Гурт РСП сёння выдаў новы альбом «Бо кругом свінарнік, а ты прэкрасней усех» — заяву пра час, людзей і каханне, якое працягвае біць у грудзях, нават калі ўсё астатняе разбураецца, піша КЛІК.
Вонкава просты гітарны настрой, але за ім хаваюцца цікавыя меладычныя хады, раптоўны джаз і нават эпічныя ўдарныя. Гучанне альбома максімальна жывое і канцэртнае. Сакрэт РСП — рабіць быццам па-дурному проста, але на самай справе прадумваць кожны радок і ноту. А сваёй шчырасцю яны прымудраюцца не выціскаць са слухачоў/ак слёзы па мінулым, а праводзіць пад ручку скрозь увесь спектр эмоцый да выдатнага жадання адтанчыць усе свае трывогі.
Альбом-хамелеон: калі на пару хвілін забыцца на беларускую мову, можна слухаць гэтую музыку як саўндтрэк да экшэна пра складанасці жыцця і бясконцую пагоню за нармальнасцю. А калі стане занадта загонна, можна зноў услухацца ў словы і расплыцца ва ўсмешцы ад такіх трапятліва ідыёцкіх рыфмаў пра каханне.
Былі асцярогі, што стыль РСП ужо зжыў сябе з цягам часу, але не, весяліцца і апяваць каханне, нават калі тваё сэрца разбіта, — актуальна заўсёды.
Гэтая музыка раскрыецца яшчэ лепш у фармаце канцэртаў. А яны намячаюцца зусім хутка ў многіх гарадах, глядзіце на старонцы гурта. Прыходзьце, бо калі кругом свінарнік, хіба не час стаць прыгожымі?