У Мінскім палацы дзяцей і моладзі адкрылі імітацыю турмы

У Мінскім палацы дзяцей і моладзі адкрылі інтэрактыўную пляцоўку «Бяспечная прастора», дзе ёсць імітацыя турэмнай камеры. У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі і прадстаўнікі МУС (Міністэрства ўнутраных спраў), піша Telegraf.news.

Imitacyja turemnaj kamiery

На сайце Мінгарвыканкама патлумачылі, што такім чынам вырашылі наладзіць «новыя, больш эфектыўныя формы прафілактычнай працы з моладдзю». Таксама запэўнілі, што новая навучальная прастора будзе працаваць штодзень, дзе школьнікі будуць удзельнічаць у трэнінгах.

Новая пляцоўка прызначана для навучання школьнікаў правілам паводзін у інтэрнэце і аповеду аб рызыках, звязаных з наркотыкамі. У якасці нагляднага дапаможніка там зрабілі сімулятар турмы.

Начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама Кірыл Бяркозаў растлумачыў, што такім чынам хочуць наглядна паказаць дзецям наступствы ўдзелу ў кібер- і нарказлачынствах.

У частцы экспазіцыі, дзе зрабілі імітацыю турмы, дзецям расказваюць гісторыі асуджаных 17-гадовых дзяўчынкі і хлопчыка, якім прызначылі «працяглыя тэрміны» за продаж наркотыкаў.

«У фармаце «жывога эфіру» яны расказваюць, як былі ўцягнутыя ў злачынную дзейнасць, страцілі свабоду і ўжо ў месцах пазбаўлення волі пераасэнсавалі сваё жыццё», — растлумачыў задумку Кірыл Бяркозаў.

Таксама школьнікам прапануюць паўдзельнічаць у 3D-імітацыі з VR-акулярамі, дзе ім прапануецца пагадзіцца на ўжыванне наркотыкаў або паспрабаваць сябе ў якасці закладчыка. «Усе сцэнары заканчваюцца аднолькава трагічна», — папярэдзіў прадстаўнік РАУС Мінска.