Ідэя спектакля, яго асаблівае бачанне — у фармаце васьмі навел, кожная з якіх прысвечана таму ці іншаму пачуццю, — належыць кіраўніку Сямейнага інклюзіў-тэатра «i» Ірыне Пушкаровай, якая выступіла ў якасці сцэнарыста і рэжысёра-пастаноўшчыка. У напісанні сцэнара ёй дапамагалі юная акторка і спявачка Злата Залеская і Вера Жыбуль — паэтка і мама аднаго з выхаванцаў тэатра «i» Кастуся Жыбуля. А крыніцай натхнення для стваральнікаў спектакля стала кранальная гісторыя, прыдуманая самім Кастусём у спробе разабрацца ў складаным свеце ўласных эмоцый.
У Мінску пакажуць беларуска-галандскі спектакль паводле гісторыі хлопчыка з аўтызмам
На сцэне Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў у Мінску 2 красавіка ўпершыню пакажуць спектакль «Восем пачуццяў, або Нараджэнне чалавека». Міжнародны тэатральны праект рыхтуецца пры ўдзеле двух незвычайных труп: беларускага Сямейнага інклюзіў-тэатра «i» і галандскага тэатра Kazou пры цэнтры даследавання аўтызму імя Леа Канера. Прэм’ера прымеркавана да Сусветнага дня распаўсюду інфармацыі аб праблеме аўтызму.
Спектакль «Восем пачуццяў, або Нараджэнне чалавека» — не першая пастаноўка, заснаваная на ідэях Кастуся Жыбуля. Ён ужо выступаў аўтарам сцэнарыя для спектакля «Чыгунка», які з поспехам прайшоў па ўсёй Беларусі, у тым ліку ў рамках Першага міжнароднага форуму «Тэатр і аўтызм. Пытанні і адказы». Прэм’еру спектакля «Чыгунка» наведаў мастацкі кіраўнік тэатра з Нідэрландаў Ханс Салемінк. Менавіта тады пачалося супрацоўніцтва двух асаблівых тэатраў: беларускага Сямейнага інклюзіў-тэатра «i» і галандскага Kazou. Натхніўшыся ўбачаным, Ханс далучыўся да працы над новым спектаклем, зрэжысаваўшы некаторыя з васьмі навэл.
«Удзел у гэтай пастаноўцы для дзяцей з аўтызмам мае значны «тэрапеўтычны» эфект: выказваючы тое ці іншае пачуццё на сцэне, юныя акцёры атрымліваюць магчымасць у літаральным сэнсе лепш пазнаёміцца з ім, вучацца лепш разумець уласныя адчуванні і эмоцыі і валодаць імі ў звычайным жыцці. Бо гэта менавіта тое, чаго дзецям у сілу асаблівасцяў светаўспрымання часам не хапае. А тое, што ў аснову спектакля легла спроба хлопчыка з аўтызмам расказаць пра свае пачуцці, будзе цікава і карысна кожнаму, хто хоча пашырыць уласнае ўспрыманне свету і пазбавіцца ад стэрэатыпаў» — адзначае мастацкі кіраўнік Сямейнага інклюзіў-тэатра «i», рэжысёр-пастаноўшчык спектакля «Восем пачуццяў, або Нараджэнне чалавека» Ірына Пушкарова.
Усяго ў спектаклі «Восем пачуццяў, або Нараджэнне чалавека» занята каля 80 акцёраў: як выхаванцаў тэатра «i», так і вядомых у Беларусі прафесійных акцёраў. Прэм’ера спектакля «Восем пачуццяў ці нараджэнне чалавека» адбудзецца дзякуючы падтрымцы генеральнага партнёра Сямейнага інклюзіў-тэатра «i» — кампаніі velcom.
«Вось ужо чацвёрты сезон velcom разам са стваральнікамі Сямейнага інклюзіў-тэатра «i» шукае і адкрывае новыя спосабы весці з грамадствам дыялог аб праблеме аўтызму. У выпадку са спектаклем «Восем пачуццяў, або Нараджэнне чалавека» гэты дыялог выходзіць на міжнародны ўзровень: над пастаноўкай працавалі рэжысёры і артысты з дзвюх розных краін. Адлегласць паміж імі не стала перашкодай у тым, каб па-сапраўднаму зразумець адзін аднаго і быць зразумелымі гледачом. Поспехі тэатра і яго выхаванцаў — лепшы доказ таго, што ідэя стварэння інклюзіўнага грамадства сапраўды працуе і прыносіць плён», — адзначыў Мікалай Брэдзелеў, начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom.
«Восем пачуццяў ці нараджэнне чалавека» — яркі, пластычны спектакль, незвычайны як па змесце, так і па форме. Дзеянне, што адбываецца на сцэне, дапаўняецца візуальным шэрагам на экране, такім чынам збліжаючы тэатральнае і кінамастацтва.
Галоўныя «персанажы» спектакля — супярэчлівыя пачуцці, якія ў тыя ці іншыя моманты жыцця ахопліваюць кожнага чалавека: злосць, сум, цікавасць, крыўда, страх, радасць, задавальненне, віна. Спектакль апускае гледача ў поўны невядомага і незразумелага, а таму трывожны свет дзяцей, што становяцца дарослымі; праводзіць праз пошук сябе і свайго месца ў гэтай вялізнай, зменлівай прасторы. Як зразумець сябе і іншага? Як захаваць у сабе Цуд? На гэтыя пытанні шукаюць адказы аўтары і героі новай пастаноўкі тэатра.