«Аэрафлоцкія» цукеркі, «Астанкінская» каўбаса і пяльмені «сібірскія»: як ідэі «рускага міру» распаўсюджваюцца на паліцах беларускіх крамаў

У беларускай краме, здавалася б, усё проста і нібыта па-за палітыкай. Вось пакупнік ставіць на стужку каўбасу, сыр, пяльмені, усё што заўгодна. У гастраноме не прынята голасна абмяркоўваюць геапалітыку ці спрачацца пра імперыі. Людзі проста набываюць неабходнае на вячэру і сняданкі. Але варта толькі ўважліва кінуць вокам на этыкеткі, як у прадуктовым кошыку раптам адкрываецца другі пласт рэальнасці, быццам мы не ў Менску, Берасці ці Ашмянах, а недзе на ўскрайку чужой мапы. «Крамлёўская», «Маскоўская», «Астанкінская», «Рускі экстра», «Сібірскія» — і вось ужо ў роднай краіне пачуваешся амаль турыстам.

Самае парадаксальнае, што гэта часцей за ўсё не расейскі імпарт. Такую прадукцыю вырабляюць беларускія заводы і камбінаты з усёй краіны.

Cukierki «Aerafłockija»Цукеркі «Аэрафлоцкія». Вытворца: «Спартак», Гомель

Гэтыя назвы нехта мог бы назваць нявіннай настальгіяй. Але насамрэч дзень за днём яны як бы падказваюць, дзе стаіць «цэнтр», каму належыць «норма» і адкуль трэба браць «правільны густ». Такім чынам чужая імперская гісторыя прасоўваецца ў наш побыт праз звычайныя пакупкі.

Kaŭbasa «Maskoŭskaja HOST»
Каўбаса «Маскоўская ГОСТ». Вытворца: «Слонімскі мясакамбінат», Слонім

Мапа ў галаве

Мы любім супакойваць сябе думкай, што назвы на прадуктах — гэта дробязь. Маўляў, галоўнае, каб было смачнае і не сапсаванае. «Крамлёўская»? Ну дык што, проста слова. «Маскоўская»? Ды хто на гэта глядзіць. «Сібірскія»? Пяльмені як пяльмені.
Але ў гэтым і фокус: назва працуе наймацней менавіта тады, калі мы яе не заўважаем.

Sasiski «Kramloŭskija» Сасіскі «Крамлёўскія». Вытворца: «Брэсцкі мясакамбінат», Брэст

І ўсё ж у краме мы выбіраем не толькі каўбасу ці цукеркі. Мы выбіраем рамку, у якой нам прапануюць думаць пра якасць, традыцыю і сапраўднасць. Бо назва кідае маленькія падказкі глузду, дзе тут аўтарытэт, дзе правільнае, дзе саліднае. І калі чалавеку дзесяцігоддзямі падсоўваюць, што эталоннае — гэта «маскоўскае», а прыстойнае — «крамлёўскае», то ў нейкі момант ён пачне ўспрымаць гэта як штосьці натуральнае, кшталту законаў фізікі, а не як мэтаскіраваную культурную палітыку буйных прадпрыемстваў.

Самы непрыемны вынік тут у тым, што Беларусь у гэтай гісторыі застаецца не аўтарам, а падрадчыкам. Мы вырабляем, але чужыя словы надаюць рэчам статус.

Крэмль на закуску

Цэнтр замежнай, варожай нам сёння ўлады цалкам натуральна ўжо ператвораны ў брэнд. Апроч бясконцых, ужо прыгаданых маскоўска-крамлёўскіх прысмакаў, маем нават медыяласункі — «Астанкіна». Для кагосьці гэта проста слова, але для постсавецкага чалавека яно гучыць як вяртанне ў мінулае.

Kaŭbasa «Astankinskaja Elit»
Каўбаса «Астанкінская Эліт». Вытворца: «Панскі гатунак», Скідзель

«Гаворыць і паказвае...». Гэта галоўнае тэлебачанне, галоўная кнопка на ТБ, цэнтральны голас, адкуль паказваюць вялікую дзяржаву. І пакуль у Беларусі вырабляюць «Астанкінскую» каўбасу, азаронкі з кампаніяй будуць заставацца на лаве запасных пуцінскай прапаганды.

Pialmieni «Sibirskija»
Пяльмені «Сібірскія». Вытворца: «Слонімскі мясакамбінат», Слонім

А калі да Крамля і тэлевежы дадаецца яшчэ і падарожная рамантыка, імперыя робіцца выявай на прыгожай паштоўцы. Сібір, Байкал, Алтай на этыкетках гучаць як заклік да ўмілавання бяскрайняй расейскай прасторай. Спажывец ужо не абураецца, а пачынае ўсміхацца — «о, прыгожа назвалі». І вось ідэалогія ўжо распаўсюджваецца праз эстэтыку.

Cukierki «Aerafłockija»
Цукеркі «Аэрафлоцкія». Вытворца: «Спартак», Гомель

На гэтым фоне асабліва сімвалічна глядзяцца гомельскія цукеркі «Аэрафлоцкія» — настальгічны напамін пра маскоўскую авіякампанію, хоць, дзякуй Богу, у Беларусі даўно ёсць свая. Дык чаму мы працягваем падсоўваць сабе напамін, маўляў, сапраўдны палёт — гэта, вядома, «Аэрафлот», а не «Белавія»?

Бо ўрэшце гаворка не пра цукеркі, сасіскі і сыр. Гаворка пра тое, чые словы мы прызнаём «нармальнымі» ў сябе дома. Імперыя заўсёды пачынаецца там, дзе чалавек перастае заўважаць яе прысутнасць. Калі «Крамлёўская» гучыць натуральней за «Нёманскую», а «Маскоўская» здаецца больш «правільнай», чым «Менская», «Віцебская» ці «Палеская». Пакуль чужыя тапонімы жывуць у нашым побыце як штодзённая дробязь, Беларусь нібыта сама згодная быць не цэнтрам, а дадаткам.

Sierviełat «Kramloŭski» Сервелат «Крамлёўскі». Вытворца: «Беларуская традыцыя, Інка Фуд», Брэст

Каб быць сумленнымі, трэба сказаць, што частка гэтых назваў жыве на рынку не таму, што нейкі дырэктар завода чытае паліттэхналагічныя метадычкі «Як прасоўваць «рускі мір» праз каўбасу». Часам усё прасцей, але лягчэй ад гэтага не становіцца.
У незалежным грамадстве адказ на культурныя выклікі не павінен пачынацца са слова «забараніць». Але ён можа пачынацца са слова «ўсвядоміць».

Павал Хадзінскі, Budzma.org