Праца мастака Mear One адрадзіла дыскусію аб свабодзе самавыяўлення ў публічнай прасторы.
Лонданскі раённы савет пастанавіў выдаліць працу вядомага каліфарнійскага мастака Mear One са сцяны прыватнага дома ў Іст-Эндзе. На фрэсцы намаляваны банкіры, якія граюць у «Манаполію» на спінах прыгнечанага народа. Вакол завадскія трубы, страйкуюць рабочыя, а над сталом ззяе баксавая піраміда з Усёвідушчым вокам капіталізму і лозунг «Новы сусветны парадак – вораг чалавецтва». Прыгнечаныя – маладыя і смуглявыя, а банкіры – старыя, барадатыя і ў касцюмах.
У адрас уладаў паступіла мноства скаргаў на малюнак, а кіраўнік раённага савета заявіў, што графіці выканана ў «стылістыцы, якая нагадвае прапаганду часоў Трэцяга рэйха» і носіць антысеміцкі характар. Двухсэнсоўнасць сітуацыі яшчэ і ў тым, што працу абараняе ўладальнік дома – Азмел Хусэйн. Сам мастак патлумачыў у інтэрв’ю Daily Mail, што «мясцовыя кансерватыўныя ўлады не любяць такія тэмы, таму яны і разыгрываюць расісцкую гісторыю. “Мае малюнкі не пра габрэяў, яны пра класы і прывілеі. Што рабіць, калі банкіры ў асноўным белыя і габрэі. Але я не антысеміт. Я веру ў роўнасць і братэрства ў глабальным маштабе. Я супраць класавага прыгнёту”.
Гарсавет абавязаў ўладальніка дома ў раёне, населеным сёння ў асноўным мусульманамі, прыбраць выяву, інакш будуць здзейсненыя санкцыі. Гісторыя атрымала шырокі рэзананс, і ў інтэрнэце ўжо гучаць заклікі байкатаваць гарсавет і змагацца за свабоду слова і малюнкаў.
Mear One пачаў сваю кар’еру ў 1986 годзе і з тых часоў атрымаў славу «Сальвадора Далі хіп-хопа».
Паводле lookatme.ru