Песні на тэксты беларускіх паэтаў гучаць з сімфанічным аркестрам у Чэхіі

28-га сакавіка выходзіць новы альбом гурта RAZAM і спявачкі Івы Марэшавай (Iva Marešová) «Na dně mojí duše» («На дне маёй душы»), запісаны разам з сімфанічным аркестрам філармоніі Градэц Краловэ. У гурце грае беларускі баяніст і кампазітар Аляксандр Ясінскі.

RAZAM

Плыта адметная тым, што ў ёй гучаць песні на тэксты беларускіх паэтаў — Уладзіміра Караткевіча, Валярыны Куставай, Алеся Плоткі (вядомага пад псеўданімам Baisan). Знойдзеце там і беларускую народную песню «А ў заенькі». 

Праект Na dně mojí duše яднае world music, джаз і класічную музыку. Гэта глыбокае мастацкае і асабістае выказванне, насычанае сэнсамі, сімваламі і дэталямі. 

Разам з запісам выходзіць і кліп на загалоўную песню Na dně mojí duše (symphonic), які перадае тэмы праўды, унутранага позірку і смеласці сустрэцца сам-насам з сабой. Рэжысёрам кліпа стаў Давід Корцына (David Korcina).


Тэкст песні, якая гучыць па-беларуску, напісаў паэт Алесь Плотка (Baisan). Музыку стварылі Іва Марэшова разам з Аляксандрам Ясінскім і Радкам Долэжалам. Алесь Ясінскі, які таксама з’яўляецца аўтарам аркестровай аранжыроўкі, паходзіць з Баранавічаў і з 2011 году жыве і працуе ў Чэхіі.

Alieś Jasinski

«Калі мы заглядаем на дно сваёй душы і знаходзім у сабе сілы ўбачыць усё так, як ёсць — без упрыгожванняў і без празмернай дэманізыцыі, нам застаецца толькі праўда, — кажа Іва Марэшова, — дно душы — для мяне гэта зыходны пункт, нуль, месца, з якога ўсё нараджаецца і з якога мы можам крочыць у любым кірунку».

Alieś Jasinski

Новы альбом музыкі прэзентуюць 6 красавіка 2025 года а 19:30 у Празе, Divadlo na Vinohradech. Спецыяльнымі гасцямі вечара стануць вядомы чэшскі актор Марэк Ламбора і фантастычны пяініст Ондржэй Кабрна. Спасылка на квіткі.

Алесь Ясінскі прывязе плыту ў Польшчу і ў Літву, дзе выступіць з канцэртамі:

22/4 Przeswit, Варшава 

23/4 Bialystok Music Club, Беласток

25/4 Create Culture Space, Вільнюс 

26/4 Беларускі дом, Вільнюс