Група беларускіх навукоўцаў працуе над стварэннем маральна-этычнага кодэксу навукоўца.
Вось што паведаміў Еўрарадыё пра гэтую ініцыятыву доктар тэхнічных навук, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта Віталь Севяранін:
“Утрох мы працуем, філосаф прафесар Стралец і філолаг, літаратуравед Юрый Паталкоў. Неяк сабраліся мы і ў гутарцы прыйшлі да высновы, што вынаходзяць вялікія рэчы, а яны ў раптам выкарыстоўваюцца на шкоду чалавеку. Вось мы і вырашылі: добра, каб быў звод правілаў маральных, паводзінаў, і не толькі навукоўца. Хутчэй гэта звод правілаў, як выхоўваць моладзь на шляху ў навуку. Былі пажаданні дабраты, каб болей было імкнення аддаваць, каб атрымаўшы адукацыю не ад’язджалі па амерыкам усялякім зарабляць, а каб тут працавалі, на дабро Радзімы. Хутчэй за ўсё, гэта будзе філасофская праца“.
Задума адназначна кан’юнктурная і няслушная, мяркуе доктар тэхнічных навук, прафесар Марат Краўцоў. Вось што ён распавёў Еўрарадыё:
“Каб весці размовы пра Кодэкс для навукі, трэба найперш, каб яна была. А яе няма ні ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце, ні ў Беларусі. Няма вынікаў. Буйных навукоўцаў няма, генератараў ідэй. Таталітарызм і навука несумяшчальныя. Навуковец ён найперш іншадумец, нехта супрацьлеглы абывацелю, бо нацэлены вынайсці нешта, чаго да гэтага не было. Ён па азначэнні непаслухмяны, смелы, настойлівы, мае сваю годнасць. Пры чым тут дабрыня? Ёю не навука, царква ёю найбольш пераймаецца“.