Любіце падарожнічаць? Тады варта мець усё неабходнае, каб вашая вандроўка была ў радасць! Гэта тычыцца і праграм. Дзякуючы ім вы зможаце лёгка знайсці дарогу, патрэбнае вам месца, а ў некаторых выпадках – нават бясплатную начоўку! Мы сабралі падборку самых патрэбных у дарозе мабільных сэрвісаў.
Maps.me
Што трэба для выдатнай мабільнай мапы? Правільна – магчымасць яе выкарыстоўваць без сеціва, магчымасць афлайн-навігацыі, а таксама абазначэнні розных месцаў і крамаў горада. І Maps.me адпавядае ўсім гэтым патрабаванням. Самі карты важаць даволі мала – усяго некалькі дзясяткаў мегабайт за вобласць. Навігацыя працуе выдатна, але ёсць два мінусы: у Maps.me няма раскладу грамадскага транспарту і часу працы ўстановаў. То бок прыпынкі пазначаныя, але што там ідзе і куды давязе – невядома. Але калі вы на машыне, пехам ці ровары, складанасці не будзе. Што да часу працы, тут нічога не зробіш – давядзецца шукаць у іншых месцах ці арыентавацца самому. У астатнім навігатар радуе ўсім, у тым ліку і зразумелым інтэрфейсам.
Асноўныя функцыі:
- Хуткая спампоўка патрэбнай вобласці.
- Абазначэнні: ад вадзяных калонак да веладарожак і крамаў.
- Магчымасць дапаўняць інфармацыю аб месцах, пакідаць водгукі.
- Афлайн-навігацыя на машыне, таксі, ровары ці пехам (тут выкарыстоўваюцца староннія праграмы, але ў большасці выпадкаў мапа пакажа прыкладную колькасць чакання і прыблізны кошт паездкі).
- Дакладны пошук па дамах.
- Пошук па катэгорыях (кавярня, Wi-Fi, запраўка і г.д.).
- Агучка навігацыі голасам.
Калі вы ведаеце час працы патрэбнага вам месца і ў курсе маршрутаў грамадскага транспарту, для вас Maps.me стане галоўным дапаможнікам у навігацыі і падарожжы. Калі ж не, то афлайн-мапы і добры пошук – усё роўна вялікі аргумент, каб гэтая праграма была на вашым тэлефоне ці планшэце.
Foursquare
Кавы, гарбаты? Хочацца паесці ці проста адкрыць для сябе новую класную кавярню? Магчыма, тут вам дапаможа Foursquare. Гэты сэрвіс збірае ўсю інфармацыю пра ўстановы харчавання і крамы. Тут вы зможаце паглядзець цэнавую катэгорыю, знайсці найбліжэйшае ці найлепшае ў акрузе месца, а таксама пачытаць водгукі карыстальнікаў + пэўныя лайфхакі, як, напрыклад, пароль ад мясцовага Wi-Fi. Таксама Foursquare пакажа вам, як хутчэй туды дабрацца, але ўжо з дапамогай Google Maps. На жаль, праграма працуе толькі з інтэрнэтам.
Асноўныя функцыі:
- Фільтры (сняданак, абед, кава і г.д).
- Водгукі карыстальнікаў і іх парады.
- Сістэма адзнак і падзел на цэнавыя катэгорыі.
- Поўная інфармацыя аб месцы (час працы, магчымасць аплаты, браніраванне і г.д.).
- Магчымасць пакідаць свае агляды і водгукі.
- Функцыя спісаў, дзе можна захоўваць свае ўлюбёныя месцы.
- Навігацыя (праз Google Maps).
Гэта выдатны гід па горадзе, праз які вы зможаце даволі лёгка пракласці свой праменад, гастранамічны тур ці проста хутка знайсці кавярню, каб папрацаваць. А сістэма водгукаў і ацэнак не толькі вам дапаможа, але і падштурхне самім іх пісаць. Адзіны мінус – патрэбнае пастаяннае сеціва.
Couchsurfing
Добра, з навігацыяй і пошукам месцаў крыху разабраліся. Але дзе начаваць? Гатэль, хостэл? Для слабакоў! Пашукаем добрых людзей у Couchsurfing. Калі сур’ёзна, то гэты сэрвіс вам сапраўды дазволіць знайсці сабе бясплатны начлег у любым горадзе і краіне. Працуе гэта наступным чынам: шмат каму цікава паразмаўляць ці дапамагчы цікавым людзям, асабліва замежнікам, таму яны прапаноўваюць свае кватэры ці дамы на кароткае бясплатнае падсяленне ў Couchsurfing. Вы ж запаўняеце кароткую анкету, шукаеце патрэбны вам горад і дасылаеце запыты. Калі спадабаецеся – зможаце спісацца і дамовіцца аб заездзе. Апроч “хостаў” вы зможаце пазнаёміцца з іншымі падарожнікамі і даведацца пра нейкія цікавыя івэнты ў вашым месцы. Напрыклад, штодзённая бясплатная экскурсія ці гульня ў фрысбі. Карацей, must have для апантаных падарожнікаў! Толькі ёсць адно “але”: каб не было лімітаў на запыты пераначаваць і вас ахвотней бралі, трэба прайсці платную верыфікацыю, якая каштуе сапраўды дорага – ажно 60$! Але калі вы часты падарожнік, гэта нашмат танней, чым пастаянна браніраваць гатэль ці хостэл.
Асноўныя магчымасці:
- Пошук начлегу.
- Мерапрыемствы.
- Магчымасць знаёмстваў з падарожнікамі з усяго свету.
Добрая альтэрнатыва гатэлям і хостэлам, асабліва калі вы шукаеце новых знаёмстваў і/ці ў вас абмежаваны бюджэт. Але не забывайцеся пра асабістую бяспеку!
Google Tips
Астатняя частка нашай падборкі – прадукцыя Google. Гэтым разам – асабісты асістэнт па падарожжах. Дзякуючы гэтай праграме вы зможаце ўсю патрэбную інфармацыю пра падарожжа трымаць у адным месцы. Тут захоўваюцца вашыя броні квіткоў, гатэляў. Вы можаце тут жа скласці свой спіс наведванняў на час паездкі, а таксама маршруты на дзень. Падчас планавання праграма выбера і пакажа вам усе галоўныя славутасці горада, дзе можна пазабаўляцца і што адкрыта на час вашага падарожжа. Такім чынам вы зможаце ўсё добра спланаваць і не траціць час! І самае галоўнае – ёсць магчымасць афлайн-працы!
Асноўныя магчымасці:
- Афлайн-парады.
- Спіс славутасцяў, кароткая інфармацыя аб іх, а таксама час працы.
- Магчымасць пракладваць маршруты.
- Магчымасць абіраць месцы, абавязковыя для наведвання.
- Праграма захоўвае інфармацыю аб вашай броні і квітках – усё ў адным месцы.
Калі мэта вашай паездкі – наведванне славутасцяў і вывучэнне горада, то ў праграмы ёсць усё для выдатнага планавання падарожжа.
Google Maps
І заканчваем нашую падборку самай банальнай, асабліва для аматараў Android, праграмай – мапамі ад Google!
У прынцыпе, тут няма пра што казаць. Інфармацыя аб месцах, у тым ліку і час працы. Добрая навігацыя, а ў некаторых краінах працуе нават расклад грамадскага транспарту. Магчымасць захоўваць афлайн некаторыя кавалкі мапаў, але яны невялікія ў параўнанні з Maps.me. Цікавая функцыя храналогіі, якая паказвае пройдзены маршрут за дзень. Тут таксама ёсць магчымасць дапаўняць наяўную інфармацыю аб месцах, а таксама пакідаць водгукі. Таксама добры плюс гуглаўскай мапы – магчымасць паглядзець фота славутасцяў і не толькі.
Асноўныя магчымасці:
- Функцыя храналогіі вашых штодзённых паходаў.
- Поўная інфармацыя аб месцах.
- У некаторых краінах – падтрымка навігацыі па грамадскім транспарце.
- Магчымасць афлайн-мапаў, але яна горшая за Maps.me.
- Навігацыя з галасавым агучваннем.
- Адзнакі і водгукі аб месцах.
Калі ў вас ёсць сеціва, то Гугл-мапы – амаль найлепшы навігатар! Але мапа не настолькі падрабязная, як у Maps.me, няма і такой зручнай сістэмы афлайн-мапаў. Але паколькі шмат сэрвісаў залежыць менавіта ад гэтай праграмы, раім трымаць яе разам з Maps.me – яны добра дапаўняюць адна адну.
Багдан Сакалоў