Вечарыны, кінапаказы, лекцыі, дэбаты і кватэрнікі ў культурнай афішы Бабруйска прысутнічаюць амаль кожны дзень. Нездарма горад называюць адной з самых актыўных культурных пляцовак краіны. Мы паразмаўлялі з гаспадыняй тайм-клуба “1387” і аўтаркай праекта “Культурны 3.0 Бабруйск” Наталляй Халанскай, каб даведацца, як гараджане ажыццяўляюць свае самыя творчыя ідэі.
– Наталля, што вы ўкладаеце ў паняцце “культурны горад”?
– Такое няпростае пытанне… Па-першае, горад – гэта людзі, па-другое – нейкая прастора ці інфраструктура, якая дае гэтым людзям магчымасць рэалізаваць сябе. Калі мы кажам пра культурны горад, то на гэтай прасторы гараджане могуць задаволіць свае культурныя патрэбы.
– Бабруйск, на вашую думку, адпавядае гэтаму азначэнню?
– Для мяне асабіста – так. Але ў кожнага чалавека свае патрэбы. І тут галоўнае, каб былі разнастайнасць і выбар. Менавіта апошняга ў Бабруйску не так шмат, як хацелася б мне і гараджанам.
– Але вы над гэтым працуеце, улічваючы тое, што колькасць падзеяў, што адбываюцца ў антыкавярні “1387”, набліжаецца да дзвюх сотняў у год…
– Так, некалькі дзён таму тайм-клуб “1387” адсвяткаваў трохгоддзе. За гэты час пляцоўка клуба павялічылася амаль у тры разы. Мы пачыналі з невялічкай залы на 50 кв.м, потым – на 100, цяпер мы маем 230 квадратных метраў. У новы асобны будынак з уласным дворыкам мы пераехалі сёлет, і цяпер можам казаць не проста пра антыкавярню ці тайм-клуб у класічным разуменні, але пра крэатыўную прастору Бабруйска, дзе адбываецца шмат цікавых для гараджан праектаў.
Вядома, калі разглядаць пляцоўку ў межах усяго горада, гэтага недастаткова. Мусяць з’яўляцца новыя прасторы і іншыя праекты. Мы падаёмся цікавымі пэўнай аўдыторыі, аднак застаецца шмат людзей, якія хочуць рэалізаваць сябе ў горадзе іншым чынам.
– А хто вашая аўдыторыя?
– Гэтыя тры гады мы арыентаваліся на маладых людзей, спецыялістаў ва ўзросце ад 23 да 40 гадоў. Гэта найбольш актыўная аўдыторыя. Як правіла, гэта людзі, якія атрымалі вышэйшую адукацыю ў буйнейшых гарадах. Яны разумеюць прынцыпы працы антыкавярні, прымаюць такі род адпачынку і да таго ж маюць патрэбу атрымліваць новыя веды, што мы імкнёмся прапанаваць у межах сваіх праектаў.
– Сёлета стартавала праграма “Культурны 3.0 Бабруйск”. Чаму для свайго праекта вы абралі фармат 3.0?
– Сёлета Бабруйск быў абраны культурнай сталіцай Беларусі. Такі статус можа атрымаць горад, дзе адбываюцца нейкія значныя і буйныя культурныя падзеі. У Бабруйску ёсць Міжнародны фестываль драматургіі і Міжнародны фестываль народнай творчасці “Вянок дружбы”. А большасць мерапрыемстваў у межах культурнай сталіцы мела масавы характар і шырокі фармат. Нам захацелася дадаць у афішу больш камерных падзей, для меншай аўдыторыі, але не менш цікавых – сустрэч з творчымі людзьмі, лекцый, дэбатаў, вечарын. Гэта і ёсць культура 3.0, калі кожны можа зрабіць нешта і прапанаваць гэта аўдыторыі. З аднаго боку, гэта супер, таму што магчымасць ёсць у кожнага. З іншага – можа падацца, што ўзровень культуры робіцца ніжэйшы, бо ствараюць яе не прафесіяналы, а простыя людзі. Але на маю думку, адно другому не мусіць перашкаджаць. Такім чынам, паралельна з афіцыйнымі гарадскімі імпрэзамі мы ладзілі нешта невялічкае сваё. Мы нават рабілі “Каляндар культурнага гараджаніна” з афішай на месяц усіх цікавых мерапрыемстваў, што адбываліся ў Бабруйску. Туды ўваходзілі і афіцыйныя імпрэзы ў тэатры, кіно, Палацы мастацтваў, а таксама лакальныя сустрэчы ў тайм-клубе, іншых кавярнях, фітнес-клубах. Гараджане мелі з чаго выбраць і скласці свой культурны адпачынак.
Праект “Вечарынка: народныя танцы”
– Абраны фармат сябе апраўдаў?
– Так, апраўдаў. Але мы працягваем працаваць, бо праект нельга разглядаць асобна ад нашай асноўнай дзейнасці. Гараджане вельмі добра ўспрымаюць новы фармат. Прывяду прыклад, які сведчыць на карысць гэтага. Улетку ў рамках “Культурнага 3.0 Бабруйска” мы рабілі вулічныя музычныя вечарыны. Гэта падабалася ўсім. Прайшло 8 сустрэч, на якія збіралася 100-300 чалавек. На апошнюю імпрэзу мы нават не запрашалі музыкаў – самі гараджане выйшлі на вуліцу і падзяліліся сваёй творчасцю. Самі гралі і спявалі. Гэта быў экспромт. У фармаце 3.0 гараджане самі ў стане рабіць цікавыя культурныя імпрэзы. Гэты фармат дазваляе зрабіць гарадскую культуру больш разнастайнай і адначасова не патрабуе вялікіх грошай і грунтоўнай падрыхтоўкі. Дадам, што працягам музычных вечарын стаў праект акустычных кватэрнікаў BobrTrip. Да нас едуць музыкі з усёй Беларусі. Аднымі з апошніх нашых гасцей былі Алег Сухараў, які быў лідарам украінскага рок-гурта “Самі Своі”, і былы бабруйчанін, а цяпер мінчук Фёдар Лысенка, які грае на гітары ў стылі Finger style. Праект настолькі папулярны, што да 23 снежня ў нас ўсё распісана.
– Як інфраструктура тайм-клуба дазваляе праектам у межах “Культурнага 3.0 Бабруйска” працаваць?
– Тайм-клуб займае асобны будынак, але гэта не толькі “1387”. За тры гады тут з’явіліся партнёры, якія выраслі на нашай пляцоўцы. Гэта Цэнтр моладзевай інавацыйнай творчасці “Старт”, які ўзначальвае інжынер Максім Шаўцоў. У навучальным класе і інавацыйнай лабараторыі дзеці і дарослыя вывучаюць тэхналогіі, займаюцца робататэхнікай, 3D-мадэляваннем, 3D-друкам. Яшчэ адну частку займае арт-студыя бабруйскай мастачкі Людмілы Кіслёнак. У фармаце адпачынку яна ладзіць мастацкія курсы для дарослых. Так, гэта іх прастора, але мы знаходзімся ў адным будынку. Гэта зручна, бо ёсць магчымасць дапамагаць адно аднаму.
У прасторы “1387” ёсць лекцыйная зала да 40 чалавек з праектарам. Ёсць тэатральны, ці музычны, пакой з канапай, крэсламі і фартэпіяна, які мы называем “кватэркай”. Там ужо можна адпачываць і вучыцца граць на музычных інструментах. Мы нават маем невялікі дзіцячы пакойчык, таму што мы child friendly. Я сама мама – у мяне сын, у маіх сяброў таксама ёсць дзеці, і мы заўжды бяром іх з сабой. Раней гэта было не заўжды зручна, а цяпер падчас імпрэзаў дзеткі бавяць час на сваёй пляцоўцы, нікому не замінаюць, і бацькам зручна, што яны побач. Такім чынам, адначасова ў тайм-клубе можа праходзіць 2-3 сустрэчы, і ніхто нікому не замінае. Гэта зноў жа фармат культуры 3.0, калі кожны абірае цікавы для сябе занятак.
– Ідэя вечарыны з народнымі танцамі, якая таксама адбываецца на прасторы “1387”, на Кірмашы праектаў набрала большасць галасоў. Праз месяцы працы, якія мерапрыемствы/праекты Культурнага Бабруйска аказаліся найбольш запатрабаванымі?
– Танцавальныя вечарыны аказаліся надзвычай папулярнымі сярод гараджан. Праект ужо скончыўся, а мы працягваем танчыць. Усё лета танчылі ў гарадскім скверы, а калі пахаладала, зноў вярнуліся ў прастору “1387”. Кожную першую і трэцюю нядзелю месяца тут збіраецца вельмі розная аўдыторыя – і моладзь, і больш сталыя людзі. У гэтым праекце мне асабліва падабаецца тое, што вядоўцы вечарын Зміцер Мурашка і Юля Літвінава не толькі вучаць танцам, але і распавядаюць пра іх, знаёмяць з уласна бабруйскімі танцамі і танцамі з іншых мясцовасцяў. У Бабруйск прыязджаюць розныя музыкі з інструментамі і цікавымі аповедамі. Гэта нацыянальная культура, тое, што нас робіць беларусамі, збліжае з родным месцам.
Летнія музычныя вечары ў Бабруйску
У межах “Культуранага 3.0 Бабруйска” стартаваў “Дэбат-клуб”, куды можна прыйсці і паразмаўляць на актуальныя тэмы, якіх шмат і яны вельмі розныя. Было вельмі цікава, калі мы закранулі тэму “дармаедаў”. Апошнія дэбаты ў нас прайшлі на тэму прышчэпак для дзяцей. Вы разумееце, што прыйшлі ўжо зусім іншыя людзі. Фармат нагадвае камандную гульню, і прыйшоўся жыхарам Бабруйска даспадобы.
Яшчэ адзін вельмі цікавы праект, які прыйшоў у “Культурны Бабруйск”, – гэта “Жывая бібліятэка”. Засвоіць папулярны ў свеце фармат нам актыўна дапамагала суполка з Мінску. На апошняй “Жывой Бібліятэцы” сабралася больш за 60 чалавек. Людзі ў невялічкіх групах абмяркоўваюць пэўныя тэмы, што прапануе “кніга”, у ролі якой выступае чалавек. Чалавек, якога мы абіраем “кнігай”, ці засвоіў незвычайную прафесію, ці мае адрозную ад звыклай жыццёвую пазіцыю, ці сутыкнуўся з рэдкай хваробай, ці мае ў жыцці цікавы досвед. Так, на апошняй “бібліятэцы” сярод “кніг” былі вандроўнік-адзіночка, які сам падарожнічаў па Карпатах, дзяўчына – прадстаўніца дзіцячага хоспісу, якая распавядала, чаму хоспіс не мусіць выклікаць страх, фатограф-самавучка, акторка тэатра. Наведнік прыходзіць з “білетам чытача” і, прагледзеўшы каталог “кніг”, запісваецца на пэўны час. Групы з 3-4 чалавек размаўляюць з “кнігай” не больш за паўгадзіны, а потым мяняюцца. Склаўся ў нас і сапраўдны Літаратурны клуб “ВOOKоўскі”, дзе мы чытаем і абмяркоўваем творы беларускай і сусветнай літаратуры.
Творчы вечар Фёдара Лысенкі
Праект “Жывая бібліятэка” на прасторы “1387”
Мы былі радыя падтрымаць праект “Адкрый Бабруйск”, падчас якога гараджане могуць намаляваць паштоўку свайго любімага месца ў горадзе. Найлепшыя малюнкі будуць надрукаваныя ў фармаце паштовак з відамі Бабруйска. Праект нечым нагадвае “Міфічны Бабруйск”, які ўжо скончыўся. Надрукаваныя паштоўкі мы часам выкарыстоўваем як падарункі падчас краязнаўчых віктарын.
Гэта і ёсць Культурны Бабруйск – калі шмат усяго рознага.
– Бабруйск – горад з багатай гісторыяй. Яго мінулае і сучаснасць моцна звязаныя з габрэйскай супольнасцю, адной з найбольшых у краіне. Відавочна, што Культурны Бабруйск не мог абысці гэтую тэму…
– Так, мы сябруем з габрэйскай суполкай. Яны заўжды нашыя госці. Мы шмат кажам, што Бабруйск – габрэйскі горад, але мала ведаем, адкуль тут габрэі, чаму іх так шмат, што яны зрабілі для горада, якая ў іх культура і рэлігія. У тайм-клубе мы запусцілі цыкл пазнавальных лекцый на розныя тэмы. Раз на месяц старшыня габрэйскай абшчыны выступае з праектам “Габрэі: пытанні на адказы”. Ён не проста распавядае, але і паказвае шмат цікавых “артэфактаў”, якія можна прымераць альбо памацаць. Людзям вельмі падабаецца. Таксама ў нас стартуе праект “пэйсы-тураў” – гэта 45-хвілінны шпацыр па габрэйскіх мясцінах Бабруйска з наведваннем сінагогі. Да таго ж габрэйская суполка праводзіць шмат цікавых мерапрыемстваў у горадзе. Мы дапамагаем адно аднаму і заўжды гатовыя да сумесных праектаў. Напрыклад, цяпер абмяркоўваем правядзенне дзён габрэйскага кіно.
Сустрэчы ў фармаце дэбатаў у тайм-клубе “1387”
– У наступным годзе статус культурнай сталіцы атрымае іншы горад. Ці займее “Культурны 3.0 Бабруйск” працяг?
– Мы плануем, што так. У наступным годзе Бабруйск больш не культурная сталіца. Ці робіць гэта наш горад менш культурным? Гэта вялікае пытанне. Менавіта таму мы мяркуем працягваць. Таксама плануем складаць Культурны каляндар, каб паказваць, што нічога не змянілася: мы як былі культурным горадам, так і застаёмся. Будзем рабіць больш культурных імпрэзаў рознага кшталту, для розных людзей, з ініцыятывы саміх гараджан. А ідэй вельмі шмат. Да прыкладу, наш наступны гарадскі праект – увесці ў культурную афішу новую дату. Гэта 28 красавіка. Менавіта ў гэта дзень у 1387 годзе Бабруйск упершыню згадваецца ў летапісе ВКЛ. І менавіта гэтая дата павінная святкавацца як Дзень горада. Пакуль што свята прыпадае на 29 чэрвеня – дзень вызвалення Бабруйска ад фашысцкіх захопнікаў. Цяпер мы шукаем формы і ідэі, каб зрабіць свята менш афіцыйным, затое больш глыбокім і гістарычным. Культурны Бабруйск будзе жыць і як праект, і як ідэя.
Яна Шыдлоўская