцыйнага апублікаваньня.
Ліквідацыя польскіх і літоўскіх школ у Беларусі
У верасьні 2022 году ўлады Беларусі нібыта з прычыны невыкананьня правілаў пажарнай бясьпекі закрылі Пяляскую школу, якая працавала з 1992 году. Дзяцей перавялі ў іншыя ўстановы адукацыі.
Гэта была першая нацыянальная літоўская школа ў Беларусі, яе заснавальнікамі выступілі Фонд культуры і Міністэрства асьветы і навукі Літвы. Адукацыю вялі паводле вучэбных плянаў і праграмаў Міністэрства адукацыі Беларусі.
Літва заклікала Беларусь не парушаць узятыя ў рамках Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) абавязаньні, зьвязаныя з гарантыяй навучаньня на мовах нацыянальных меншасьцяў. Але беларускія ўлады не прыслухаліся да закліку.
У Беларусі было дзьве літоўскія школы. У Пелясе Воранаўскага раёну было 127 вучняў і працуюць 23 настаўнікі, у Рымдзюнах Астравецкага раёну — 82 школьнікі і 18 настаўнікаў.
Раней стала вядома, што польскамоўныя школы ў Горадні і Ваўкавыску пераводзяць на расейскую мову. Чыноўнікі спасылаліся на абноўлены Кодэкс аб адукацыі.
Згодна з 90-м артыкулам Кодэксу, асноўнымі мовамі навучаньня і выхаваньня ў Беларусі зьяўляюцца дзяржаўныя мовы — беларуская і расейская.
Польскае выданьне Rzeczpospolita паведаміла, што ў школе № 36 у Горадні, дзе каля 620 дзяцей вучылася па-польску, правялі бацькоўскія сходы. На іх кіраўніцтва паведаміла, што выкладаньне на польскай мове будзе немагчымае.
Кіраўніцтва школы спаслалася на абноўлены закон аб навучаньні, паводле якога выкладаць могуць толькі на адной зь дзяржаўных моваў у Беларусі.
Вывучаць польскую мову і літаратуру цяпер дзеці змогуць толькі як асобны прадмет раз на тыдзень.
Эканамічны суд Берасьцейскай вобласьці вынес рашэньне ў справе аб ліквідацыі ТАА «Польская школа». 19 красавіка 2021 году эканамічны суд Берасьцейскай вобласьці разгледзеў справу па заяве пракурора гораду Берасьця. Фармальна той выступіў «у мэтах абароны дзяржаўных і грамадзкіх інтарэсаў адміністрацыі Ленінскага раёну гораду Берасьця».