У Лепелі ўсталююць скульптуру цмока з цытатай Караткевіча

10.01.2013 У краіне

У верасні ў Лепелі будзе ўсталяваная скульптура Цмока. Пра гэта распавяла мэнэджар праекта ЕС “Вада, прырода і людзі ў знікаючым ландшафце: развіццё ўстойлівага сельскага турызму ў Расіі і Беларусі» Вольга Маханенка.

Чаму б і не? – вырашылі на Лепельшчыне. – Бо гэтая міфічная змеепадобная істота, паводле сцвярджэння вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, жыла менавіта ў Лепельскім возеры. У міфалогіі Вялікага княства Літоўскага Цмок (Цмок, Змей) быў падобны да Змея Гарыныча ў рускіх казках або дракона ў міфалогіі Паўднёва-Усходняй Азіі. У гістарычным рамане Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні (Евангелле ад Іуды)» распавядаецца, як у Сярэднявеччы ў Лепельскім возеры за адну ноч здохла каля 40 цмокаў і падрабязна апісваецца вонкавы выгляд пачвараў: «За адну ноч на водмелях тых яшчураў, тых цмокаў знайшлі сорак, ды палова таго хісталася на фалях, як плаваючыя выспы. Ды другой раніцы знайшлі яшчэ трохі менш паловы таго, што выдахла ў першую ноч.  А яшчэ праз ноч усплыў самы вялікі. Адзін… Выглядам той цмок быў, як звер фока (цюлень), такі самы льсняны, у складках, толькі без поўсці. І шэры, як фока. Але даўжэй за яго куды. Бо даўжыні ў ім было сем з паловай лагожаскіх (лагойскіх) сажняў, а калі пацікавіцца немец, то восем і адна пятая фадэна, а калі, можа, ангелец, то сорак дзевяць футаў і яшчэ дваццаць два дзюймы. Тулава мелі тыя цмокі шырокае і трохі пляскатае, і мелі яны плаўнікі – не такія, як у рыбы, а такія таксама, як у фокі, таўстамясыя, шырокія, але не дужа доўгія. Шыю мелі, па тулаву, дык тонкую і надта доўгую. А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі і на галаву лані.  І, дальбог, смяялася тая галава. Мо проста зубы скаліла, а мо – з нашых бедаў. І зубы былі велічынёй з конскія, але вострыя, і многа іх было на такую галаву аж данельга.  Вочы вялізныя, як сподкі, каламутна-сінія ў зелень, ашклянелыя. І страшна было глядзець у тыя вочы, і мурашкі па спіне, нібы Евінага змія ўбачыў, і непамысна неяк, і нібы ў чымсьці вінаваты…»

Так на самай справе выглядала пачвара ці не – сёння сказаць складана. Разам з тым, калі абапірацца на ўспаміны вандроўнікаў па старажытнай Беларусі, цмокі – гіганцкія рэптыліі, падобныя да кракадзілаў, вадзіліся і ў балотах каля Мінска ды ў многіх іншых запаведных месцах краіны.

Існуюць і іншыя сведчанні пра існаванне змеепадобных пачвараў. Да прыкладу, у Статуце Вялікага княства Літоўскага запісана, што крыўдзіць Цмока ні ў якім разе нельга.

Зрэшты, праект па стварэнні скульптурнай выявы Цмока, які цяпер бурна абмяркоўваецца на Лепельшчыне, накіраваны не на аднаўленне праўдзівага аблічча пачвары, а на стварэнне цікавага і арыгінальнага турыстычнага брэнда. І, калі казаць пра спосабы прыцягнення турыстаў, то Цмок дакладна не горшы, чым, да прыкладу, Лахнэская пачвара.

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што далёка не ўсе жыхары Лепеля і прадстаўнікі духавенства з захапленнем прынялі ідэю аб стварэнні такога турыстычнага брэнда. І цяпер з гэтай нагоды вядуцца актыўныя спрэчкі. Разам з тым, на думку Вольгі Маханенка, вобраз Цмока можа стацца асновай для спецыяльных турыстычных праграмаў, прысвечаных міфалогіі, старадаўнім абрадам і традыцыям, легендам і паданням Лепельшчыны.

Паводле праекту, двухметровая скульптура, пастамент якой будзе ўпрыгожаны цытатай з рамана Уладзіміра Караткевіча, з’явіцца ў гарадскім парку да Дня горада, калі Лепель будзе святкаваць 574-ю гадавіну свайго нараджэння.

Увасобіць у жыццё гэтыя задумкі вядомы скульптар Леў Аганаў, якога ў Лепелі ведаюць па помніку Льву Сапегу.

Вольга Маханенка выказала таксама спадзеў, што пасля скульптуры Цмока на Лепельшчыне можа з’явіцца і помнік Цярэшку, жаніцьбу якога святкуюць у гэтым рэгіёне адвеку.

Паводле tio.by
Фота: lepel.by