Калі вам сёлета споўнілася 65, Дзяржаўны літаратурнамемарыяльны музей Якуба Коласа мае эксклюзіўную прапанову. Варта паказаць на ўваходзе пашпарт — і наведванне будзе бясплатным. З чым звязана такая шчодрасць? Усё вельмі проста: установа і сама адзначае 65-годдзе, піша «Культура і мастацтва». Да святочнай даты (4 снежня) яшчэ далёка, аднак юбілейны год ужо ў самым разгары. Дзякуючы разнастайным прыдумкам музейшчыкаў, у камяніцы, якая знаходзіцца ў адным з самых зацішных куткоў цэнтра Мінска, пастаянна віруе жыццё.
Ад слова да рэчы
Імпрэзы цыкла «Простыя словы» ладзяцца ўжо цягам года. За гэты час у іх паўдзельнічала мноства цікавых асоб самага рознага профілю.
— Якуб Колас доўга працаваў настаўнікам і піетэт да адукацыі захоўваў усё жыццё, — кажа вядучы навуковы супрацоўнік музея Алена Жасткова, якая курыруе праект. — Таму ад пачатку мы ставілі перад сабою асветніцкія мэты. Сэнс у тым, каб прагаварыць пэўную займальную тэму простымі, зразумелымі кожнаму словамі.
Зрэшты, потым фармат пашырыўся. Часам наведвальнікаў чакае лекцыя, часам — гутарка з цікавай асобай, часам — паўнавартасны канцэрт... Ды і саміх удзельнікаў праекта яшчэ ўчора было цяжка ўявіць у адной абойме.
Імпрэзы ў музеі Якуба Коласа збіраюць поўныя залы
Тэатралізаваная чытка «Сымона-музыкі»
— Думаю, гэта імя Коласа ўсіх аб’ядноўвае, — гаворыць Алена Жасткова. — Павага да яго прываблівае многіх вядомых асоб. Дарэчы, спачатку мы планавалі ахапіць яшчэ больш шырокі спектр тэм. Чаму б, напрыклад, не запрашаць у музей фізікаў, хімікаў, батанікаў? Гэта цалкам адпавядае ідэі праекта. Варта нагадаць, што Якуб Колас як віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук стасаваўся з інтэлектуаламі самага рознага профілю. Ды пакуль што мы абмежаваліся толькі беларускай культурай і яе даследаваннямі.
Затое праект стаў развівацца ў іншым рэчышчы. Не так даўно ў цыкла з’явіўся спадарожнік — «Простыя рэчы». Гэта майстар-класы па розных народных уменнях.
— Мы вырашылі ад тэорыі перайсці да практыкі, — пасміхаецца суразмоўца. — Людзі сёння прагнуць нешта рабіць рукамі — каб потым забраць гэтую рэч на памяць.
Танцы з вавёркамі
Некаторыя задумы сціплым штатам не ўвасобіш — патрэбны хаўрус з іншымі ўстановамі культуры. І вось Коласаўскі музей падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі. Так распачалася традыцыя тэатралізаваных чытак п’есы «Сымон-музыка» ў камернай абстаноўцы Песняровай гасцёўні. Налета, у сотую гадавіну першага выдання легендарнага твора, такія імпрэзы працягнуцца. Яны важныя як для публікі, якая можа ўбачыць эксклюзіўны «прадукт» з удзелам любімых акцёраў, так і для тэатра — як магчымасць намацаць глебу для будучага паўнавартаснага спектакля.
Дарэчы, менавіта камерная абстаноўка падказала музейшчыкам і яшчэ адзін новы фармат — літаратурныя чаяванні, на якіх усе ахвотныя абмяркоўваюць спадчыну класіка. Аднак выпадае, што хочацца і разгарнуцца. У музея ёсць для гэтага пляцоўка — свой дворык. У цёплы час там можна ладзіць куды больш маштабныя імпрэзы. Прыкладам, «Танцы на палянцы» (назва гаворыць сама за сябе). Танцы, зразумела, народныя, і пры жаданні ім навучыцца кожны ахвотны: «дыскатэцы» спадарожнічае майстар-клас.
— Для нас гэты дворык — сапраўдны паратунак, — прызнаецца Алена Жасткова. — Там можна зрабіць колькі заўгодна лакацый, прапанаваўшы наведвальніку на выбар самыя розныя цікавінкі.
Імпрэзы ў музеі Якуба Коласа збіраюць поўныя залы
Дарэчы, у музейным дворыку з’явіліся сталыя насельнікі — тры вавёркі, якія патрапілі туды, напэўна, з батанічнага саду. Яны, па словах супрацоўнікаў, ужо амаль ручныя: па графіку прыходзяць на сняданак і абед і патрабавальна стракочуць, калі ежа затрымліваецца. А яшчэ — з задавальненнем частуюцца грэцкімі арэхамі, якія прыносяць наведвальнікі.
Цікавыя праекты плануюцца ўлетку і ў філіялах музея — на жывапіснай Стаўбцоўшчыне. Падзеі там ладзіліся б часцей, аднак дабрацца да гэтых куткоў гасцям не так і лёгка — прынамсі, без свайго транспарту.
Жыве галасамі наведвальнікаў
Калі разнастайныя і не зусім тэматычныя імпрэзы адбываюцца ў тым ці іншым мемарыяльным музеі, немінуча ўзнікае пытанне: а як бы паставіўся да такой актыўнасці гаспадар мясціны? Вядома, пра гэта можна толькі здагадвацца. Але пытанне, лічу, не пазбаўлена сэнсу.
— Справа ў тым, што вялікая зала ў доме Коласа ад пачатку была прадугледжана для прыёму гасцей, — адзначае Алена Жасткова. — Народны паэт вельмі любіў, калі да яго прыходзілі. І мы ведаем, што гасцёўню пры жыцці гаспадара запаўнялі галасы мінскай інтэлігенцыі — у паваенны час тут збіраўся, як кажуць, цвет нацыі. Таму лічым абавязкам падтрымліваць гэтую традыцыю пасля смерці класіка. Наша задача — стварыць асяродак для такіх самых зацікаўленых людзей: музей іх збірае, і яны да нас цягнуцца. Дарэчы, імя Песняра ўсплывае ў кожны з вечароў — нават калі тэма імпрэзы не мае непасрэднага дачынення да Якуба Коласа.
Яшчэ нядаўна да эксперыментаў музейшчыкі ставіліся насцярожана — бо яны ж трошкі кансерватыўныя па азначэнні! Ды той час прамінуў. Крэатыў ды інтэрактыў цяпер — трэнд, які нікога ўжо не здзіўляе. Аднак раз-пораз гучыць і крытыка: ці не губляецца ў памкненні завабіць гледача ды выклікаць у яго як мага больш эмоцый сама сутнасць музейнай працы?
— Ва ўсім свеце музей сёння ўспрымаюць не толькі як сховішча артэфактаў, але і як камунікатыўную пляцоўку для розных сацыяльных груп, — адказвае Алена Жасткова. — Гэта, вядома, і адукацыйная ўстанова. Адпаведна, наведвальнікі ёй абавязкова патрэбныя. Таму нам важна быць цікавымі для сучаснага гледача, улічваць яго запыты. І ні ў якім разе не адставаць! Лепш за ўсё наогул бегчы ўперадзе і падказваць дарогу (смяецца).
Па словах суразмоўца, разнастайнае музейнае «меню» дазваляе прывабіць тую аўдыторыю, якая раней пра ўстанову ў лепшым выпадку «нешта чула». А калі ў музеі чалавеку спадабаецца, ён распавядзе пра скарбніцу знаёмым. І такі стары добры сродак піяру, як перадача цікавінак з вуснаў у вусны, працуе не менш эфектыўна за сучасныя метады — скажам, сацыяльныя сеткі.
— На жаль, дасюль у многіх ёсць стэрэатып: музей — сумнае месца, дзе захоўваюцца мёртвыя экспанаты, а зашпіленыя на ўсе гузікі наглядчыцы пільнуюць, каб ты ціха сябе паводзіў, — дадае Алена Жасткова. — Аднак мы лічым, што музей павінен жыць галасамі наведвальнікаў, іх апладысментамі.
Ілья Свірын, фота Уладзіміра Шлапака