27 снежня 1587 года шведскі Каралевіч Жыгімонт Ваза стаў каралём, ён намагаўся ў часы свайго праўлення аб’яднаць Рэч Паспалітую і Швецыю ў адну дзяржаву. Пачытайце, як адбываўся працэс каранцыі напрыканцы XVI стагоддзя ў Рэчы Паспалітай.
Так выглядалі каранацыі каралёў дынастыі Вазаў:
«Каралевіч прыбыў з замка ў Вавельскі храм па дарозе, пасланай чырвоным сукном, у суправаджэнні сенатараў і саноўнікаў, якія неслі рэчы інсегнацыі: карону, скіпетр, яблык і меч. Абраны кароль уваходзіў у сабор у звычайным уборы (нямецкай або ў выпадку Яна Казіміра французскай вопратцы) і ў капелюшы. Ля ўваходу яго віталі два біскупы, кароль сядаў на крэсла ля падножжа трона, звернуты тварам да галоўнага алтара, а будучыя васалы, няслі рэчы інсігнацыі да капліцы, у якой потым пераапраналі караля ў святочнае адзенне на каранацыю. Цырымонія каранацыі дзялілася на чатыры этапы.
Першы этап
Спачатку арцыбіскуп звяртаўся да каралевіча з пытаннямі: ці хоча ён захаваць веру, перададзеную продкамі? Ці хоча ён быць апекуном Касцёла і слуг яго? Ці хоча ён правіць справядліва і абараняць даручаную яму Богам Дзяржаву? На ўсе гэтыя пытанні кароль адказваў сцвярджальна "хачу", пасля чаго пачыналася цырымонія прысягі. Каралевіч, стоячы на каленях, зняўшы капялюш, прымаў прысягу згодна таму, як яна была сфармулявана і прынята на элекцыі. Пасля прысягі кароль клаўся крыжом на дыван, а арцыбіскуп і біскупы ў гэты час прамаўлялі над ім словы блаславення.
Другі этап
Два абаты прыносілі з капліцы Святой Кацярыны пад балдахінам чару з асвячоным алеем. Яны аддавалі гэтую чару арцыбіскупу, які сядзеў перад алтаром. Кароль стаяў перад ім на каленях. Зняўшы верхнюю вопратку, кароль мусіў агаліць правую руку і верхнюю частку плячэй. Арцыбіскуп абмазваў мезінец правай рукі ў алей, потым памазваў частку рукі ад лакця да далоні, потым – левае плячо і лоб. Біскуп Кракаўскі, які стаяў побач, праціраў тканінай памазаныя алеем часткі цела караля. Затым двое іншых біскупаў і васалы, якія прынеслі рэчы для каранацыі, праводзілі караля ў капліцу, і там апраналі яго ў каранацыйную вопратку: белую, аздобленую срэбрам ці золатам капу, белыя пальчаткі і чаравікі. Праводзіўшы караля да яго крэсла перад галоўным алтаром, свецкія саноўнікі неслі ўзятыя з капліцы рэчы для каранацыі і аддавалі біскупам, якія складалі іх на алтары.
Трэці этап
Арцыбіскуп пачынаў святочную імшу. Прачытаўшы ўрыўкі з апостальскіх пасланняў, ён падыходзіў да караля і працягваў яму меч у ножнах. Кароль уставаў з крэсла, вымаў меч з ножнаў і рабіў ім хросны знак на ўсе бакі свету, затым аддаваў яго кароннаму мечніку, які ўстаўляў меч у ножны і перадаваў арцыбіскупу, а той прывязваў меч на баку ў караля са словамі: "прыставі меч твой да сцягна твайго, прынаймацнейшы...". Затым ён апранаў каралю карону на галаву, прамаўляючы адпаведныя словы: "прымі карону царства [...] у знак святасці, шанавання і доблесці", у правую руку ён клаў скіпетр, у левую – яблык, прамаўляючы таксама адпаведныя, прапісаныя ў "Ordo coronationis" словы.
Пасля цырымоніі каранацыі прымас разам з біскупамі і свецкімі сенатарамі праводзілі караля ад алтара да трона, дзе ён ціха чытаў Евангелле. Перш чым падняцца, кароль спускаўся з трона і прыносіў грашовую ахвяру перад алтаром, а на алтар клаў хлеб і віно, пасля чаго вяртаўся на трон. (...) У другі раз спускаўся кароль да алтара, каб прыняць камунію. Затым, стоячы на каленях з аголенай галавой, ён маліўся да таго часу, пакуль не прыняў дабраславенне і да канца набажэнства.
Чацвёрты этап
Пасля заканчэння імшы пачынаўся апошні этап цырымоніі каранацыі – інтранізацыя манарха. Пасля адвязвання каралеўскага мяча і перадачы яго мечаносцу, прымас разам з біскупамі вялі караля на трон, прамоўляючы словы: "сядзь і захавай гэтае месца, дадзенае табе ад Бога...". Затым прымас передаваў каралю пацалунак пакою і спяваў гімн " Te Deum laudamus", а звонку раздаваліся залпы з гармат і мушкетаў. У гэты час кароль сам апранаў сабе карону, браў у рукі скіпетр і яблык, і ў атачэнні арцыбіскупа, апостальскага нунцыя, і картэжу высокапастаўленых святароў і свецкіх высокіх асобаў накіроўваўся ў замак. На выхадзе з сабора падскарбій рассыпаў у натоўп злотыя і сярэбраныя манеты, які адчаканілі з нагоды каранацыі, з імем караля і датай каранацыі на зваротным баку.»
З кнігі "Dynastia Wazów w Polsce" Стэфаніі Охманн-Станішэўскай.