У Беларусі ёсць кінематограф. У Беларусі ёсць Bulbamovie

30.09.2016 Кіно

Больш за 60 пададзеных да ўдзелу кінастужак, аб’ектыўнае судзейства і адкрытае галасаванне гледачоў, дзве прэм’еры, кінапаказы нон-стоп і самае маштабнае паяданне бульбы…

Bulbamovie

21 кастрычніка стартуе шосты фестываль новага беларускага кіно Bulbamovie, які з мінулага года праходзіць адначасова ў Беларусі і Польшчы. Фестываль стымулюе экранны пошук беларускіх аўтараў і пашырае міжнародныя кантакты кінематаграфістаў. Ён аб’ядноўвае знатакоў добрага кіно, аматараў эксперыментаў і проста зацікаўленых гледачоў. Пры гэтым Bulbamovie — рэальная магчымасць для новых аўтараў прыцягнуць публічную ўвагу, пагутарыць з прадзюсарамі і кінадыстрыб’ютарамі, а таксама атрымаць грашовы прыз.

Узнагароды будуць уручаныя ў трох намінацыях: гульнявое кіно, дакументальнае і анімацыя. Акрамя таго, пройдзе адкрытае галасаванне за прыз глядацкіх сімпатый. Ужо сёння відавочная цікавасць беларускіх аўтараў да Bulbamovie. Даслана больш за 60 работ, найлепшыя з якіх увойдуць у конкурсную праграму фестывалю і будуць змагацца за перамогу.

“Bulbamovie — першы беларускі кінафестываль, дзе быў паказаны мой фільм “Адной крыві”. Я не верыў, што яго прымуць і ацэняць. На жаль, мы прывыклі з пагардай і вельмі крытычна ставіцца да з’яваў беларускага паходжання. Bulbamovie даказаў няправільнасць такога падыходу. Аказалася, што і ў нашай краіне ёсць эксперты, якія ўмеюць успрымаць твор як такі, без звязкі з месцам вытворчасці. Асноўны крытэр выбару найлепшых фільмаў для мяне як чальца журы — каб яны выклікалі нейкую эмоцыю ад прагляду, каб мы маглі адчуць самога аўтара. Калі фільм чапляе — значыць, ён варты перамогі!” — лічыць кінарэжысёр Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў, пераможца Bulbamovie-2015 і чалец журы фестывалю гэтага года.

Сёлета Bulbamovie выходзіць за рамкі проста кінаконкурсу. Гледачоў чакае дзве эксклюзіўныя кінапрэм’еры ад таленавітых беларускіх аўтараў. У рамках фестывалю пройдзе «кінападвячорак» — адкрытая дыскусія на тэму “Новае беларускае кіно: рэанімацыя ці перазагрузка?”. Будзе працаваць музей гісторыі беларускіх кінаафіш. А таксама адбудзецца абавязковы фестывальны рытуал — сумеснае паяданне бульбы.

Bulbamovie прымаюць камфортныя і сучасныя кіназалы Silver Screen Arena City. Уваход на фестываль платны, але цэны настолькі дэмакратычныя, што кожны ахвочы зможа дазволіць сабе ўдзел у двух фестывальных днях!
Білет можна набыць у касах кінатэатраў Silver Screen, на афіцыйным сайце silverscreen.by.