Алесь Тодараў на budzma.org разважае аб тым, якую сілу маюць кнігі і чаму не згубяць яе нават у час панавання мультымедыйнага кантэнту.
Крыніца: celes.club
Разважаючы аб вучобе ў той або іншай форме, нельга не звярнуць увагу на такую неад’емную яе частку, як кнігі. Здавалася б, у наш час, калі ёсць ютуб, падкасты і розныя навукова-папулярныя праграмы ды фільмы, кнігі мелі б страціць сваё стратэгічнае значэнне. Але гэта зусім не так, хутчэй наадварот.
Начытаны чалавек, які ведае і цяперашнюю сітуацыю, і справы мінулага, заўжды больш дасведчаны, чым той, хто адно глядзіць пяціхвілінныя ролікі на ютубе. Дзе блогер з незразумелым узроўнем кваліфікацыі спрабуе патлумачыць складаныя рэчы, якія сам не заўжды да канца разумее. Гаворка вядома не пра ўстаноўку крана ў ваннай або агляд чарговага серыяла. А пра рэчы значна глыбейшыя і тым цікавейшыя. Абазнанаму чалавеку заўжды ёсць чым падтрымаць гутарку, бо ён, як правіла, дасведчаны ў многіх сферах.
Што б там ні казалі, але кнігі і ў наш час — гэта велізарны культурны рэсурс, які можа навучыць чалавека самым розным рэчам, пачынаючы ад нейкай банальшчыны і скончваючы складанымі філасофскімі ідэямі.
Прыгадваецца прыклад Рэя Брэдберы: у маладыя гады гэты вядомы пісьменнік не мог дазволіць сабе адукацыі. Таму кожны дзень хадзіў у бібліятэку і чытаў кнігі. Праз некалькі гадоў колькасць прачытаных тамоў была неверагоднай, а эфект — эквівалентны навучанню ва ўніверсітэце. Брэдберы стаў прызнаным класікам у галіне навуковай фантастыкі не толькі дзякуючы свайму несумненнаму таленту, але таксама і надзвычай шырокаму кругагляду і абазнанасці ў многіх тэмах.
1. Актыўная праца мозгу.
2. Якасць кантэнту лепшая за той, што прапануюць сацыяльныя сеткі і ютуб.
3. Бясцэнны досвед папярэднікаў.
4. Развіццё ўяўлення.
5. Атрыманне ведаў і пошук новых ідэй.
Калі задаць такое пытанне, то ў адказ можна пачуць шмат чаго. Але давайце паспрабуем знайсці нейкую практычную карысць ад таго, што мы бяром добрую кнігу ў рукі штодня. Вось некалькі прычын, якія на першы погляд могуць падацца нетрывіяльнымі:
Пераадоленне стрэсу
Калі ў вас падвышаная трывога, або вы рэгулярна перажываеце стрэсавыя сітуацыі, то чытанне кніг гарантавана дапаможа вам справіцца з гэтымі негатыўнымі з’явамі.
Навукоўцы з Сасэкса даказалі: чытанне — гэта ці не найлепшы спосаб хутка справіцца са стрэсам. Літаральна 10 хвілінаў у кампаніі з добрай кнігай дастаткова, каб зменшыць напругу на 68%, бо запавольваецца рытм сэрца, а цягліцы паслабляюцца.
Да ўсяго, калі кніга і праўда добра напісаная і цікавая, яе чытанне зацягвае і чалавек забываецца на свае праблемы. Калі вас перапаўняюць змрочныя думкі, а вакол пануе адно негатыў, паспрабуйце прачытаць хаця б з дзясятак старонак, і ваш стан абавязкова зменіцца.
Пашырыць слоўнікавы запас
Крыніца: yourspeech.ru
Падчас чытання актывізуецца левая палова галаўнога мозгу. Яна адказвае ў тым ліку і за ўспрымальнасць да моваў. Адпаведна, чым болей якаснай літаратуры вы чытаеце, тым больш дасведчаным робіцеся.
Да ўсяго, вялікі слоўнікавы запас — гэта прыкмета інтэлектуальна развітага чалавека.
Паскарэнне мыслення
Чым часцей вы бярэце ў рукі кнігу або часопіс, тым хутчэй інфармацыя адкладаецца ў мозгу, а памяць паляпшаецца. Чытанне ўмацоўвае старыя сувязі паміж нейронамі і стварае новыя.
Адбываецца гэта праз тое, што, як правіла, любая мастацкая кніга багатая на дэталі: гісторыя кожнага персанажа, яго матывацыя, асноўная і дадатковыя сюжэтныя лініі, — усё гэта трэба памятаць і трымаць у галаве. А тут яшчэ апісанні прыроды ды інтэр’еры...
— Ніколі не адмаўляйце сабе ў жаданні перачытваць любімыя тэксты. Спампуйце электронную версію кнігі, каб у вас заўжды была магчымасць чытаць яе ў любым месцы.
— Хадзіце на спектаклі, глядзіце якасныя экранізацыі твораў.
— Спрабуйце аналізаваць не толькі прызнаную класіку, але і сучасныя творы.
— Не саромцеся выбіраць нестандартныя ракурсы для погляду на творы школьнай праграмы. Бо менавіта яна шмат у чым фармуе нашу асобу. Часам карысна перачытаць і яе.
— Не прымушайце сябе чытаць, калі адчуваеце стомленасць. Не марнуйце час «начным чытаннем».
— Чытайце толькі тыя кнігі, якія вам падабаюцца і чытанне якіх прыносіць карысць.
— Абмяркоўвайце прачытанае з сябрамі і знаёмымі.
— Не капітулюйце перад паняццямі і імёнамі, якія здаюцца вам незнаёмымі. Звяртайцеся да слоўнікаў.
— Смела рабіце ў кнізе закладкі, калі лічыце, што гэта менавіта тое месца, да якога потым варта вярнуцца.
— Зрабіце са штодзённага чытання карысную звычку.
Поспехаў!
Алесь Тодараў, budzma.org